— У якія пэрыяды — стваральныя ці крызісныя— найбольш вырабляюць падробак?
— Відаць, у стваральныя, а ня крызісныя. Прыкладам, 30-я гады XVІІІ стагодзьдзя. Радзівіл засноўвае свой парцалянавы цэх у Сьвержані. І майстар, і абсталяваньне былі эўрапейскія, тут стваралі арыгінальныя экзэмпляры посуду. І ў гэты час адбываецца росквіт уласнай маёлікі й расьпісной керамікі, якая імітуе маёліку, а маёліка мае за арыгінал фаянс.
— Ці былі падробкі, якія ва ўяўленьні грамадзтва або дзяржавы станавіліся небясьпечнымі, зь якімі змагаліся?
— Дзяржава баялася найбольш падробак, зьвязаных з грашовай сыстэмай. У Статуце ВКЛ 1588 году зьяўляецца артыкул, які папярэджвае гэтак званых клепачоў, якія хацелі або імкнуліся зарабіць грошы на такіх падробках:
Тыя ж, хто б манэту нашу падрабляў, пераплаўляў і абразаў, а таксама майстры манэтнай справы нашай, што золата, срэбра ды іншыя матэрыялы, якія належаць і прызначаюцца грашовай справе, падраблялі б, зьлівалі, зьмешвалі для сваёй карысьці й дзеля шкоды дзяржавы, і тое было б на іх даказана, тыя павінны быць пакараныя сьмерцю без шкадаваньня. Таксама й ювэліры, якія золата й срэбра падрабляюць і зьмешваюць медзь, цынк ці волава й гэта было б даказана, тады яны павінны быць пакараныя сьмерцю агнём, а зь іхнай маёмасьці таму, каму прычынілі шкоду, павінна быць выплачана. — А ювэліры, залатары? Як ставілася грамадзтва да іхных падробак?
— Залатары, ювэліры стаялі на другім месцы паводле шкоднасьці для дзяржавы пасьля тых, хто падрабляў манэты. І таму ў дакумэнтах усьлед за клепачамі згадваюцца менавіта залатары, якія імкнуліся выдаць пазалочаную рэч за залатую. Ёсьць сьведчаньне, як два залатары-магілёўцы адзін на аднаго даносяць за тое, што адзін зь іх выдаў лятунную пазалочаную рэч за залатую. Самі залатары былі зацікаўленыя, каб не было падробак. Цэхавыя статуты пільна сачылі за якасьцю сваёй прадукцыі й за тым, каб яна не падраблялася. Гэтаму ж майстры вучылі сваіх вучняў.
— А ці не займалася сама дзяржава падробкамі?
— Дзяржава была самай бессаромнай падробніцай — і найперш грошай. У сярэдзіне XVІІ стагодзьдзя пачалі выпускаць шэлегі. Яшчэ ў літаратуры іх часам называлі «барацінкамі», якія паводле рэальнага кошту мелі 15 адсоткаў ад намінальнага. Людзі мусілі прымаць тыя грошы за сапраўдныя, і нагэтулькі яны былі абясцэненыя, што нават ужо іхныя падробкі былі лепшай якасьці за афіцыйныя. Як вынік, рынак або браў і адно, і другое, або ня браў ані дзяржаўных, ані падробленых клепачамі. Яшчэ адзін выпадак, ужо з часу Расейскай імпэрыі. З 1839 па 1848 гады дзяржава выпускала медную манэту, на якой было напісана: «1/4 капейкі срэбрам», «3 капейкі срэбрам». Але нават дзіця бачыла, што гэта звычайная медзь. Такая хлусьня тлумачыцца спробай дзяржавы выйсьці зь фінансавага крызісу. У існасьці, вырабляліся грошы, якія нічым не былі падмацаваныя. І фінансавая катастрофа толькі адкладалася ў часе.
— Каб нешта падрабіць, трэба бачыць, як яно вырабляецца. Ці можна казаць, што і ў вельмі даўні час існаваў шпіянаж у галіне тэхналёгіяў?
— Хутчэй за ўсё, можна. Мы мяркуем пра гэта хаця б са статутаў цэхаў. Першае, чаго яны патрабавалі, гэта каб чалавек трымаў язык на прывязі. У сярэднявеччы можна было набыць на рынку парашок, які даваў паліву для керамікі, але нельга было даведацца пра ягоны склад. Сакрэт належаў майстру. Вельмі важна, каб тое, пра што кажуць у цэху, не выходзіла за парог і не разносілася. Гэтага аднадушна патрабуе цэх. Калі ж хто-небудзь адважыцца гэтае патрабаваньне парушыць і ў яго будзе часацца язык, дык, калі гэта будзе даведзена, ён мусіць будзе заплаціць у цэх паўкаменя воску столькі разоў, колькі разоў ім зроблена парушэньне, без усялякае ласкі.
— Калі параўнаць зь іншымі народамі — беларусы былі большымі ці меншымі падробнікамі?
— Дзяржава імкнулася яшчэ з XІV стагодзьдзя мець менавіта майстроў, якія б рабілі рэчы арыгінальныя. Калі іх не было, тады імкнуліся быць ня горшымі за людзей. Можна сказаць, што беларусы былі даволі хітрыя, прыкладам, у паліванай кераміцы. Яны запазычылі форму, якая была распаўсюджаная менавіта ў Нямеччыне, — гаршкі на трох ножках, але дапасавалі яе да сваіх патэльняў, што адпавядалі гэтай форме. На грунце чужой ідэі зрабілі свой арыгінальны посуд.
— Відавочна, што падробкі, імітацыі моцна паўзьдзейнічалі на разьвіцьцё самабытнай нацыянальнай культуры. А ці паўплывала падробка на хаду гісторыі?
— Напэўна, уплывала. Вось жа Рэч Паспалітая ў XVІІ стагодзьдзі ад падробкі рэчаў перайшла, калі можна так сказаць, на падробку людзей. Усе ведаюць, хто такія Ілжэдзьмітры І і Ілжэдзьмітры ІІ. Так, энцыкляпэдыі даюць нам фразу: «Паходжаньне ня высьветленае». Але, калі пакапацца ў біяграфіі аднаго й другога, дык мы знаходзім іхныя сьляды на Магілёўшчыне — Шклоў, Магілёў. Асобы або аднаго, або другога ўзьнікаюць пры двары Лява Сапегі. Была спроба (праўда, няўдалая) зрабіць і яшчэ аднаго царэвіча, Ілжэдзьмітрыя ІІІ. Гэта Ян Луба, што таксама жыў пры двары Лява Сапегі, якога выхоўваў Апанас Філіповіч. Але тут атрымалася так, як у «Тарасу Бульбу»: «Я цябе парадзіў, я цябе й заб’ю». Калі ўжо Ян Луба «внедрился в Российский двор», Апанас элемэнтарна зрабіў данос на гэтага Яна Лубу, расказаў, што гэта была за асоба й зь якою мэтаю ён туды трапіў.
Читать дальше