— Табаку імпартавалі ці завозілі кантрабандай?
— У адрозьненьне ад Расеі, у Беларусь табаку прывозілі зусім легальна. І ўжо ў ХVІІІ—ХІХ стагодзьдзях на поўдні Беларусі яе сталі вырошчваць. Але ўсё ХVІІ стагодзьдзе беларусы былі самымі зламыснымі кантрабандыстамі ў дастаўцы тытуню ў суседнюю Расею, бо на той час цар Аляксей Міхайлавіч забараняў паліць тытунь. І жорстка каралі тых, хто парушаў гэтую забарону — білі бізуном, адсякалі рукі. Існавалі таксама самыя розныя спосабы перавозу люлек і тытуню ў Расею. Прыкладам, іх старанна зашывалі ў конскія хамуты, і тавар пасьпяхова трапляў да свайго месца прызначэньня.
— А як ставіліся да паленьня ў Рэчы Паспалітай, у складзе якой тады былі беларускія землі — і дзяржава, і грамадзтва?
— Спачатку грамадзтва ставілася хутчэй адмоўна. Лічылася, што гэта непрыгожа, што гэта д’ябальскі занятак, але ў ХVІІ стагодзьдзі, падчас жахлівых войнаў, паленьне становіцца звычайным — і нават папулярным ва ўсіх сацыяльных групах. І ўжо ў ХVІІІ стагодзьдзі супраць паленьня не выступаюць нават ні царква, ні касьцёл. І гэткая тэндэнцыя ва ўсёй Усходняй Эўропе. А ў Расеі Пётар І загадам уводзіць паленьне як абавязковае для любога расейскага двараніна, гэтаксама, як і піць каву, напрыклад. Менавіта Пётар І у Расею завёз галяндзкія люлькі. І сам ён навучыўся паліць у Эўропе.
— Але хіба людзі не разумелі, не адчувалі, што паленьне тытуню выклікае шэраг хваробаў?
— Сапраўды, людзі гэта ня вельмі адчувалі, бо, па-першае, ня так часта палілі — тытунь быў вельмі дарагі й паліць штодня не было звычкі. Па-другое, ужо ў ХVІІІ стагодзьдзі па ўсёй Эўропе была мода яго не паліць, а нюхаць. Тады ў Беларусь і трапляюць табакеркі. Зрэшты, разам зь нямецкім словам «табак», альбо «табака». Пані, напрыклад, не палілі люлек, а нюхалі табаку й з асалодаю чхалі. Гэта лічылася й своеасаблівым лекам прастуды. Тытунь часам нават жавалі. Быў адмысловы гатунак, яго можна было як жуйку жаваць.
— Ці памянялася стаўленьне да паленьня пасьля акупацыі беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй?
— Ужо празь дзесяць-пятнаццаць гадоў пасьля таго, як Пётар І сваім загадам дазволіў тытунь, былі закладзеныя першыя плянтацыі яго на поўдні Расеі, і вельмі хутка тытунь стаў расейскім. Калі Беларусь трапіла ў Расею, дык сталі паліць расейскі тытунь. Неўзабаве й на беларускім Палесьсі яго пачалі садзіць, і садзілі яго там амаль да нашых дзён. Асабліва шырока вырошчвалі тытунь у часе войнаў, калі не было магчымасьці купіць яго за мяжой. Апошні раз тытунь вырошчвалі для партызанаў — махорку. Адмыслова сяляне круцілі й прадавалі гэтак званыя «казіныя ножкі» з газэты.
— А калі зьнікаюць люлькі й становяцца папулярнымі папяросы й цыгарэты?
— Па-першае, люлькі ня зьніклі й да сёньня. Іншая рэч, што люлька зноў выконвае першапачатковую функцыю, калі яе палілі багатыя людзі — магнаты й шляхта. Вось і цяпер люлькі каштуюць дорага, і імі карыстаюцца людзі творчых прафэсіяў ды знаўцы смаку дарагіх гатункаў табакі. Ну, і вядома ж, яны неад’емная частка вобразу марскіх капітанаў. Паліць люльку меней шкодна, чым папяросы ды цыгарэты. Яшчэ ў ХVІІІ стагодзьдзі прыдумалі муштукі з бурштыну, і ў Беларусі іх нават выраблялі. Кажуць, што бурштын нібыта затрымлівае канцэрагены. Мы часта знаходзілі бурштынавыя муштукі падчас раскопак. Яны найболей характэрныя для ХІХ стагодзьдзя, калі людзі пачалі разумець, што паленьне тытуню шкодзіць здароўю. Усьлед за муштуком з бурштыну зьяўляецца фільтар для папяросы, а затым — цыгарэты зь фільтрам. І гэта ўжо пачатак ХХ стагодзьдзя. Але ў СССР эканомілі на здароўі людзей, таму й зьявіліся такія асабліва моцныя й асабліва шкодныя для здароўя папяросы «Беламорканал» і цыгарэты «Памір».
— Дык як паўплываў тытунь на культуру беларускай нацыі?
— Па-першае, ён аказаў значны ўплыў на дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Так, у Наваградку я знайшоў унікальную люльку, якая ўяўляе сабою прыгожую манашку, што нясе на плячах цэлы кораб. Люлькі мелі розны выгляд — чалавечых галоваў, абутку, расьлінаў. Гэта ўнікальныя творы дэкаратыўна-прыкладнога маствацтва. Па-другое, ужываньне тытуню ў ХVІІІ—ХІХ стагодзьдзях дадавала беларусам эўрапейскага іміджу. Мы й заганы запазычылі ад Эўропы раней за суседзяў. Напрыклад, і гульня ў карты, як і тытунь, становіцца папулярнай у Беларусі ў ХVІ стагодзьдзі. Гэта таксама сьведчаньні, што Беларусь аж да канца ХVІІІ стагодзьдзя належала да заходнеэўрапейскай культурнай прасторы. Мы бралі з Эўропы ня толькі каштоўнае, але й адмоўнае.
Читать дальше