— Дарэчы, яшчэ адно паданьне даносіць да нас рэха гістарычнай праўды:
Аднаго дня, летам 1845 году віленская грамадзкасьць была ўзрушаная й зацікаўленая загадкавым здарэньнем. На ганку пры дзьвярах касьцёлу Сьвятога Яна сядзеў закрысьціянін тае сьвятыні. Меў ён выгляд разгублены й няшчасны, бессэнсоўна бавячыся з залатымі манэтамі, што невялічкай жменяю валяліся на зямлі. На ўсе роспыты чалавек нічога ня здолеў паведаміць, і яго, бедака, зьмясьцілі ў шпіталь. Аднак пазьней, паміраючы, закрысьціянін здолеў паведаміць перад прычасьцем наступнае: зьявіўся аднойчы да яго дзіўна ўбраны чалавек, падобны да чужаземца, і папрасіў правесьці ў касьцёльныя лёхі. Паквапіўся на грошы тады той закрысьціянін і згадзіўся. Як зайшлі ў касьцёл бакавым ходам, то загадкавы госьць завязаў яму адмысловай хустаю вочы. Доўга-доўга блукалі яны па касьцёле. Затым пакрысе пачалі сыходзіць у лёхі. Адчуваліся холад і вільгаць. Раптам чужаніца скамандаваў: «Basta» й разьвязаў вочы закрысьціяніну. Стаялі яны пасярод даўжэзнага калідору перад жалезнымі дзьвярыма. Пры тускным сьвятле лятарні незнаёмца яны ўдвох зь цяжкасьцю адамкнулі дзьверы. А за імі... Пасярод склепу стаяў вялізарны жалезны куфар. Яго чужаніца адамкнуў уласным ключом. Поўны той быў куфар золатам — манэтамі, кляйнотамі, мэдалямі й пярсьцёнкамі. Ад выгляду такога скарбу агарнула млосьць. Незнаёмец тым часам напоўніў некалькі цяжкіх валізаў і зноў завязаў вочы закрысьціяніну. Калі ж той ачомаўся, то пабачыў сябе на касьцельным ганку са жменяю залатых у руках. А незнаёмага ніхто болей і ня ўбачыў. Хоць і высьветлілі, што такі спыняўся ў гатэлі «Італія», што наймаў фурмана, які завёз яго да Троцкай дарогі, але ані паліцыя, ані проста цікаўныя больш нічога й не дамагліся. Марнымі сталіся й доўгія пошукі таго калідору з запаветным пакоем за жалезнымі дзьвярыма ў лёхах касьцёлу Сьвятога Яна.
— І дата гэтага паданьня, і адрас здарэньня — касьцёл Сьвятога Яна, і дасьведчанасьць у ягонай пляніроўцы героя аповеду, а таксама назва гатэлю й іншыя дэталі даюць падставы меркаваць, што тут вядзецца гаворка менавіта пра Караля Падчашынскага. Ён — апошні дойлід, які праводзіў рэканструкцыю ў той сьвятыні, ён насамрэч зьнік зь Вільні ў 1831 годзе, напярэдадні паўстаньня, аб’явіўшыся на Валыні праз пару гадоў. Пасьля Падчашынскі вандраваў па Эўропе й толькі ў 1845-м вярнуўся на бацькаўшчыну. А ў Вільню прыехаў перад самай сьмерцю, што знайшла яго тут у 1860 годзе. Падчашынскі ня толькі стварыў унікальныя архітэктурныя праекты. Ён яшчэ ўклаў і выдаў трохтомную працу «Пачаткі архітэктуры».
— Дойліды якіх яшчэ нацыянальнасьцяў працавалі ў Вільні?
— Багата было архітэктараў з Аўстрыі, Чэхіі, Польшчы. Працавалі ў Вільні й ваколіцах французы Жэну, Поль, Пусье, Рыго. Але, вядома, найбольш было італьянцаў — Тэнкала, Пуціні, Фрэдыяні, Спампані, Пэрэці, Фантана, Росі, Сака... Нямала было й немцаў — Дыдэрштайн, Гэрдэгайн, Гофэр, Кнакфус, Шыльдгаўз, Шульц, ну й, вядома, Ян Крыстафор Гляўбіц, родам з Саксоніі які працаваў тут трыццаць гадоў, будуючы самыя розныя бажніцы ад Вільні да Мсьціслава й Магілёва.
— А продкі сучасных літоўцаў? Ці былі ў Вільні дойліды іхнага паходжаньня?
— Прынамсі адзін быў. Гэта найбуйнейшы архітэктар канца XVIII стагодзьдзя ў Літве й Беларусі Лаўрэн Гуцэвіч, па-літоўску Гуцявічус. Ён зрабіў карэнную рэканструкцыю Віленскай архікатэдры Сьвятога Станіслава, пабудаваў комплекс біскупскіх палацаў у Вярках, ратушу й дзясяткі дамоў у стылі раньняга клясыцызму, спарадкаваў пляніроўку Вільні. Між іншым, паводле ягонага праекту была пабудаваная рэзыдэнцыя біскупа Сестранцэвіча ў Маляцічах на Мсьціслаўшчыне з копіяй рымскага сабору Сьвятога Пятра, паменшанага ў восем разоў, палацавы комплекс Сапегаў у Дзярэчыне й палац Лаўчынскіх у Відзах, што на Браслаўшчыне. Літоўцы вельмі шануюць гэтага дойліда. Ягоным імем названыя вуліцы, яму пастаўлены помнік у Вільні, дагледжаная ягоная магіла, выдаюцца манаграфіі й буклеты, прысьвечаныя творчасьці знакамітага дойліда. Кожны адукаваны літовец ведае гэтае імя.
Размова з Валянцінам Акудовічам
Чаму той ці іншы горад становіцца сталіцай? Напэўна, сталіца мусіць ахапіць усе рэгіянальныя тэрыторыі, арганізаваць прастору існаваньня супольнасьці як дадатак да самой сябе. Велічыня цэнтру вызначае й памеры правінцыі. Яшчэ сталіца павінна мець гісторыю, у якой канцэнтраваўся б лёс нацыі, краіны. А з гісторыі паўставала б і адметная, ягоная ўласная міталёгія. Беларусь жа стагодзьдзямі вагалася ў выбары свайго цэнтральнага гораду, пакуль жэрабя гісторыі не абрала Менск.
Читать дальше