Ты сьцiпла ўсьмiхаесься, адступаючы на кухню. Ты не пасьпяваеш сабрацца з думкамi, а ён ужо прыняў душ, ён павесiў свае трусы ("дык памытыя ж!") над тваiм сталом, ён нажраўся, напiўся i дрыхне цяпер у тваiм ложку. А ты, седзячы пад ягонымi трусамi, слухаеш давяральны й цiхi голас другога госьця: "Ведаеце, мне будзе не зусiм камфортна ў адным пакоi з гэтым чалавекам. Вы ж паглядзiце, што за манеры! Таму будзе лепш, калi я займу ваш пакой, праўда? Гэта ж не павiнна вас абцяжарыць, мы ж з вамi... вы памятаеце. I нетактоўна было б нагадваць, як шмат вы мне абавязаны. Наша даўняя дружба ўсяляе надзею..." Ён папросiць да бульбы пару масьлiнаў, толькi пару, i крыху кечупу, зусiм трошкi, на кончык нажа. Ён натолiць свой лёгкi голад, вып'е кубачак кавы й адправiцца ў твой пакой, пакiнуўшы сваю замазаную кечупам талерачку на стале, акурат пад трусамi першага госьця.
А тады ўвалiцца цэлая кампанiя. "Дзядзька, не хвалюйся, мы тут на кухнi, на падлозе. Старая любоў не ржавее! Уся ўласьць саветам! Жыве Беларусь! Ня хочаш жа ты сказаць, што мы стварылi табе нязручнасьцi. Ды ты, брат, зажраўся зусiм, закабанеў. Ладна-ладна, жартуем!" I сапраўды - братэрства, гасьцiннасьць, калектывiзм... Толькi б хутчэй яны ўсе пад'елi, наспалiся ды валiлi к чортавай матары... Не, iм ты гэтага ня кажаш. Гэта ты так унутрана нэрвуесься...
А цяпер уявi сабе, што яны нiкуды ня "зваляць". Нi заўтра, нi празь месяц, нiколi. Ужо вельмi хутка ты сам вывесiш свае трусы побач з трусамi першага госьця, з другiм будзеш тайна й грэблiва абмяркоўваць усiх астатнiх, а з трэцiмi - гудзець ноч напралёт. Яны будуць так рабiць, бо гэта ўсё ў iхнай чалавечай прыродзе, а ты будзеш падыгрываць iм зь гiдлiвасьцю, бо ў тваёй прыродзе нiчога такога няма...
* * *
Тэма акупацыi дзiўным чынам сплятаецца з тэмаю хама, прычым - ня столькi таго нахрапiстага хамуйлы, колькi хама як чужога, як чалавека зь iншага асяродзьдзя, зь iншымi правiламi паводзiнаў. Калi ты дазваляеш яму дыктаваць свае правiлы, не паказваючы на тое, што тут, куды ён прыйшоў, правiлы iншыя, то ты сам i робiш зь яго хама. Хам - ня зьява й не прырода, не паталёгiя. Хам - гэта сытуацыя. Ускосна яе стварае сваёй падатлiвасьцю той, адносна каго нехта хам.
Як падатлiвы чалавек непазьбежна ператвараецца ў марыянэтку, так i нацыя, якая не сьцьвярджае ўвесь час сваю незалежнасьць i годнасьць, - падпадае пад акупацыю: адну, другую, трэцюю... Прыкметы захопу, нападу, анэксii як бы забываюцца, i ўжо здаецца, што нiякай акупацыi няма. Галоўнае не ўспамiнаць, i будзе здавацца, што гвалт скончаны цi, калi заўгодна, пераможаны, а яшчэ лепш - што яго не было.
Вось адкуль усе гэтыя разважаньнi пра братэрства й крэўнасьць расейцаў i беларусаў - дзьвюх адрозных паводле мэнтальнасьцi нацыяў. Гэта iмкненьне беларуса "не будзiць праблематыку", бо такiя пытаньнi паўстануць, што ня дай Бог! Хай яны ўсе тут жаруць ды начуюць, хай я сам буду падыгрываць iм i крыўляцца на iхны манер, абы ўсё неяк улеглася. Скажы, хiба ня гэтаму кожная беларуская матка навучае сваё дзiцё? Ня лезь, не высоўвайся.
* * *
Для таго, каб адказаць на пытаньне - цi ёсьць акупацыя, цi яе няма, трэба мець зьвесткi з двух бакоў: з боку захопнiка i з боку захопленага. I калi прыкметы агрэсii заўсёды тыповыя (гвалт над мiрным жыхарствам), то паводзiны акупаванага могуць як падкрэсьлiць агрэсiю, так i зьнiвэляваць яе. Нават пры самых жорсткiх i цынiчных злачынствах агрэсара ўсё гэта можа й не выглядаць на акупацыю. Як у нашым выпадку, калi нам намякнулi i мы забралi сваю заяву з суда...
Акупацыя Беларусi праз доўгiя гады стала ўсенароднай фiгурай замоўчваньня. Гавораць толькi пра некаторыя з тых акупацыяў, якiя нiбыта скончылiся: францускую, нямецкую... (Я пiшу нiбыта, бо нiхто толкам ня ведае iх рэальных наступстваў для Беларусi.) Але вось незадача: паняцьце "акупацыя Беларусi" не адрозьнiвае, француская яна цi расейская, бо ёсьць толькi "акупацыя Беларусi" з шэрагам тыпалягiчных прыкметаў, характэрных для ўсiх без выключэньня агрэсiяў. Пры ўсiх расейскiх царох, пры французах, пры паляках, пры немцах, пры татарах i пры бальшавiкох акупанты цынiчна забiвалi мiрнае жыхарства. На любую з агрэсiяў, у тым лiку расейскiх i савецкiх, прыпадаюць вёскi, спаленыя разам зь людзямi, канавы з трупамi й гвалт над сьведчаньнямi нацыянальнай тоеснасьцi.
Крывавая, трупная, "нецiкавая" гiсторыя. Гiсторыя акупацыi. Не напiсаўшы яе, мы не напiшам i гiсторыю суб'екта. Мы проста ня станем iм.
ПЭРСАНАЖЫ Й АЎТАРЫ
Калi людзi й сапраўды падзяляюцца на пэрсанажаў i аўтараў, то сёньня час аўтараў застаўся ззаду i надыйшоў час пэрсанажаў, дзейных асобаў, герояў. Драма гэтага часу - у скасаваньнi лiтаратурнае ўмоўнасьцi. Дзюймовачка выпадае з свае шкарлупiны ў брудную балотную ваду. Добра сябе пачуваюць дзейныя асобы, кепска - iх выканаўцы. Артыст у трагедыi знаходзiць цiхi прыстанак пасьля вялiкае сцэны, дзе падманваюць, забiваюць i вымагаюць геройства ўжо ня ўмоўнага. Людзi наракаюць, што вымушаныя рабiць неўласьцiвыя iм рэчы, жыць так, як раней жылi толькi кнiжныя героi. I хлiпкi дзядзечка-пiсьменьнiк, якi ўчора складаў вершы пра мужнага бальшавiка-тэрарыста, сёньня сам мусiць узяць у рукi гранату.
Читать дальше