Але ён ня прагне нiкому рабiць блага, у яго дрыжаць рукi й прападае голас, яму хочацца лепш памерцi самому. Ён усёй сваёй iстотаю працiвiцца таму, каб увайсьцi ва ўласную кнiжку й зажыць па сабою ж прыдуманых законах. У яго сям'я, кватэра, лысiна...
Раней якiя праблемы хвалявалi сэрца? Узяў траяк i не аддаў. Вынесьлi сямейны развод на прафсаюзны сход. Не зусiм тое й не зусiм так некаму сказаў... Патрабавалася ў прынцыпе зусiм няшмат сумленьня, маралi, надзейнасьцi, каб лiчыцца прыстойным чалавекам. Людзi прывыклi, адаптавалiся да гэтага. I вось прыйшоў час, якi запатрабаваў усяго сумленьня, усёй маралi i ўсёй надзейнасьцi, - усяго або нiчога. А дзе ўзяць, калi прывык да малога?
I пачалося. Першае памерла сяброўства, бо якое сяброўства ў пэрсанажа, а тым больш - у непэрсанажа? Шэрагi сяброў скарачаюцца на колькасьць тых, якiя вышэй за ўсё паставiлi грошы, i тых, якiя ня здолелi супрацьстаяць падману, ня здолелi стаць пэрсанажамi. Лiтаратура крытычнага рэалiзму страчвае цiкавасьць, бо "такога поўна ў жыцьцi". Зь вялiзнае iлюзii дабра засталiся крохi, якiя штодня трэба вышукваць з павелiчальным шклом, i не заўсёды гэта ўдаецца. Затое гэтыя крохi ўжо не iлюзорныя, iх можна намацаць.
У гэты час пытаесься ў сябе: а чым, уласна, адрозьнiваецца дзейная асоба ад выканаўцы? Мабыць, толькi адказнасьцю. З пэрсанажа не спытаеш, аўтар жа нясе адказнасьць за свае ўчынкi i паводле гэтага заслугоўвае найменьне прыстойнага або непрыстойнага чалавека.
Адказнасьць - другi бок свабоды. I пэрсанаж ня можа быць свабодны ад уласных заганаў: ад прагi грошай i сьвербу славы.
Сьнежаньскi вецер нясе гэтае лiсьце кнiжных старонак без кiрунку й бяз мэты. Гамлеты, Мiколкi-паравозы, Блюмы, Мiцi Карамазавы, японскiя iмпэратары... Яшчэ ўчора падначаленыя аўтарскай волi, яны разьмяшчалiся ў нейкiм парадку, на сваiх месцах. Але сёньня й самi аўтары - недзе сярод iх, такiя ж бязвольныя, безадказныя й бязмэтныя. I ўсё за ўсiх вырашае вецер. Такi ж безадказны. Такi ж бязмэтны...
ЗНАКI ПРЫПЫНКУ
Калi я вучыўся ў школе, я вельмi не любiў, каб простая мова пачыналася з двухроп'я й двукосься. Я цярпець ня мог... Iншая рэч - абзац i працяжнiк. I нават выбiраючы ў бiблiятэцы кнiжкi, я заўсёды аддаваў перавагу тым, у якiх было болей абзацаў i простая мова пачыналася з працяжнiка. Цяпер, вядома, ужо даўно ўсё ня так i нават наадварот, а тады...
Магчыма, мая нялюбасьць дыктавалася тым, што ў школьных дыктоўках мы абавязкова павiнны былi простую мову пачынаць з двукроп'я й двукосься, а ня йнакш. Школьная ж веда трывала асацыявалася для мяне з самой школай, у якой не было i, паводле агульнага перакананьня, не магло быць нiчога цiкавага. I мы мусiлi ставiць гэтыя клятыя двукосьсi. Нiбыта простая мова была чымсь несапраўдным, iлжывым альбо iранiчным.
А можа, прычына маёй нялюбасьцi была ў самых знаках прыпынку, якiя падсьведама ўяўлялiся знакамi зьняволеньня. Загад настаўнiка "Адкрыць двукосьсе!" гучаў як каманда "Адкрыць камэру!" "Закрыць двукосьсе!" - "Закрыць камэру!"
Зусiм iнакш успрымаўся абзац - знак пачатку, i працяжнiк - знак паветра. Гэта былi знакi свабоды.
Шмат гадоў пазьней, у савецкiм войску, па турмах я часта чуў выкрык салдата i афiцэра "ВВ", зьвернуты да зьняволеных: "Шум в камере!" I мне здавалася, што я чую самыя гэтыя двукосьсi, у якiя заключаўся выкрык, нiбы двукосьсi - загучалi.
У той самы час я заўважыў, што ў афiцыйных дакумэнтах - розных пратаколах, тлумачальных запiсках, заявах, - простая мова нiколi не пачынаецца з працяжнiка. Працяжнiк застаўся толькi ў мастацкай лiтаратуры цi ў тэкстах, якiя пiсалiся ад сябе альбо для сябе. Бо толькi ў такiх тэкстах можа жыць свабода...
МАСТАЦТВА НЕНАРОДЖАНЫХ
Калi ня думаць сёньня пра тых, хто пiша ўчора...
Гэтыя прыходзяць нiадкуль i ў нiкуды. Маладая лiтаратура... Ёй ня дадзена адлiчваць сябе ад папярэднiкаў, няма нават куды паставiць нагу. Папярэднiкi намацвалi тут глебу, але не пакiнулi вехаў, i балота зноў зацягнулася раскай...
Вучыцца ў клясыкаў? Але што выбiраць? У клясыкаў усё зьбiтае ў адно й разам пакрытае лякам. Клясыка ня ведае праблемаў самавыяўленьня. Вучыцца ў фальклёру? Але ён сам сёньня ня ведае сябе; аганiзуе, прыпудраны афiцыёзьнiкамi ды нэафiтамi. Вучыцца на Захадзе? Але Захад - terra incognita...
Iх нiхто не нараджаў, яны не паклiканыя анi папярэдняй лiтаратурай, анi нацыянальнай традыцыяй, анi нават шырокiмi лiтаратурнымi стэрэатыпамi...
Iх няма, але яны не пустата... У слове няма - факт iхнае прысутнасьцi.
Што будзе пасьля соцрэалiзму? Постмадэрнiзм? Гульня стыляў - тое, чым сёньня ўжо можна назваць усё... Постсоцрэалiзм?
Читать дальше