— Ці можна сьцьвярджаць, што беларусы цягам стагодзьдзяў стварылі сваю адметную калекцыю пячатак?
— Так. Ва ўсе часы беларусы мелі выдатных майстроў, якія рабілі вельмі цікавыя пячаткі-матрыцы. Зробленыя імі пячаткi, калі б была магчымасьць іх сабраць разам, сталіся б унікальнай калекцыяй, якая мае ўсе падставы называцца калекцыяй уласнабеларускай. І гэтая ў шырокім сэнсе беларуская калекцыя складаецца з калекцыяў, якія захоўваюцца ў асобных музэях, але, на жаль, ня толькі ў беларускіх. Дзякуй Богу, што збольшага мы ведаем, у якіх. Бадай, самая вялікая калекцыя тая, што выстаўлялася ў Віленскім музэі старажытнасьцяў, адкрытым у 1856 годзе. У яе ўваходзілі больш за 450 прыватных і гарадзкіх пячатак. Гэтую калекцыю перадалі ў музэй вядомыя беларускія навукоўцы Канстанцін і Яўстах Тышкевічы. Пасьля паўстаньня 1863 году музэй быў расфармаваны, і сфрагістычная калекцыя паступіла ў маскоўскі Румянцаўскі музэй. Цікавая калекцыя пячатак існавала і ў Менскім царкоўна-археалягічным музэі, але ў час Першай усясьветнай вайны фонды музэю перавезьлі ў Пецярбург, і цяпер у Эрмітажы, мабыць, з гэтай калекцыі, знаходзяцца пячатка XІX стагодзьдзя менскага дваранскага сходу, шэсьць пячатак часу паўстаньня Кастуся Каліноўскага й восем выразаных з агату гербавых пячатак гетмана Вялікага Княства Літоўскага Міхала Агінскага. Больш за сто пячатак меў у сваёй калекцыі Віленскі беларускі гістарычна-этнаграфічны музэй імя Івана Луцкевіча, адкрыты ў 1921 годзе. Што тычыцца Беларусі, дык на наш час сфрагістычныя калекцыі захоўваюцца ў Нацыянальным музэі гісторыі й культуры і ў абласных музэях краіны. — Ці можна вызначыць нейкія характэрныя прыкметы старажытных узораў беларускай пячаткі?
— Перадусім адзначу, што выгляд беларускай пячаткі фармаваўся пад уплывам бізантыйскіх сфрагістычных традыцыяў. Напрыклад, запісанае кірыліцай грэцкае гучаньне легендаў (надпісаў), прынцыпы складаньня кампазыцыі — як правіла, была выява сьвятога патрона ўладальніка пячаткі. Цікавы асобнік быў знойдзены падчас археалягічных раскопак расейскага Ноўгараду ў 1953 годзе. Ён з групы прывесістых пячатак. Гэта самая старажытная зь вядомых нам беларускіх пячатак. Яна належала ў канцы Х стагодзьдзя полацкаму князю Ізяславу Ўладзімеравічу. Пячатка са сьвінца, на адным баку ейным княжацкі знак у выглядзе трызубца, а вакол выявы легенда — напісанае кірыліцай грэцкае гучаньне імя князя «Ізяс[лав]ос», на адвароце — рэшткі нейкага іншага надпісу.
— Пячатку знайшлі ў Ноўгарадзе. Яна засьведчыла стасункі паміж полацкай і ноўгарадзкай дзяржавамі?
— І не адна яна была знойдзеная ў Ноўгарадзе з тых, што датаваліся X—XІV стагодзьдзямі. Аналягічныя пячаткі знаходзіліся й на тэрыторыях іншых суседніх дзяржаваў. Яны ёсьць доказам шырокіх міждзяржаўных кантактаў беларускіх зямель у розны час. У 1906 годзе ў Ноўгарадзе знайшлі пячатку, выкананую ў стылі ХІІ стагодзьдзя з выявамі сьвятога Георгія й сьвятой Сафіі. Уладальніка пячаткі вызначыць тады не змаглі. Але калі ў 1962 годзе пры археалягічных раскопках на тэрыторыі Латвіі старажытнага Кукенойсу была знойдзеная другая такая ж пячатка, навукоўцы зрабілі выснову, што выявы сьвятых на гэтых дзьвюх пячатках былі аналягічныя выявам сьвятых патронаў бацькоў Эўфрасіньні Полацкай на ейным знакамітым крыжы. Уладальніцай знойдзеных пячатак была названая ейная маці — полацкая княгіня Сафія. І царква ўвогуле, і духоўныя асобы ў прыватнасьці, мелі свае пячаткі. Так, у 1968 годзе таксама ў Ноўгарадзе знайшлі надзвычай цікавую пячатку, якая належала самой Эўфрасіньні Полацкай. На адным баку была складаная кампазыцыя на рэлігійную тэму з надпісам «Мэтамарфозы». На другім — выява асобы ў манаскім капелюшы з надпісам «Господи, помози рабе своей Ефросинии нареченной». Да нашага часу дайшла й група пячатак духоўных асобаў XІІ—XІV стагодзьдзяў. Напрыклад, знойдзеная ў 1909 годзе ва Ўкраіне, на Львоўшчыне, пячатка полацкага япіскапа Міны. А ў 1954 годзе ў Ноўгарадзе адшукалі пячатку полацкага япіскапа Дыянісія. І гэты сьпіс можна працягваць.
— Ужо напрыканцы XІV стагодзьдзя, калі ў Бела русі пачало пашырацца магдэбурскае права, кожны горад павінен быў мець сваю пячатку. Чым цікавая беларуская гарадзкая пячатка?
— Пячатка гарадзкіх органаў улады — значная крыніца дзеля вывучэньня гарадзкой геральдыкі і ўвогуле гісторыі гораду. Пячатка, як і герб, зьяўлялася атрыбутам гарадзкога самакіраваньня. Пры страце яе горад мог нават часткова быць пазбаўлены пэўных прывілеяў. Пячатку вельмі строга захоўвалі. Напрыклад, дакумэнт 1542 году сьведчыць, што гарадзенская гарадзкая пячатка знаходзілася ў гарадзкой ратушы, і адказныя за яе былі войт, бурмістар і райца. Галоўным элемэнтам такіх пячатак становіцца выява гарадзкой эмблемы, якая з часам пераўтвараецца ў гарадзкі герб. Так, на пячатцы Віцебску — выява Ісуса Хрыста, на пячатцы Горадні — выява аленя сьвятога Губэрта з залатым крыжам паміж рагоў, на пячатцы Менску — выява Панны Марыі ў атачэньні анёлаў. Прыватныя пячаткі шырока выкарыстоўвалі й прадстаўнікі розных колаў гарадзкога насельніцтва. — Ці ўсім, хто хацеў, дазвалялася мець пячатку? Ці рэгулявала заканадаўства ВКЛ парадак выкарыстаньня пячаткі?
Читать дальше