— Зь якой мэтай задумвалася й будавалася гэтая вуліца Менску?
— Больш за дзьвесьце гадоў таму менскі губэрнатар Захары Карнееў разам са сваімі вайсковымі інжынэрамі выйшаў на ўскраек гораду, што называўся Новы горад, і трасіраваў там гэтую вуліцу з адной мэтай — каб па ёй маглі безь перашкоды маршаваць расейскія войскі ды каб гэты марш не перашкаджаў менчукам.
— Якім чынам яна апынулася сярод гарадзкой забудовы? І чаму яна зьняла дамінацыю старой плошчы Высокага рынку, якая тады была цэнтрам гораду?
— Шырокая й прасторная вуліца прываблівала гандляроў. Тут адчыняліся крамы, майстэрні. Але ўсё роўна дамінацыя старога гораду, Высокага рынку, яшчэ захоўвалася да 1870-х гадоў. І толькі калі ў Менску перакрыжаваліся дзьве чыгункі й гэтая вуліца пачала зьвязваць два вакзалы, дамінацыя старога гораду зьнікла. Новая прасторная вуліца адсунула ўбок традыцыйны гістарычны цэнтар і вызначыла для гораду й для нашага краю новы кірунак. Уся наша культура апынулася нібы на ўзбочыне гэтай галоўнай вуліцы.
— У савецкі час, відавочна, гэтая вуліца становіцца пляцдармам дзеля ўвасабленьня праз архітэктуру іншай ідэі — ідэі непераможнасьці й магутнасьці камуністычнага ладу. Як гарадзкая магістраль зрабілася сымбалем магістральнай ідэі партыі?
— Новы кірунак у забудове галоўнай вуліцы вызначыўся ў 1930-х гадах, калі да ўлады прыйшлі сталіністы. На тагачаснай Савецкай вуліцы былі пабудаваныя камяніцы-сымбалі, па якіх Менск пазнаецца й сёньня. Гэта Дом ураду, Акадэмія навук БССР, Дом афіцэраў, Інстытут фізкультуры. Фармаваўся фасад савецкай сталіцы. Вуліца ўпрыгожвалася бальшавіцкімі плякатамі й лёзунгамі. Напярэдадні вайны рух па Савецкай вуліцы ажывіўся, вуліца стала адрэзкам найлепшай у СССР шашы Менск—Масква. Але канчаткова саветызаваць гэтую вуліцу яшчэ не ўдавалася.
— Але, напэўна ж, пасьля Другой усясьветнай вайны беларусы мелі шанец інакш адбудаваць і праспэкт, і горад у цэлым?
— Быў варыянт аднавіць вуліцу, але пайшлі шляхам будаўніцтва фактычна новай — шырынёй 48 мэтраў, але ў тым жа манумэнтальным стылі. Будаўніцтва вялося вельмі інтэнсіўна, пасьпешліва. Савецкія ўлады сьпяшаліся аднавіць Менск і ягоную галоўную вуліцу да 70-годзьдзя Сталіна, якое адзначалі ў 1949 годзе. Не было нават часу прыбраць косьці з руінаў, пад якімі загінулі менчукі ў часе бамбаваньняў. Напэўна, сымбалічна, што гэты праспэкт пачынаўся ад адных брацкіх могілак і цягнуўся да другіх. Першыя брацкія могілкі знаходзіліся паміж цяперашнім БДУ й Пэдагагічным унівэрсытэтам, другія — на цяперашнім сквэры Талбухіна. Звычайна да галоўных плошчаў ці вуліцаў дапасоўваюць пры забудовах гораду цэрквы, касьцёлы — культавыя будынкі, і гэтак надаюць плошчам, вуліцам сакральны сэнс. У Менску дадавалі да праспэкту плошчы-гіганты ці дзяржаўныя ўстановы. Безумоўна, гэта былі сьвядомыя крокі камуністычных кіраўнікоў, разьлічаныя на масавую сацыяльную псыхалёгію, на стварэньне вобразу велічы й магутнасьці савецкай дзяржавы. Савецкая ўлада ўвасаблялася ў новым праспэкце. Гэтых плошчаў не запаўнялі гандляры, тут стаялі сакральныя для камуністычнай улады будынкі. На плошчы Незалежнасьці — Дом ураду, на Цэнтральнай плошчы — Палац прафсаюзаў, помнік Сталіну стаяў з 1952 году, на плошчы Перамогі — помнік Перамогі.
— Якую ролю праспэкт адыграў у найноўшай гісторыі Беларусі?
— З 1991 году зьніклі камуністычныя лёзунгі, праспэкт застракацеў рэклямай, прыватнымі шапікамі. З усталяваньнем прэзыдэнцкага кіраваньня на праспэкце стала больш міліцыі і ўзброеных людзей. Галоўная вуліца сталіцы зрабілася арэнай сутыкненьня прыхільнікаў незалежнасьці, дэмакратыі з прыхільнікамі рэстаўрацыі савецкіх парадкаў. Але пакуль Менск — адзіная эўрапейская сталіца, якая так і ня вызвалілася ад комплексу правінцыйнасьці. А менчукі — ад асьцярогі, што галоўная вуліца можа зноў прыняць іншую назву, і іхнае жыцьцё павернецца назад. Больш як двухсотгадовы пэрыяд гісторыі спарадзіў у грамадзтве паталягічную, хваравітую залежнасьць ад Расеі, няўпэўненасьць у сваіх сілах. Таму, можа, галоўная вуліца так і ня ўбачыла сапраўды масавага нацыянальнага шэсьця, якое б канчаткова змыла хваляй усё старое ці наноснае.
— Адносна будучыні праспэкту — на Ваш погляд, што беларусы павінны рабіць з гэтай унікальнай спадчынай?
— Найперш, думаю, пазбавіць гэтую вуліцу статусу галоўнай. Па-другое, узяць яе пад ахову дзяржавы. І трэцяе, музэяваць яе. Ні ў якім разе ня варта аддаваць яе гандлярам, бо сапсуюць. Яна ёсьць помнікам савецкаму мінуламу, гэта ўзор сталінскага клясыцызму. Ня выключана, што людзі будуць з часам адмыслова сюды прыяжджаць, каб паглядзець на гэтую савецкую вуліцу, своеасаблівы савецкі запаведнік. Ён маніфэстуе ня нашу нацыянальную традыцыю, а наша горшае мінулае. Галоўнай кропкай сталіцы адпаведна з нацыянальнай традыцыяй мусіць быць плошча, ад якой ва ўсе бакі разыходзяцца вуліцы. Ва ўсе бакі, а ня толькі на ўсход.
Читать дальше