Размова з Алесем Белым
Славуты Караль Радзівіл Пане Каханку вельмі любіў выхваляцца самім жа прыдуманым раманам, які ён нібыта аднойчы меў з сырэнай на Адрыятычным моры, і ў выніку якога быццам бы нарадзіліся 100 тысяч селядцоў. А вось анэкдатычны, але абсалютна праўдзівы выпадак з 1820 году, пра які потым яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў памятала ўся Менская губэрня. В. Дунін-Марцінкевіч апісвае яго ў паэме «Вечарніцы». Лянівы й дурнаваты селянін Зьміцер з Лошыцы, маёнтку графа Прушынскага, прадаўшы ў Менску на рынку цялушку й атрымаўшы за яе пяцірублёвую асыгнацыю, гэтак званую сіненькую, купіў у дарогу за шэлег селядца, і не знайшоў нічога лепшага, як пакласьці яго ў тую самую кішэню, дзе ляжала сіненькая. Дарогай дадому ў Лошыцу Зьміцер завітаў у карчму ў Серабранцы й надумаў падсілкавацца селядцом, ну й, вядома, абмыць удалы гешэфт зь цялушкай:
Зьміцер за цялушку як сіню ўзяў,
Рад з торгу, у кішэню зараз улажыў,
Пасьля селядца як за шэлег купіў,
Здуру, гдзе бумажка, туды ж яго ўклаў.
Сіня да мокрага селядца прыстала,
Дый між зубоў Змітра разам зь ім папала,
А баш як квацеркай мазгі задурэў,
Не глядзя, зь селядцом бумажку ён зьеў.
Скора зьвінуўся! Галоўка, хвасток
Ад селядца, баш, толькі асталіся;
Вочы працёр, рэштку павярнуў рабром
Ад страху воласы дыбам падняліся!
Баш, ля галоўкі бумажкі кусочак
Прыліп, маўляў, дубовы лісточак.
Галавой аб сьцену б’ець,
Воласы на сабе рвець,
Рукі ломіць ды галосіць,
Рэштку сіненькай к карчмару падносіць:
«Мой жа ты бацечка! Мой ты селязенька!
Да дай жа ж раду, што мне тут рабіць?
Хоць ідзі тапіся — нельга далей жыць».
Суцешыць бедака можа хіба тое, што ён трапіў у літаратуру. Трапіў туды й селядзец. Здаецца, таксама не выпадкова.
— Хто яшчэ з творцаў у Беларусі апісваў селядца?
— Як на мой погляд, найлепей увечніў нашага селядца выбітны мастак Марк Шагал, сын беднага разносчыка селядцоў зь Віцебску. Селядцы літаральна рассыпаныя па ягоных творах. З аднаго боку, яны служаць напамінам пра мізэрнае правінцыйнае дзяцінства, але вельмі часта ў Шагала яны ж сымбалізуюць няўмольны час, які высьлізгвае з рук, як селядзец:
Мой дзед не знайшоў нічога лепшага, як з самога дзяцінства ўладкаваць свайго старэйшага сына рассыльным да гандляра селядцамі... Канечне, у рассыльных бацька не застаўся, але за трыццаць два гады не пайшоў далей за рабочага. Ён перацягваў аграмадныя бочкі, і маё сэрца трэскалася пры відзе таго, як ён варушыць гэты цяжар ці дастае селядцы з расолу адубелымі рукамі. А тлусты гаспадар стаіць побач як пудзіла. Вопратка бацькі была вечна запырскана селядцовым расолам. Бліскучыя лускавінкі так і сыпаліся ва ўсе бакі. Калі-нікалі ж ягоны твар, то зьмярцьвелы, то жаўтавата-бледны, асьвятляўся слабай усьмешкай...
— Чаму селядзец гэткі папулярны ў беларусаў? Чаму ён рабіўся мэтафарай у народнай сьвядомасьці й літаратуры? Няўжо селядцы, якія так любілі дый любяць беларусы, чымсьці адрозныя ад селядцоў, прыкладам, расейскіх?
— Вядома, нашы селядцы нічым ня розьняцца ад тых, што ядуць жыхары Расеі, Польшчы ці Прыбалтыкі. На іхныя й нашы сталы, як і пяць стагодзьдзяў таму, селядцы трапляюць з Балтыкі ці Паўночнай Атлянтыкі. Паводле «нацыянальнасьці» нашы селядцы былі радчэй галяндзкімі, швэдзкімі ці шатляндзкімі. А вось што важна: доўгі час гэтая рыба займала ня толькі асаблівае месца ў нашым кухарстве, але нават і ў эканоміцы. Месца знакавае, сымбалічнае. Гэтая сымбалічнасьць пакінула сьлед і ў выяўленчым мастацтве, і ў літаратуры. Вось у гэтым сэнсе й можна казаць пра беларускага селядца — не як пра біялягічнае паняцьце, а як пра культурны фэномэн. Зрэшты, каб зразумець гэта, дастаткова прайсьціся па польскіх рэстаранах. «Селядзец па-польску» — з адмысловым соўсам з цыбулі, сьмятанкі й цытрынавага соку — адна зь фірмовых страваў польскай кухні, своеасаблівая візытоўка краіны. Наш традыцыйны селядзец з алеем і цыбуляй, які й сёньня, як дзьвесьце ці трыста гадоў таму, застаецца ці ня самай даступнай закускай у беларускіх рэстаранах, — ён ёсьць спрошчаным варыянтам гэтай жа стравы. Можна сказаць, калі мы ямо такі селядзец (у рэстаране ці дома), мы несьвядома працягваем традыцыю, закладзеную яшчэ ў час Вялікага Княства й Рэчы Паспалітай.
— Чаму так цяжка адрозьніць традыцыйную беларускую кухню ад польскай, літоўскай ці габрэйскай?
— Бо калі хтосьці з народаў былой Рэчы Паспалітай рабіў нейкае вынаходніцтва ў кухарстве, дык яно праз пэўны час трапляла й да іншых. Так адбылося, напрыклад, з халадніком — стравай, вынайдзенай недзе на беларуска-літоўскім памежжы, але дакладна ў Вялікім Княстве. Дык вось, палякі доўгі час кпілі зь яго, лічачы стравай барбарскай, хлопскай. Але недзе ў XVІІІ стагодзьдзі «hlodnik litewski» стала прапісаўся і ў польскай кухні.
Читать дальше