— У наш час палеская вёска Аздамічы — адна зь нямногіх выспаў, дзе яшчэ неяк захоўваецца старадаўні беларускі промысел — бортніцтва. Дарэчы, і тлумачальны слоўнік беларускае мовы пазначае слова «бортніцтва» як састарэлае. Ці шмат людзей займаюцца бортніцтвам у той вёсцы? Ці перадаюць яны традыцыі й свае калоды наступнаму пакаленьню?
— На сёньняшні дзень у вёсцы засталося, можа, пяць чалавек, якія займаюцца бортніцтвам. У асноўным гэта старыя дзяды й яшчэ два-тры чалавекі з маладзейшых, якія атрымліваюць у спадчыну гэтыя борці ды выяжджаюць іх глядзець. Традыцыя перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне, таму яна яшчэ й захоўваецца. Але ў маіх вушах гучаць словы дзеда Навума: «Рана ці позна з гэтым трэба разьвітвацца, а далей і з гэтым сьветам».
Размова з Алесем Белым
Беларускі фальклёр вельмі багаты на згадкі пра бабра. Бабру людзі надавалі самыя фантастычныя й неверагодныя рысы:
Ляцеў бабёр цераз двор,
На ём сукенак дзевяць пар,
На ём шапачка баброва,
Загарэлася дуброва!..
Зрэшты, бабёр і для іншых народаў ёсьць жывёлінай і знакавай, і эканамічна карыснай. Так, у XVII—XIX стагодзьдзях эканоміка Канады ледзь ня цалкам была пабудаваная на бабровым промысьле. Яшчэ ў 1685 годзе ў Аўгсбургу выдалі кнігу нямецкага лекара Ёгана Марыюса «Castorologia» — гэта навука пра баброў. Гэтак сама — «Castorologia» — называлася й ангельскамоўная кніжка Мартына Горэса канца ХІХ стагодзьдзя. Так што некалі бабёр карміў ня толькі паляўнічых, але й навукоўцаў таксама. Дый ва ўсходніх славянаў у той час, калі толькі нараджаліся прыватная ўласнасьць і дзяржава, прадукты баброўнiцтва — бабровыя футры й бабровы струмень — былі ці не найпершымі экспартнымі таварамі. Празь іх жыхары іншых частак Эўропы атрымлівалі ўяўленьне й пра продкаў сучасных беларусаў.
— А самі старажытныя беларусы ці цанілі гэтую жывёліну?
— Калі мы паспрабуем уявіць сябе на месцы нашых продкаў, прыкладам, XVI стагодзьдзя, дык у іхным жыцьці бабёр увесь час быў — калі не прадуктамі баброўніцтва (бо мала хто мог сабе дазволіць бабровыя шапку ці каўнер), дык шматлікімі легендамі ды паданьнямі, часам анэкдатычнага зьместу. Па-першае, людзей здаўна дзівілі будаўнічыя здольнасьці баброў. Іх, дарэчы, надзвычай перабольшвалі, ствараючы абсалютна фантастычнае ўяўленьне пра лад жыцьця гэтых зьвяроў. Па-другое, апроч футра, бабёр даваў гэтак званы бабровы струмень — рэчыва з рэзкім мускусным пахам, якому прыпісвалі нават магічныя ўласьцівасьці. У нашых шыротах немагчыма было дастаць парашок з рогу насарога ці якое муміё. Вось струмень і выконваў тую ж ролю. Прынамсі дзьве з паловай тысячы гадоў струмень быў для чалавецтва панацэяй ад усіх магчымых хваробаў: болю ў вушах і галаве, ікаўкі, колікаў у страўніку, глухаты, падагры, абмаражэньня, нават гістэрыкі. Ужывалі яго й як проціядзьдзе ад укусу скарпіёнаў і тарантулаў, і як сродак ад блохаў. Адны лекары лячылі ім бессань, іншыя, наадварот — санлівасьць. Толькі ў канцы XIX стагодзьдзя эўрапейскія мэдыцына й фармакалёгія паставілі кропку на іррацыянальнай веры ў моц бабровага струменю. І вельмі своечасова, бо менавіта попыт на струмень падвёў баброў як біялягічны від да мяжы выжываньня.
— Дык што гэта за струмень, пра які сёньня ніхто ня ведае?
— Людзі сярэднявечча, пэўна, расчараваліся б, даведаўшыся, што струмень — усяго толькі крышталізаваная й фэрмэнтаваная... мача! Памылкова лічылі, што струмень утрымліваецца ў машонцы бабра, хаця ён адкладаецца і ў самак. Па ўсёй Эўропе, пачынаючы ад рымскага вучонага І стагодзьдзя Плініюса Старэйшага, верылі, што калі бабёр ня можа інакш уратавацца ад паляўнічага, ён адгрызае сабе гэтак званыя «строі» ды пакідае іх чалавеку, каб захаваць жыцьцё й свабоду. У Рэчы Паспалітай была такая прымаўка: «Адкупіцца, як бабёр строямі». Гэта пра чалавека, які ўхіліўся ад нейкіх непрыемнасьцяў занадта вялікім коштам. Верылі таксама (і, дарэчы, дагэтуль вераць), што зьнянацку засьпеты бабёр, убачыўшы немагчымасьць паратунку, плача сьлязьмі, як чалавек.
— А што яшчэ, апроч футра й «строяў», цікавіла паляўнічых?
— Хвост. Пакрыты лускай, бабровы хвост нагадваў рыбу, таму сярэднявечнае каталіцкае духавенства абвясьціла яго ежай, прыдатнай для поснага ўжытку. Ня толькі ў нас, але й па ўсёй Эўропе ў Вялікі пост ксяндзы ласаваліся бабровым хвастом, які, дарэчы, праваслаўнае духавенства лічыла ежай нячыстай. Увогуле, ва ўсім сьвеце пра бабровы хвост хадзіла мноства легендаў. Прыкладам, што бабёр сьпіць на беразе з хвастом, апушчаным у ваду, каб пачуць набліжэньне лодкі з паляўнічымі. Яшчэ казалі, што ён карыстаецца хвастом як шуфлікам пры будаўніцтве хатак і грэбляў. Альбо заганяе хвастом палі ў зямлю. Карацей, слановы хобат нейкі, а ня хвост. Гэтым мітам кінулі верыць менш як сто гадоў таму.
Читать дальше