* * *
Трэба яшчэ разабрацца, што страшней - сьмерць цi вечнае жыцьцё. У канцы дарогi для падарожнiка сэнс вандроўкi, у канцы тэрмiну - сэнс вучобы, працы, службы. Канечнасьць неабходная, сэнсоўная, а бясконцасьць - бязглуздая й страшная. Канечнасьць - апiрышча, бясконцасьць - прорва.
Але ў тым i рэч, што канец, тэрмiн ягоны - ня вызначаны. Ён можа настаць праз хвiлiну, а можа праз сто гадоў, а можа... (нiколi?). Таму выбар - што страшней - пралягае памiж вечнасьцю й невядомасьцю. I ў першым (бясконцасьцi) i ў другiм чалавек пачуваецца абсалютна залежным. Сьмерць як канечнасьць, як апiрышча, - ня менш iлюзорная за вечнае жыцьцё. Сьмерць - адзiнае, што ў цябе па-сапраўднаму ёсьць, але ты ня ведаеш, што гэта такое.
КРАIНА-ВОСЕНЬ
Гэта шэрасьць. Шэрае золата, шэры пунс, шэры смарагд. Зiма - не зiма, i лета - ня лета, а так - подых восенi. Чорна-белыя днi. Стома. Мы прайшлi ўсе вышынi. Залаты век. Мышасты колер пустаты. I белы иней - шэрань. I вечар - шарая гадзiна. Шэра-жоўтае лiсьце. Шэра-блакiтнае неба i вочы. Шэра-чырвоная паска на шэра-белым сьцягу. Шэра - у неабжытым доме. Шэра й сыра. Краiна канфармiстаў i канфармiзму. Прырода... Восень палiтыкi. Восень культуры. Восень мовы.
Марна ўзмацняць колеры. Нават флюарэсцэнтныя восеньню - шэрыя.
Шэры восеньскi холад. Беларусь - не Альжыр, дзе асьляпляльнае сонечнае сьвятло стала прычынаю забойства араба. У нас клiматычнай прычынай такога забойства мог бы стаць пранiзьлiвы восеньскi холад, якi зацямняе розум.
ЗАБОЙЦА
У нас, у Беларусi, яго называлi Зьмiцер, дома, у Нiжнiм Ноўгарадзе, - Дзiма, а палякi ў Варшаве - Мiт'я, нiбы наўмысна хочучы падкрэсьлiць ягонае расейскае паходжаньне. Мiж тым, у жылах у Мiт'i пароўну бегла расейская й польская кроў. З гэтага зьлiцьця і паўстала ягоная беларуская сьведамасьць.
У войску Мiт'я служыў у Расеi. Аднойчы зiмою позна ўвечары ён iшоў праз раку Волагду i насьвiстваў сваю любiмую песеньку. На мосьце стаялi дзьве дзяўчыны. Салдат, - сказалi яны, - там, у рацэ, тоне наша сяброўка. Мiт'я (не раздумваючы) кiнуўся з мосту ў ваду. Ён зрабiў гэта вельмi па-расейску. Ён рашуча ўзяў на сябе адказнасьць за жыцьцё тапелькi, i калi б ня выратаваў яе, то быў бы (па-расейску) забойцам.
Мiт'я ня выратаваў дзяўчыну. Ён пачаў тануць сам. Дакладней, ён спалохаўся, што патоне сам, кiнуў дзяўчыну i памкнуўся да берагу адзiн. Чаму не крычаў? Ён кажа, што не было людзей. (А тыя дзьве дзяўчыны, няўжо не засталiся паглядзець, што з усяго гэтага выйдзе?) Ён кажа, што калi падплываў да тапелькi, за некалькi мэтраў пачуў агiдны пах алькаголю. Ён кажа, што сьцюдзёная вада пачала скоўваць ягонае цела. Ён кажа, што ў цемры не было бачна берагу... У яго зашмат апраўданьняў, каб у iх можна было паверыць.
Мiт'я пакiнуў (сваю ахвяру?) тапельку i рвануўся да берагу. Ён не зрабiў i двух рухаў, як упёрся каленямi ў зямлю. Аказалася, што яны з тапелькаю валтузiлiся пад самым берагам. Але вяртацца да яе ён ня стаў. Ды я й не пытаўся, чаму. Напэўна, скажа, што скалеў. Подзьвiг ня ўдаўся.
Герой кiдаўся па-расейску, у вадзе запратэставала польская кроў, i ён адчуў сябе беларусам. Адназначны ўчынак рассыпаўся на тысячу "але". Набытая такiм чынам беларуская сьведамасьць дазваляе яму цяпер жыць спакойна i не пачувацца забойцам.
У той вечар перад здарэньнем Мiт'я iшоў праз мост у вайсковы шпiталь, дзе ляжаў ягоны прыяцель, i нёс прыяцелю апэльсын. Пасьля вымушанага купаньня ён зьмянiў маршрут i пабег да сваякоў грэцца пад гарачым душам, пiць гарэлку i распавядаць пра здарэньне.
Я забыўся спытацца ў Мiт'i пра тое, куды падзяваўся апэльсын? Напэўна, ён плыў у чорнай мерзлай вадзе начной Волагды сьледам за мёртвай дзяўчынай, ад якой патыхала алькаголем...
ВОЎК
Поўня заплывае ў маё вакно i, нiбы магутны вайсковы пражэктар, выкрывае мяне ў маiм ложку. Я паварочваюся ад яе, але сон усё адно не прыходзiць. Цэлы дзень i цэлае жыцьцё пракручваецца ў галаве, нiбы паскоранае кiно. Тысячы стужак, якiя бягуць крыж-накрыж, ствараючы невыносныя вобразы, якiя муляюць i не даюць заснуць. Я спрабую глядзець поўнi ў твар, i мне здаецца, што гэта - iлюмiнатар...
Я не магу спаць. Я заплюшчваю вочы і спрабую ня чуць гукi вулiцы й гукi дому, аж пакуль не засьпяваю сябе за дзiўным заняткам - мае зубы адбiваюць рытм нейкае нячутнае музыкi. Навошта?.. Я лянуюся думаць. Самi сабою на невядомую музыку складаюцца словы скарагаворкi: мая краiна на краi сусьвету, мой горад на краi краiны, мой мiкрараён на краi гораду, мой дом на краi мiкрараёну... I таму я заўсёды чую, калi ноччу прыходзiць воўк.
Читать дальше