Захоўваліся пячаткі-матрыцы ў адмысловых драўляных скрынях, абкладзеных унутры аксамітам ці атлясам. Асоба, адказная за захаваньне пячаткі ва ўстановах, магла падчас працы насіць яе на шыі на шоўкавым шнурку ці трымаць ў саф’янавым мяшэчку.
— З чаго выраблялі старадаўнія пячаткі й ці адрозьніваліся яны ад сучасных?
— Старадаўнія пячаткі зьнешне вельмі значна адрозьніваліся ад сучасных і тым, як мацаваліся да дакумэнту, і паводле матар’ялу, зь якога іх выраблялі, і формай таксама, і колерам. Так, у сярэднявечнай Беларусі паводле спосабу прымацаваньня да дакумэнту пячаткі падзяляліся на прывесістыя й прыкладзеныя. Прывесістыя пячаткі панавалі да XV стагодзьдзя. Яны прывешваліся ўнізе да дакумэнту на шнурку, які прасоўвалі празь дзірачкі на паперы. Матрыцамі для вырабу прывесістых пячатак служылі спэцыяльныя, падобныя на абцугі, прылады — булацірыі, на канцах якіх былі выразаныя пэўныя выявы. Загатоўка з воску для будучай пячаткі накладалася на перакрыжаваныя канцы шнурка й прыціскалася булацірыямі. Атрымлівалася двухбаковая пячатка, якая гойдалася на шнурку. Прывесістыя пячаткі былі нават мэталёвымі, але пераважна зь мяккіх мэталаў — сьвінца, срэбра ці золата.
— А ці мяняліся пячаткі з разьвіцьцём тэхналёгіяў?
— Натуральна. У тым жа XV стагодзьдзі пачынаюць пашырацца больш практычныя прыкладзеныя пячаткі. Прыладай для вырабу прыкладзеных пячатак служыла выява, выразаная на пласьціне зь цьвёрдага матар’ялу — каменя, мэталу, рогу, пазьней стаў выкарыстоўвацца каўчук. Яна прымацоўвалася да ручака, на якім часам ставілі спэцыяльныя рыскі, каб бачыць верх пячаткі, таму што было б вялікай зьнявагай адбіць на дакумэнце перакуленую выяву. Матрыцы для прыкладзеных пячатак маглі рабіць са срэбра й залаціць. Прыкладзеныя пячаткі-адбіткі былі аб’ёмнымі, таму што матар’ялам для іх служылі воск, васковая мастыка, сумесь мукі й крухмалу, хлебны мякіш, смала. Выкарыстоўваўся таксама сургуч (дарэчы, той самы, на якім ставяць пячаткі й сёньня на беларускіх паштовых пасылках). Існавалі й курадымныя, і цісьнёныя пячаткі. Са зьяўленьнем каўчукавых штэмпэляў матар’ялам для адбіткаў стала вадкая мастыка.
— Ці існавалі нейкія патрабаваньні да формы пячатак і іхнага колеру?
— Пячаткі мелі самую разнастайную форму — круглую, авальную, трох-, чатырох- і шматкутную. Дыямэтар пячатак у розны час вагаўся прыкладна ад двух да чатырох сантымэтраў. Што да колеру, дык пячаткі былі як натуральнага колеру, гэтак і шматкаляровыя. У воск, напрыклад, маглі дадаваць розныя фарбы, якія надавалі пячатцы чырвоны, чорны, зялёны, блакітны, карычневы колеры. Склалася пэўная традыцыя, што чырвоны колер выкарыстоўваўся вялікакняскай уладай, цэнтральнымі дзяржаўнымі ўстановамі, магнатамі; зялёны — гарадзкімі органамі кіраваньня; чорны — духавенствам; натуральны колер воску — прыватнымі незаможнымі асобамі. Але гэтая традыцыя ня мела абавязковага характару.
— Пячаткі, зробленыя з такога мяккага матар’ялу, як воск ці васковая мастыка, не маглі доўгі час захоўвацца ў добрым стане. Што рабілася дзеля захаваньня іхнага выгляду й даўгавечнасьці?
— Дзеля гэтага была прыдуманая такая рэч, як кустодзея. Назва паходзіць ад лацінскага `сustos" — ахова, варта. Кустодзея — гэта маленькі кавалак тонкай паперы рознай формы, якім пакрывалася васковая загатоўка перад націскам пячаткай-матрыцай. Папера, уціснутая ў воск, практычна не пагаршала выгляду выявы й спрыяла павышэньню трываласьці пячаткі-адбітка. Часам ролю кустодзеі адыгрываў загорнуты ўнізе аркуш дакумэнту, кустодзея магла быць прыклееная толькі зь левага боку пячаткі й трэба было адгарнуць яе, каб пабачыць саму пячатку. У адпаведнасьці са своеасаблівай модай, якая існавала ў Беларусі, па краі кустодзея магла быць упрыгожана ажурнымі карункамі з рознымі ўзорамі.
— Хто ў старавечнай Беларусі вырабляў пячаткі, дзе вучыліся гэтаму?
— Выраблялі пячаткі майстры залатой і срэбранай справы. Працэс быў дастаткова складаны, і трэба было мець ня толькі досьвед, але й пэўны талент. У адпаведнасьці з цэхавымі статутамі майстры рыхтавалі вучняў, якія працягвалі агульную справу. Паводле статуту менскага цэху злотнікаў 1615 году, на іспыце на званьне майстра ад вучня патрабавалася вырабіць «пячатку вялікую зь літарамі, выразанымі навакол, са шчытом і шлемам уверсе». Падобныя ўмовы замацоўвалі, напрыклад, і статуты наваградзкага й магілёўскага цэхаў злотнікаў. Як сьведчаць дакумэнты, у трэцяй чвэрці XVІІ стагодзьдзя ў Маскве працавала група беларускіх срэбнікаў зь Віцебску, Полацку й іншых гарадоў. Некаторыя займаліся нават рэзкай расейскіх дзяржаўных пячатак. Так, майстар Багдан Ісакаў, атрымаў «полдва фунта срэбра, зь якога вырабіў дзьве пячаткі», за што быў аддзячаны 5 рублямі й «сукном ангельскім добрым». Дзяржаўныя пячаткі рэзаў і Хведар Мікулаеў, які атрымаў «сукно кармазіну». А сьведчыць гэта пра тое, што старадаўняяБеларусь мела выдатных майстроў гэтай справы, якія былі запатрабаваныя й за мяжой.
Читать дальше