— А калі ж ён і чаму апынуўся ў Вільні?
— Маладому тады закону езуітаў бракавала, як бы сёньня сказалі, кваліфікаваных кадраў, таму, калі паўстала патрэба будаваць віленскі езуіцкі кляштар з касьцёлам Сьвятога Казімера, выбар быў зроблены на карысьць Франковіча. Гэта было ў 1604 годзе. Будоўля расьцягнулася на чатырнаццаць гадоў, але ў выніку паўстала ў Вільні бажніца, у невядомым тады тут стылі — барока. Паводле пляну й першапачатковага вобразу, гэтая сьвятыня амаль дакладна паўтарала рысы касьцёлу Божага Цела, што ў Нясьвіжы. Але касьцёл Сьвятога Казімера шматкроць перавысіў памерамі свой правобраз. Адно вышыня купалу сягае на сорак мэтраў угару. Ян Франковіч усьлед за сваім настаўнікам Бэрнардоні імкнуўся стварыць бажніцу як мэтафару Сусьвету: просты крыж, а над ім — купал.
— А навошта спатрэбілася Франковічу перабудоўваць касьцёл Сьвятога Яна?
— Ёсьць пра гэта нават паданьне. І яно досыць вусьцішнае.
Памёр у Вільні адзін багацей. У касьцёле Сьвятога Яна быў пастаўлены адмысловы катафалк... А ўначы злодзеі вырашылі скрасьці дарагія пярсьцёнкі й ланцугі памерлага. Дзеля таго затрымалі тыя злыдні хлопца, які меўся той ночы пільнаваць касьцёл. Пагражаючы яму сьмерцю, змусілі яго паздымаць зь нябожчыка пярсьцёнкі, каб затым перадаць ім іх праз акенца. Хлапец, які шматкроць ужо начаваў у гэтым касьцёле, на гэты раз адчу ваў невыказную трывогу. Дрыжучы ад жаху, узяўся за палец нябожчыка, абы як найхутчэй паздымаць пярсьцёнкі. Але... нябожчык раптам заварушыўся ў труне, сьціснуў рукі, раскрыў шырока вочы й загадаў гучным голасам:
— Браты, нябожчыкі, ратуйце мяне!
Пачалі рухацца камяні пахавальныя, ламацца саркафагі, і зь ляскатам распахваючы дзьверы, адчыняцца ўваходы ў скляпеньні. Зь пякельнага агню з трунаў паўставалі памерлыя й напаўнялі касьцёл... Увесь той тлум нябожчыкаў складаўся з магнатаў, сэнатараў, князёў, рыцараў і заможных мяшчанаў, не бракавала таксама й кабет, і нават немаўлятак...
Злодзеі, чакаючы пад акном, як пачулі той гвалт пякельны, паўцякалі. Хлапец, напаўпрытомны ад жуды, вырваўся з рук нябожчыка. Але памерлыя даганялі яго. Тады хлапчына зь велізарным пачуц цём перажагнаўся і ўзмаліўся:
— Езус, Марыя!
І тады з тае вышыні, на якую ўзьлезьлі, абрынуліся нябожчыкі ўніз, разам са сваімі трунамі й надмагільнымі камянямі. Калі раніцай касьцёл адамкнулі, людзі пабачылі наўкол безьліч костак ды мерцьвякоў сярод перакуленых нагробкаў, трунаў ды плітаў. Усё было раскурочана, уваходы ў пахавальні параскрываныя, дамавіны амаль усе пустыя, за выняткам некаторых, у якіх, як сьцьвярджае паданьне, спачывалі сном вечным айцы езуіты. Бо толькі, бадай, яны й былі без граху. Тады прыступілі да разбору тых парэшткаў і іхных трунаў, дзе яны колісь ляжалі. Трывала гэта ажно два тыдні, гэткае было іхнае мноства. Усіх тых нябожчыкаў перавезьлі за Рудніцкую браму й там, за касьцёлам Сьвятога Сьцяпана, што й да сёньня стаіць за віленскім аўтавакзалам, пахавалі.
Як бы там ні было, але касьцёл Сьвятога Яна быў моцна пашкоджаны да прыезду Яна Франковіча. Відавочна, гэта сталася вынікам бясконцых пахаваньняў у тоўшчы гатычных муроў. Вось яны й ня вытрымалі. Пра той выгляд, што набыў касьцёл Сьвятога Яна, мы можам меркаваць па малюнках і праекце Яна Франковіча, што цудам ацалелі й перахоўваюцца цяпер у адным з кіеўскіх архіваў. Калі параўнаць тыя старыя праекты пачатку XVII стагодзьдзя й цяперашні плян касьцёлу, то можна заўважыць, што плян у агульных сваіх рысах не зьмяніўся ад таго часу. Да нас дайшлі й скляпеньні, і бакавыя фасады, і вокны гэткімі, якімі іх узьвёў дойлід Франковіч. Памёр Франковіч у 1627 годзе.
— І ўжо амаль праз тры дзясяткі ціхамірных гадоў старадаўнюю сталіцу зноў захлынула навала. 8 жніўня 1655 году ад рана, калі люд віленскі кленчыў і маліўся ў бажніцах, у Вільню ўварваліся дзясяткі тысяч казакоў, што былі перадавымі войскамі арды маскоўскага цара Аляксея. У адзін той дзень у Вільні загінула 20 тысяч чалавек, пасьля чаго казакі падпалілі горад з усіх бакоў. А як увайшоў сюды й сам цар Аляксей, то ў Вільні трэба было Вільню шукаць. І адбудоўваць Вільню давялося ўжо наступнаму пакаленьню беларускіх дойлідаў... Дзе ж вучылася архітэктуры гэтая плеяда беларускіх архітэктараў?
— Па ўсёй Эўропе. Тамаш Жаброўскі — у Вене, Аўгсбургу, Празе. Габрыель Лянкевіч тры гады вучыўся ў Рыме. Марцін Пачобут-Адляніцкі спачатку атрымліваў адукацыю ў Празе, затым тры гады — у Францыі, а пазьней — у Італіі. Андрэй Езярніцкі, прыдворны дойлід Радзівілаў, навучаўся ў Францыі, Італіі, Аўстрыі, Караль Падчашынскі ў Пецярбургу, Італіі і ў Парыжы. Так што ўзровень адукацыі быў самы высокі, эўрапейскі.
Читать дальше