Пасьля такога здарэньня, якое зноў ня можна ўсьвядомiць, пачынаеш шукаць вачыма наўкола - а хто ж застаўся? Да каго яшчэ можна прыйсьцi табе, цi то леваму, цi то праваму - любому, i хто б не выстаўляўся перад табой уласнай пэрсонай, а думаў, як з тваiх жаданьняў вырабiць толк. Сачанка не павучаў, а даваў зразумець...
Я пачынаю новае апiсаньне, хоць сэнс ня ў гэтым. Сэнс у тым - для мяне асабiста - што гэта быў адзiны чалавек з старэйшага пакаленьня, зь якiм мяне не лучыла нiчога, акрамя мовы. I нiчога, акрамя мовы, не было iстотнае ў гэтай лучнасьцi. Анi там характар, анi рэгалii, анi ўзрост з досьведам. Магчыма, таму Барыс Сачанка быў для мяне сябрам? Бо аднае мовы было дастаткова, каб зьявiлася патрэба гаварыць, сустракацца, даваць i атрымваць пачуцьцё адзiнства, надзейнасьцi, жыцьцёвасьцi тваiх вычытаных у кнiжках думак.
Да iншых старэйшых заўсёды цяжка было прабiцца. Гаворыш, а нiякае еднасьцi табе не перадаецца. Можа быць, маё пакаленьне так доўга бурапенiла й бурапенiць ад таго, што дагэтуль яно як бы не прызнанае, не прынятае, i цяпер ужо будзе прынятае й прызнанае толькi бiялягiчным парадкам. Ня стану дашуквацца, чый тут комплекс - старэйшых цi наш. Мабыць, позна пра гэта гаварыць. I гаворыцца толькi дзеля таго, што ў Барыса Сачанкi такога комплексу не было. Якi-небудзь апальны студэнт iшоў да партыйнага й лiтаратурнага начальнiка i сустракаў на гэтай верхатуры афiцыёзнага жыцьця разуменьне сваiх беларускiх iдэй, мараў i страхаў. Наш студэнцiк пасьля гэтага выходзiў у людзi бяз страты сваiх перакананьняў i прынцыпаў. Бо тут знаходзiўся такi шлях, на якiм такое было магчымае.
... Нiчога ня буду казаць пра "дзiрку ў працёртым палатне культуры". Сьмерць правакуе на прыгожыя словы. Але гэтая прыгажосьць дзеля суцяшэньня сама ведае, што не суцешыць. Бо замены Сачанку - нi ў якой яго iпастасi - няма.
* * *
I я вяртаюся ў Лiтву, каб распавесьцi пра яшчэ адзiн паветраны шар гэтага сэзону.
Лiтва, нiбы адмыслова дзеля Беларусi, стварае хрэстаматыйныя iлюстрацыi - узоры быту нацыянальнай дзяржавы. Лiтва - выдатнiца ў школе постсавецкiх народаў, акуратная й старанная, прагная да вучобы, яна пераходзiць з клясы ў клясу, павялiчваючы адлегласьць ад трэцягоднiцы-Беларусi, якая прагульвае ўрокi, як прагульвае iх неахайная дзяўчынка ў заношанай школьнай форме - прагульвае не дзеля кiно цi нейкiх iншых забаваў, а дзеля самога прагульваньня. I гэтаксама, як дзяўчынка-трэцягоднiца, Беларусь недалюбвае Лiтву, пазьбягае гэтай стараньнiцы, якая марыць паступiць ва ўнiвэрсытэт аб'яднанай Эўропы, бо сама Беларусь ня марыць нi пра што.
Нашая тоеснасьць - у мiнуўшчыне.
У музэi бурштыну ў Паланзе - чысьцiня й парадак. Бурштынавая нацыя стварыла музэй пра ўвесь бурштын сьвету - Амэрыка, Афрыка, Сiбiр... Лiтоўцы ведаюць, чым могуць узяць. Баскетбол, бэкон, бурштын... А знаходзiцца музэй у добра адрэстаўраваным палацы графа Фэлiкса Тышкевiча (з нашых, лагойскiх Тышкевiчаў). У мэмарыяльным пакоi графскае сям'i сярод здымкаў i асабiстых рэчаў старажытны палiфон, працiнаючы душу й будзячы генную памяць, вызвоньвае палянэз Агiнскага. Таго самага Агiнскага, чый падобны палац у Залесьсi каля Смаргонi занядбаны ў нiшто.
Адзiн лёс у дваранства Вялiкага Княства Лiтоўскага - "Разьвiтаньне з радзiмай". А вось у палацаў у iхных лёс розны. Калiсьцi пад наступам узбуджанага люмпэну элiты пакiнулi край. Але куды ж без элiтаў? I цяпер мы маем элiты зь люмпэну.
Калi ў верасьнi ў Вiльнi Купалаўскi тэатар паказваў сваю "Iдылiю", там была заключная сцэна, калi дваранства пакiдае Беларусь. Заля здранцьвела. У мёртвай цiшынi пачулiся гукi палiфону. Зразумела, гэта быў палянэз Агiнскага. Дэкарацыi на сцэне ператварылiся ў... паветраны шар i ў кошык, куды паселi нашы iдылiчныя паны. Усё неверагодна прыгожае - аж мароз па скуры. (У гэтым выпадку прыгажосьць ня мела на мэце суцяшэньня i таму выклiкала ня роспач, а "праведны гнеў".) Iдылiя скончылася. Паны ўзьнясьлiся. А хто ж застаўся?..
Перад палацам Тышкевiча ў Паланзе стаiць скульптура Мiласэрнага. Ягоныя рукi раскрытыя, нiбы абдымаюць увесь гэты край. Тут - ягоная краiна, ягоныя людзi, ягоны музэй бурштыну. За Тышкевiчавым паркам чуваць, як шумiць цёплае мора...
ЭЦЮДЫ АБ СЬМЕРЦI
Перад сьмерцю трэба ўсё прывесьцi ў парадак. Але гэта ня тычыцца сьмерцi мараў, якiя звычайна й памiраюць ад жаданьня навесьцi парадак (не ад парадку!).
* * *
Ты можаш панiчна баяцца сьмерцi або сустракаць яе з годна ўзьнятаю галавою, або падрыхтавацца да яе, асэнсоўваючы яе, - канец усё адно адзiн. I ён не залежыць ад цябе. Калi жыцьцё - права, дык сьмерць - бяспраўнасьць. Усе людзi аднолькава бяспраўныя перад ёю. I прававая дзяржава - гэта сфэра вынiкаў, гэта iмкненьне стварыць хоць нейкую iлюзiю права, калi крынiца бяспраўя, ягоная першапрычына - сьмерць - недаступная, недасяжная...
Читать дальше