Спалучэньне белага й чырвонага фартухоў, хоць і на граблях, фактычна паўтарае функцыянаваньне й сэмантыку бела-чырвона-белага сьцяга зь ягоным асноўным значэньнем сымбалічнай дэманстрацыі радаводных ідэяў.
— Нагавіцы калісьці былі выключна мужчынскім адзеньнем. Як гэта паўплывала на іхны сымбалічны сэнс?
— Сапраўды, нагавіцы выступалі як асноўны полавызначальны элемэнт адзеньня й сымбалізавалі самога мужчыну. У варожбах іх падкладалі пад галаву. У любоўнай магіі на Яна абцягвалі вакол вёскі, каб хлопцы не хадзілі да чужых дзяўчат. Таксама ў зубах абносілі вакол хаты й задумвалі імя хлопца. Калі муж паміраў, жонцы, каб не тужыла, раілі надзець ягоныя нагавіцы й імітаваць ягоную зьяўленасьць. Яшчэ адзін сымбалічны сэнс мелі штаны: яны ўвасаблялі абарончую моц, скіраваную на супраціў усім магчымым праявам іншасьвету (штанамі выціралі ад сурокаў ці выганялі чужога хлеўніка).
— У фальклёры, асабліва казках, папулярны матыў пераапрананьня. Як у ім адбіўся архаічны сьветагляд?
— Адзеньне — матэрыяльны фатаздымак чалавека, у ім — ягоная сацыяльная, узроставая й іншыя характарыстыкі. Таму пераапрануць чалавека ў слоўніку казкі — гэта значыць зьмяніць ягоны статус і тым самым перавярнуць ці нават пераўтварыць яго. Такога чалавека ніхто не пазнае, больш дакладна, яго прымаюць за іншага. Аднак і ён становіцца іншым. Лічылася, што калі апранеш нават мітычнага пэрсанажа, прыкладам, ваўкалака, дык ён можа вярнуцца нават да чалавечага жыцьця:
Ішоў адзін мужык сабе лесам, бачыць: ляжыць воўк, дрыжыць, але ня вые, ня кідаецца, а ўсё калоціцца. Пашкадаваў яго чалавек, скінуў зь сябе сьвітку ды прыкрыў таго ваўка. Як упала на яго сьвітка чалавечая, дык ён і сам зноў стаў чалавекам.
— У казках шмат матываў, зьвязаных з адзеньнем. Прыкладам, гісторыя пра шапку-нявідку. Якія яна шыфруе старадаўнія ўяўленьні?
— З дапамогай шапкі-нявідкі казачны герой мог бесьперашкодна пераадольваць час ці прастору, зьнікаць у адным месцы й зьяўляцца ў іншым. У традыцыйнай жа культуры імгненныя прасторавыя перамяшчэньні разглядаліся як сьмерць у адным месцы і ўваскрасеньне ў іншым. Таму нябачнасьць героя ўспрымалася як ягоная часовая міні-сьмерць, патрэбная для далейшага ажываньня-пераўтварэньня. Разумеючы сувязь шапкі-нявідкі са сьмерцю й тагасьветамі, беларусы верылі, што здабыць яе можна, толькі адабраўшы ў чорта:
Шукаюць струк такога гароху, у якім дзевяць зярнятаў, той гарох сеюць на полі, дзе не чуваць, як пяюць пеўні. Як вырасьце, вырываюць сем каліваў і моўчкі нясуць іх тою парой, як жывёла ідзе з поля. Жывёла пацягнецца да яго, каб зьесьці. Тут нада прыглядацца, дзе на валу ці на карове едзе якісь немчык у шапачцы. Трэба тую шапачку схапіць, бо яна й ёсьць нявідка.
— Сучасная эстэтыка сьцьвярджае, што праўдзівым чалавек становіцца тады, калі скідае зь сябе вопраткі, а значыць, умоўнасьці цывілізацыі. А ў традыцыйных поглядах беларусаў, хто ён — чалавек, які скідвае зь сябе адзеньне? Можа, становіцца зноўку часткаю прыроды, губляючы свой культурны статус?
— Найперш рытуальнае распрананьне вылучаецца ў абрадзе хрышчэньня. Голы чалавек, як і Ісус Хрыстос, скідае зь сябе старое адзеньне граху, якое «надзеў» пасьля падзеньня Адам. Гэта й сымбалізуе вяртаньне да першаснай чысьціні й бязьвіннасьці — словам, вяртаньне ў тагасьветную прастору. Разам з тым катэгорыя «голае» выводзіць чалавека па-за межы культуры, далучае да катэгорыяў «чужога» й «неасвоенага». Голы чалавек адкрываўся для кантактаў зь іншасьветам. Таму менавіта распранутымі варажылі, чаравалі, лекавалі ды шукалі сустрэчы з чарцямі. Адпаведна, у адзеньні чалавек шукаў нібы абароны ад непажаданых уплываў, холаду ды варожых паглядаў. Дый сёньня, хоць ідэі моды, прэстыжу амаль цалкам выцесьнілі традыцыйныя сэнсы адзеньня, але яно для чалавека працягвае заставацца другім маленькім домам ды становіцца Космасам, што супрацьстаіць хаосу навакольнага сьвету.
Размова з Тацянай Валодзінай
Перамяшчэньне й рух — асноўныя прыкметы жыцьця, асноўныя якасьці і ў філязофскім, гістарычным, сэміятычным сэнсах, і ў цалкам будзённым разуменьні. Кожнае перамяшчэньне мяркуе наяўнасьць шляху, дарогі, што маюць пачатак і канец, але могуць і зьлівацца ў бясконцы рух. Дарога можа набліжаць і аддаляць, аб’ядноўваць і разьядноўваць — у любым выпадку, яна выступае арганізатарам як прасторы, гэтак і часу. І тады мы кажам: наш, мой жыцьцёвы шлях. А народная мудрасьць, нібыта паводле аналёгіі з Шэксьпіравым «Усё жыцьцё — гульня», цьвердзіць: «Усё жыцьцё — дарога». А яшчэ да гэтага беларусы дадаюць: «Прасі Бога» і ўдакладняюць: «На сьвеце як у карэце: едзеш і калышасься, пакуль ня вывернесься». Жыцьцё ўяўляецца доўгай дарогай, а чалавек — падарожным. Натуральна, што ў кожнага свой лёс, свой жыцьцёвы шлях. Але распачынаецца ён для ўсіх прыблізна аднолькава — прыходам.
Читать дальше