— Традыцыйным культурам, у тым ліку й беларускай, уласьцівыя кансэрватыўнасьць кухні й кансэрватыўнае перажываньне смакавых пачуцьцяў. Найважнейшы прынцып традыцыйных культураў — паўтарэньне таго, што стварылі напачатку багі альбо продкі. Яда непасрэдна зьвязаная з маральнымі каштоўнасьцямі. Асабліва выразна гэта відаць у традыцыйнай вясковай культуры. З аднаго боку, вельмі жорстка гадаваць курэй, сьвіней, кароваў дзеля таго, каб пасьля іх зарэзаць і зьесьці. Зь іншага боку, менавіта сялянская грамада выяўляе найбольшую маральнасьць у стаўленьні да гэтай праблемы. Такое стаўленьне больш маральнае, чым забіцьцё жывых істотаў у «канцэнтрацыйных лягерах для жывёлаў» — на птушкафабрыках ці сьвінафэрмах, бо яно масавае, мэханічнае, вытворчае. У сялянскай грамадзе іншае. Бабуля альбо дзядуля любяць сьвінку, любяць кураня. Часта можна ўбачыць на вёсцы сцэнку, калі бабуля паказвае гаспадарку свайму гарадзкому ўнуку й кажа наступнае: «Вось, Сярожа, паглядзі, якая сьвінка ладная, пачухай яе, узімку будзем кілбасы есьці...». І тут няма супярэчнасьці. Яна любіць гэтую жывёліну, усьведамляе ейную ахвярнасьць. У старажытнасьці гэта й называлася «ахвярай». Забіцьцё жывёлы мела найвышэйшы, сакральны сэнс. Найвышэйшы ж сэнс ахвяры — забіцьцё прадмету любові. Зрэшты, і ядзеньне, і сэксуальны акт сымбалічна блізкія. Яны часта азначаюцца аднымі й тымі ж словамі. Нават сучасны чалавек у апагеі каханьня можа сказаць свайму партнэру: «Гэтак цябе люблю, што аж зьеў бы!».
— Вытокі рэлігійных, культурных кодаў харчаваньня — у архаічным сьвеце. Але існуюць і нацыянальныя стэрэатыпы. Так, немцы маюць мянушку каўбасьнікаў, італьянцы — макароньнікаў. Украінцаў зьвязваюць з салам. А беларусаў за савецкім часам называлі бульбашамі. Але ж бульба зьяўляецца ў Беларусі толькі пры канцы ХVIII стагодзьдзя. Што ж адбылося? Чаму беларусаў назвалі бульбашамі?
— Найперш трэба ўсьвядоміць, што не заўсёды беларусы былі беларусамі. У розны час нас называлі рознымі імёнамі — пачынаючы ад легендарных плямёнаў крывічоў, дрыгавічоў, яцьвягаў. Урэшце наш народ быў названы ліцьвінамі. Цікава, што гэтая назва зьвязаная й з кулінарным кодам, як тое, што «ліцьвіны спажывалі шмат бацьвіны». Вядомая калядка, як ліцьвіны прыносяць Езусу бацьвіньне: «Ах, вы глупыя ліцьвіны, ды ня есьць Езус бацьвіньня...». Папулярнымі былі й жарты польскай шляхты зь літоўскай: «Сzy u waszego Radzіvіla bocvіnіe sіefl urodzіlo?». Гэтым самым спрабавалі абразіць мясцовую шляхту, маўляў, найбагацейшы й вельмі ўплывовы магнат ня толькі харчуецца бацьвіньнем, але й вырошчвае яго. Але нічога абразьлівага ў гэтым не было. Беларусы, вядома, не былі вэгетарыянцамі, і ядзеньне мяса было дастаткова пашыранае, але шырока ўжывалі ў ежу й бацьвіньне. А бацьвіньнем называлі ня толькі вяршкі буракоў, але й цыбулю, кроп, пятрушку, лебяду, крапіву, шчаўе. У той час, калі мы былі ліцьвінамі й елі бацьвіньне, мы былі актыўным народам — ініцыятыўным і з пачуцьцём годнасьці, у добрым сэнсе нават агрэсіўным. Гэты народ здольны быў весьці ня толькі абарончыя, але й наступальныя войны. Парадаксальна, але з таго часу, калі тутэйшыя людзі пачалі масава, рэгулярна спажываць бульбу, нацыянальны стэрэатып памяняўся. Да таго, што беларус-бульбаш памяркоўны, талерантны, рахманы, я дадам яшчэ, што ён бязвольны й абыякавы. Такім чынам, зважаючы на кулінарны аспэкт культуры, можна казаць і пра эвалюцыю нацыянальнага характару. Тым болей, што, як лічаць біёлягі, бульба ёсьць нечым накшталт наркотыку, бо мае ў сваім хімічным складзе рэчывы, якія заспакойваюць чалавека, робяць яго памяркоўным, меней агрэсіўным.
— Выглядае так, што пераход на новую ежу супаў у часе са зьменай назвы самой нацыі?
— На мой погляд, і паўплываў. Цывілізацыя зацікаўленая ў зьмене сьвядомасьці этнасаў, нацыяў, народаў. Гэта зьвязана з паноўным рынкам. Вядома, каб смак жуйкі альбо кока-колы падабаўся як мага большай колькасьці людзей па ўсім сьвеце, трэба падагнаць чалавецтва пад унівэрсальнае адчуваньне смакаў. На нашых вачах адбываецца вайна смакаў, дзе адны культуры імкнуцца замясьціць сабою іншыя.
— Сучасны сьвет адкрыты да міжнацыянальных культурных кантактаў, размываюцца й межы нацыянальных кухняў. Шмат беларусаў з задавальненьнем ядуць і жабы па-француску, і кенгуру па-аўстралійску... Прызвычайваецца сучасны чалавек і да сынтэтычных смакаў. Якія культурныя наступствы мае ці можа мець гэты працэс?
— Як з майго погляду, чалавека з традыцыяналісцкімі перакананьнямі, гэта вядзе да жахлівай прышласьці, калі чалавецтва будзе адзінай масай з аднастайнымі пачуцьцямі, эмоцыямі й, натуральна, іхнай рэалізацыяй у культуры й рэлігіі. Захаваньне ўласнай кухні, уласных кулінарных традыцыяў, стэрэатыпаў смаку зьяўляецца для кожнага этнасу, для кожнай нацыі формай захаваньня сваёй ідэнтычнасьці.
Читать дальше