— І атрыманую школу прымянілі ў Вільні?
— У Эўропе тым часам панаваў стыль ракако. У Беларусі за клясыка ракако ўважаюць Тамаша Жаброўскага. Нарадзіўся ён пад Наваградкам, у вёсцы Мітраполь у 1714 годзе. Ён, як і Франковіч, таксама быў езуітам і доўгі час выкладаў у Віленскай акадэміі матэматыку, архітэктуру й астраномію. Пры ёй ён і пабудаваў славутую абсэрваторыю ў стылі ракако для сваіх дасьледаваньняў. Яна цудоўна захавалася да нашых дзён. Таксама ў Вільні ён пабудаваў у 1748—1750 гадах касьцёл Сьвятога Ігната зь езуіцкім кляштарам, дзе засталіся багатыя аздобы паводле ягоных праектаў, а таксама кіраваў чарговай перабудоваю касьцёлу Сьвятога Яна. Зрэшты, гэты касьцёл перабудоўвалі яшчэ больш за сто пяцьдзясят гадоў пасьля Жаброўскага. Так, паводле праекту выбітнага беларускага дойліда Габрыеля Лянкевіча, прафэсара архітэктуры Полацкага калегіюму езуітаў, была завершаная рэканструкцыя капліцы Агінскіх і быў аформлены фасад прэсьбітэрыя, што выходзіць на вуліцу. Упрыгожаная Лянкевічам бажніца Сьвятога Яна са званіцай набыла завершаны выгляд. А яшчэ пазьней яе рэканструяваў Караль Падчашынскі, які быў родам з Жырмунаў, што на Воранаўшчыне.
— Атрымліваецца, што менавіта беларускія архітэктары два стагодзьдзі будавалі слынны Віленскі ўнівэрсытэт і цудоўную бажніцу Сьвятога Яна. А што ж Жаброўскі? Чым ён быў яшчэ вядомы?
— Заняткі Жаброўскага астраноміяй, фізыкай, матэматыкай дзівілі многіх ягоных сучасьнікаў, пра яго было багата чутак. Некаторыя атаясамлівалі яго з чарнакніжнікам Твардоўскім. У віленскай інтэрпрэтацыі ён — езуіт, настаўнік, астраном, матэматык, будаўнік, да таго ж і чорнавалосы, і даўганосы. Такой калярытнай асобаю мог быць адно Тамаш Жаброўскі... Нават ягоны партрэт цалкам адпавядае паданьням. Вось толькі ў віленскай вэрсіі паданьняў пра знакамітага чарнакніжніка з псэўданімам Твардоўскі больш гумару. Пасьля Твардоўскага засталося багата кніг, што пасьля параскіданыя былі па розных бібліятэках. Але адна зь іх, пад назваю «Lіber magnus», прыкутая жалезным ланцугом да сьцяны, заставалася ў патаемным пакоі Віленскай акадэміі езуітаў.
Адзін шкаляр-боўдзіла дачуўся, што нібы той, хто тую кнігу чытаў, атрымліваў у дарунак ад д’яб ла ўсё, чаго б жадаў. А таму шкаляру ўсё маніліся незьлічоныя скарбы. Закраўся ён уночы да бібліятэкі, адшукаў тую патаемную камору, дзе была запаветная кніга. Разгарнуў яе й пачаў чытаць розныя матэматычныя формулы слыннага чарнакніжніка... Неўзабаве перад ім паўстала жахлівая постаць і пакорліва спыталася, чаго б той шкаляр пажадаў. Юнак зьлякаўся й зь перапуду, замест таго, каб папрасіць безьліч грошай, як меўся, зьдзервянелым ротам прамовіў: «Хачу пятрушкі!». Паслухмяны шатан пачаў насіць яму тую пятрушку ў бібліятэку. Праз вокны й дзьверы, ад усіх бакоў пасыпалася вазамі зяленіва. Але, на шчасьце, за акном засьпяваў певень. Д’ябал спыніў сваю работу. А недарэку шкаляра гэтак і празвалі Пятрушкам.
Сьмех сьмехам, але зьвяртаюць на сябе ўвагу дзьве сур’ёзныя рэчы. Па-першае, сапраўды тыя найскладанейшыя матэматычныя разьлікі, якімі займаўся архітэктар і астраном Жаброўскі, былі няўцямнымі для бальшыні людзей. А па-другое, нічога ў тым страшнага не было, пра што й сьведчыць гэтае камічнае паданьне. Акрамя Вільні, Тамаш Жаброўскі, хоць і пражыў усяго 44 гады, яшчэ шмат чаго збудаваў у розных месцах Беларусі. Прыкладам, сядзібу Агінскіх у Гануце, што на Смаргоншчыне, і рэзыдэнцыю езуітаў з касьцёлам у Жодзішках. Ад 1746 году будаваў езуіцкі кляштар з касьцёлам, што пазьней прыстасавалі пад муры вядомай фартэцыі ў Бабруйску. Мяркую, што знойдзецца й яшчэ нешта. Беларускія дасьледчыкі толькі прыступаюць да гэтых шуканьняў.
— На зьмену барока й ракако прыходзіць новы стыль — клясыцызм. У гэтым стылі ці працавалі беларускія дойліды ў Вільні?
— Натуральна! Скажу нават больш: на мяжы ХVIII і ХІХ стагодзьдзяў у Вільні склалася ўласная магутная архітэктурная школа раньняга клясыцызму. Зь Віленскага ўнівэрсытэту выйшла выбітная плеяда дойлідаў-беларусаў: Мікалай Вялічка, Ян Корсак, Антон Рымкевіч, Мікалай Амбражэвіч, Ян Сабалеўскі. Але, бадай, самы вялікі ўнёсак у архітэктуру Вільні ў другой палове ХVІІІ — першай палове ХІХ стагодзьдзя ў Вільні зрабіла беларуская дынастыя дойлідаў Падчашынскіх. Архітэктар Ян Падчашынскі, які выкладаў архітэктуру ў Віленскім унівэрсытэце й браў удзел у рэканструкцыі Віленскай катэдры й ратушы, збудаваў у радзінных Жырмунах, на Воранаўшчыне, касьцёл Адшуканьня Сьвятога Крыжа, а таксама касьцёлы ў Маляцічах паблізу Крычава й ва Ўзьдзе. А ўжо ягоны сын, Караль Падчашынскі, стаў самым выбітным дойлідам Вільні першай чвэрці ХІХ стагодзьдзя. Ён скончыў Віленскі ўнівэрсытэт і выкладаў у ім. У 1814—1816 гадах, ужо як выкладчык віленскай катэдры архітэктуры, малады Падчашынскі прайшоў акадэмічную стажыроўку ў Пецярбургу. Затым навучаўся ў Італіі й Францыі. У Вільні Караль Падчашынскі збудаваў велізарны палац на Тускуленах, што на беразе Вяльлі, каля Антокалю. Спачатку гэта была рэзыдэнцыя віленскага губэрнатара Рымскага-Корсакава, пасьля палац набыў маршалак тутэйшага дваранства Пісанка. Таксама Падчашынскі пабудаваў палацы генэрал-губэрнатара, дзе цяпер рэзыдэнцыя прэзыдэнта Літвы, і біскупа Клангевіча. Ён капітальна рэканструяваў увесь ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту. Але найперш праславіўся завяршэньнем рэканструкцыяў віленскага Архікатэдральнага сабору, прыватнасьці, ён завяршыў аздобу вежы-званіцы й... касьцёлу Сьвятога Яна. Гэта й былі апошнія будаўнічыя працы ў знакамітай сьвятыні. Да гатычна-барочна-ракайльных аздобаў дадаліся й клясыцыстычныя. Прынамсі, кожны, хто бываў у Вільні, мусіў бачыць элеганцкі чатырохкалённы портык на рагу вуліцаў Сьвятаянскай і Замкавай.
Читать дальше