Дзе Вам найлепш працуецца: у горадзе, вёсцы, доме творчасці і г.д. Ці любіце Вы сам працэс пісьма? Чым пішаце ці друкуеце на машынцы? Ці любіце свой рабочы стол, кабінет? Калі можна, апішыце іх. У які час дня Вам найлепш працуецца? Пішаце кожны дзень? Па колькі гадзін?
У. К.Найлепш працуецца ў тым месцы, якое дае настрой для працы. Таўталогія, але так. На гары ў адрыне, у хаце на вёсцы, у купэ, у кватэры ў сябе за сталом. Паўсюль, калі ёсць настрой жыць і паўната гэтага жыцця.
Толькі пішу . Добрым пяром на добрай паперы. Машынкі не разумею. Працэс пісання — адна з найвялікшых асалод на зямлі, калі ёсць настрой. І трэба ўмець гэты настрой выклікаць.
Люблю свой стол і кабінет. Многа кніг, стол, тахта, рэчы з розных канцоў зямлі, з якіх кожная можа быць вусным апавяданнем пра нейкі выпадак у жыцці.
Улюбёнага часу працы — няма. Раней больш любіў працаваць ноччу. Цяпер — калі з’явіцца настрой.
Працую не кожны дзень. Магу адну думку, адзін сказ у дзень запісаць, а магу сядзець і па дзесяць гадзін, тыдзень, месяц, некалькі месяцаў.
Якія кнігі Вы ў асноўным збіраеце? Ці ёсць у Вас падзел: чытанне з пэўнай мэтай, напрыклад, навуковай, чытанне, так сказаць, для душы ці нават проста для таго, каб адпачыць ад працы? Калі падзел ёсць, што чытаеце для адпачынку? Чым любіце займацца ў вольны час?
У. К.Кнігі спецыяльна не збіраю. Толькі ўлюбёныя мастацкія, слоўнікі і даведнікі, геаграфія, гісторыя і археалогія. Асядаюць і кнігі, прыдбаныя з пэўнай мэтай, для работы, і для душы, і для адпачынку (кнігі-дзівакі, кнігі-загадкі, кнігі рэдкага лёсу, дэтэктывы і г.д.)
У вольны час люблю ездзіць, проста швэндацца між людзей, знаёміцца з людзьмі цікавымі і “небывалымі” (дужа памыляюцца тыя, што клічуць мяне “рамантыкам”. Няма ў мяне амаль тыпаў выдуманых , падзей, якіх не было або не магло быць. Я проста валодаю спаўна здольнасцю знаходзіць такіх людзей, трапляць у абставіны рэдкія. І, апісваючы іх, я карыстаюся вымыслам у найменшай ступені.).
Ці лічаце Вы, што ў Вас ёсць дзівацтвы? Які, на Вашу думку, у Вас характар, тэмперамент? У якіх адносінах знаходзіцца ў Вас фантазія з лагічным мысленнем? Ці любіце Вы марыць, даваць волю фантазіі? Ці верыце ў мастацкую інтуіцыю?
У. К.Пісанне ўжо само па сабе дзівацтва, нешта не зусім будзённае. А ў мяне, да таго, і ў штодзённым жыцці дзівацтваў хапае. Лічу, што без іх пісьменніка няма. Аб характары і тэмпераменце маім сведчаць лепей за ўсё маё жыццё і мае кнігі.
Фантазія неадлучная ад логікі , свайго фундамента. Іначай гэта — грушы на вярбе.
Марыць і даваць волю фантазіі — першае, што складае пісьменніка. Мастацкая інтуіцыя — таксама.
Назіральны Вы чалавек? Якая ў Вас памяць? Ці ёсць кніжкі для запісаў? Ці ствараеце папярэдне план твора на паперы?
У. К.Думаю, што я назіральны , часам нават вельмі. Памяць добрая на тое, што трэба. Што не трэба — забываецца адразу. Нават важнае з бытавога боку. Магу памятаць адценне, пах, імгненны вобраз — гадамі і забыць аб учарашняй важлівай, але нецікавай размове.
Кніжкі для запісаў ёсць. Многа. Менавіта для назваў, імён і інш. А то, бывае, бачыш чалавека, як жывога, а назву вёскі забыў. “Бранебойную” дэталь памятаеш, а колькі год гэты чалавек працуе, скажам, падводным археолагам — вылецела з галавы (круціцца, а не ўспомніш).
План — абавязковы . Спачатку агульны, пасля ўсё больш і больш удакладнены (аж да асобных рэплік). І зноў, і зноў. Урэшце план ужо амаль твор (у гэты момант ён перапэцканы так, што і чорт не разбярэцца). А пасля пішу начыста, амаль без правак. Бо ўсё ўжо ясна. Часам, праўда, героі пачынаюць хуліганіць, весці сябе не так, як было задумана. І я іх заўсёды слухаюся і даю ім волю. Бо калі яны ўжо робяцца самастойныя — гэта азначае, што рэч удаецца, што яна жыве.
Вы — пісьменнік рамантычнага складу. Значыць, Вас цікавіць усё незвычайнае. Што канкрэтна (хоць і па творах можна, безумоўна, многае ўявіць, але ўсё ж не ўсё, ад аўтара пачуць — важней)? Ці ёсць прататыпы ў Вашых “негістарычных” асоб, напрыклад, у “Чазеніі”?
У. К.Я не пісьменнік рамантычнага складу. Хто хоча, каб я яго паважаў — хай здасць гэта азначэнне, гэты ярлык у архіў. Я, можа, больш чым хто, авантурыст (хоць ніколі не шукаў у авантурах выгады), і жыццё падсоўвае мне і такіх людзей, і такія выпадкі, якія не назавеш штодзённымі. “Ищущий обрящет». «Ищите и обрящете» — гэта яшчэ і святое пісьмо гаварыла.
Читать дальше