Атрымліваецца нешта накшталт бочкі. Да яе прыраблялі дно й страху. Асаблівую ўвагу надавалі страсе. Яе рабілі шматслойнай, як торт. Выкарыстоўвалі берасту, шыфэр, дошкі. Рабіўся ляток і адмысловая адтуліна, якую таксама называлі «борць», празь яе даглядалі пчолаў і ўвосень забіралі ўраджай.
— Як борці ўсьцягвалі на дрэвы?
— Борці былі вялікія й вельмi цяжкія. Некаторыя маглі важыць ажно тону. Бортнікі каапэраваліся, і некалькі чалавек падымалі борці з дапамогай адмысловай прылады ў выглядзе кола, якое мацавалася на вершаліне дрэва, празь яго перакідалася вяроўка — выходзіла гэткая лябёдка. Зьнізу яе падымалі некалькі бортнікаў, а зьверху яшчэ адзін скіроўваў борць на месца.
— Сёньня бортніцтвам займаюцца людзі ў вольны ад хатняй гаспадаркі час і толькі двойчы на год аб’яжджаюць борці. Ці ня трэба пільнаваць борці ад людзей ды зьвяроў? Мы ж ведаем з казак, што той жа мядзьведзь любіць паласавацца мёдам.
— Мне было вельмі цікава даведацца пра колішнюю прыладу, што абараняла борці ад мядзьведзяў. Рабілася яна з драўлянай калоды, якую падвешвалі на вяроўцы пад борцяй. Атрымлівалася нешта накшталт ківача. Мядзьведзь, калі залазіў на дрэва, дык упіраўся галавою ў гэтую калоду й пачынаў адмахвацца лапаю. Чым мацнейшыя былі ўдары мядзьведзя, тым хутчэй гойдалася бервяно. Раззлаваны касалапы, захапіўшыся змаганьнем, звычайна звальваўся з дрэва, так і не паспытаўшы мёду. Сёньня ўжо ў Аздамічах немагчыма пабачыць гэтага прыстасаваньня, бо апошняга мядзьведзя застрэлілі ў 1943 годзе партызаны. Так казалі мне вяскоўцы. І, як яны гавораць, страшны сёньня для борцяў і пчолаў ужо ня зьвер, а чалавек.
Бывала, што птушка праб’е жаўно ды зьесьць мёд, куніца выгрызала. Багата такіх выпадкаў было. А вось, каб людзі, — не. Цяпер залазяць. Чалавек — самы небясьпечны. Забірае ўсё, матку зьнішчае, а тады й рой прападае.
— Як сучасныя бортнікі зь вёскі Аздамічы ставяцца да мёду? Проста як да ласунку, ці мёд значыць для іх нешта большае?
— Быў час, калі цукру не было й мёд быў адзіным ласункам. Нават ёсьць такая прымаўка ў іх: «Ты што, хацеў есьці мёд лыжкамі? Мёд трэба есьці капелькамі. Гэта ж лекі». Яны згадваюць расповеды сваіх дзядоў:
Зь вясельля прыйдуць і кажуць: вось багатае вясел ле было — у іх на сталах мёд стаяў у талерках. А таго мёду было — раз-два памакнуў і ўсё. Але калі быў мёд, дык тады лічылася багатым вясельле. Толькі заможныя людзі маглі мёдам частаваць.
Існавала й такая традыцыя. Калі бортнікі абыходзілі свае борці й дарогай сустракалі якога мінака, дык яны абавязаныя былі яго пачаставаць. Інакш у іх ня будзе мёду налета. Цікава пра гэта распавядае спадар Хведар зь вёскі Аздамічы:
Мы былі хлапчукамі, і таго мёду так хацелася... А бывалі гаспадары, што ніколі не давалі мёду. Дык мама нас вучыла: калі дзядзька ня даў мёду, дык трэба ўзяць шапку, вывернуць яе й пацерці: гэта значыць, пчолы ня сядуць.
— А ці праўда, што борці ставілі ня толькі на дрэвах у лясах, але й ля могілак?
— Так, бо лічылі, што з дапамогай душаў памерлых пчаліная сям’я прынясе больш мёду. Дый па сёньняшні дзень шмат дзе стаяць борці ля могілак. У кнізе вядомага этнографа й мастака Міхася Раманюка «Беларускія народныя крыжы» ёсьць такія здымкі.
— Чаму жыхары Аздамічаў здабываюць мёд гэткім працаёмкім спосабам, а не па-сучаснаму — паставіўшы вульлі на падворку?
— У палешукоў старыя традыцыі — яны, як нідзе больш, захоўваюцца ажно да сёньняшняга дня. Яны ня толькі бортніцтвам займаюцца, а й іншымі традыцыйнымі спосабамі зарабляюць грошы. Гэта нешта сакральнае.
— Вы, натуральна, пакаштавалі гэты мёд. Мёд дзікіх пчолаў, мёд з борцяў адрозьніваецца смакам ад мёду хатніх пчолаў?
— Адназначна, што такі мёд смакам не падобны да мёду з вульляў. Гэтых пчолаў, у адрозьненьне ад вульлёвых, не падкормліваюць увогуле, не кладуць ім вашчыну. Усё, што там ёсьць — воск, праполіс, мёд — натуральнае, прынесенае з палёў, лясоў.
— Дык чым тады прывабліваюць пчолаў, каб яны заляцелі ў борць?
— Разьвешваюць увесну адмысловыя паскі, пафарбаваныя ў вельмі яркія колеры. І пчолы ляцяць, як на прыгожую кветку. Або на дно борцяў кладуць кветкі багуну ці іншыя пахкія кветкі. І на гэты водар пчолы ляцяць.
— Дзікія пчолы зьлейшыя за хатніх? Як засьцерагаюцца палескія бортнікі ад укусаў пчолаў?
— Пчолы ўсе аднолькава злыя. Але мясцовыя бортнікі, што мяне ўразіла, ніяк не засьцерагаюцца ад іх. Яны проста на галаву нацягваюць шапку, падымаюць каўнер вышэй і лезуць да гэтых борцяў. Пчолы іх, натуральна, кусаюць. Але гэтыя людзі ўжо так прызвычаіліся да ўкусаў, што яны ім як звычайныя камарыныя.
Читать дальше