Уладзімір Караткевіч у росквіце творчых сіл, у яго шмат цікавых задум і планаў. За рабочым сталом пісьменніка нараджаюцца новыя творы, якія — а лічыць так ёсць усе падставы — будуць з такой жа ўвагай і цікавасцю сустрэты чытачамі, як і тыя, якія ўбачылі свет раней і па праву залічаны на вялікі рахунак беларускай літаратуры.
Аўтар матэрыялу — Б. Фірштэйн.
Уладзімір Караткевіч выступае ў розных жанрах. Яго першы надрукаваны верш "Машэка" з'явіўся ў 1955 годзе на старонках часопіса "Полымя". Затым былі апублікаваны "Спадарожнік зямлі", "Партызанская балада", "Паўлюк Багрым", "Балада пра паўстанца Ваўкалаку", "Заяц варыць піва", іншыя вершы.
Гэтыя выступленні адразу засведчылі, што ў літаратуру прыйшоў адметны, са сваім почыркам паэт, які мае што сказаць. У яго паэзіі пераважае гістарычная тэматыка, баладна-рамантычныя сюжэты, ёй уласціва рамантычна-асацыятыўная вобразнасць.
Караткевіч выдаў тры зборнікі паэзіі: "Матчына душа", "Вячэрнія ветразі" і "Мая Іліяда". Адначасова пачаў працаваць над прозай: напісаў аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха", раманы "Нельга забыць", "Каласы пад сярпом тваім", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", зборнікі аповесцей і апавяданняў "Блакіт і золата дня", "Чазенія", "Вока тайфуна", "Казкі", нарыс "Белавежская пушча". Ён жа — аўтар п'ес "Млын на Сініх Вірах", "Званы Віцебска", "Кастусь Каліноўскі", сцэнарыяў кароткаметражных фільмаў "Сведкі вечнасці", "Памяць камня", "Будзь шчаслівай, рака", паўнаметражнага — "Дзікае паляванне караля Стаха" і інш.
Летась у серыі "Бібліятэка беларускай прозы" выйшла кніга Уладзіміра Караткевіча "З вякоў мінулых". Край і людзі — вось фон, на якім адбываюцца падзеі. Пісьменнік узнаўляе старонкі гісторыі беларускага народа, паказвае дзеянні нашых продкаў, іх мужнасць у барацьбе супраць прыгнятальнікаў і веру ў святую свабоду, іх высакароднасць і душэўную прыгажосць.
Агульную цікавасць выклікала нядаўняя работа пісьменніка — эсэ "Зямля пад белымі крыламі".
— Дарэчы, як з'явілася гэтая кніга?
— Адной з прычын з'яўлення кніжкі было жаданне сказаць пра нацыю, грамадства, якое не нівеліруецца і не павінна нівеліравацца. Чалавек павінен быць як усе: сумленны, працавіты, надзелены тымі якасцямі, што аб'ядноўваюць усіх сапраўдных людзей. Але, як індывідуум, ён павінен адрознівацца ад другога, быць арыгінальным. Таму што сапраўднае грамадства — гэта не мільён аднолькава напісаных нулёў, а мільён розных Асоб. Непаўторных і каштоўных. І кожны народ таксама непаўторны. Няма вялікіх і малых людзей, вялікіх і малых народаў, бо кожны спаўняе сваю місію. Мне хацелася прыраўняць у правах чалавечых вялікіх і малых, таго, хто піша вялікія раманы, і тую, што тчэ непаўторныя посцілкі. Зберагчы сваю непадобнасць — вось задача кожнага народа і вось пра што эсэ "Зямля пад белымі крыламі". У адметнасці і прыгажосць чалавечай душы. Чалавек імкнецца да гэтай адметнасці. Дабрата, сумленнасць — агульныя, усечалавечыя катэгорыі, але існуе адна дабрата і 4 мільярды яе разнавіднасцей, форм. Чалавецтва — гэта бібліятэка, а не мільённы тыраж адной і той самай кнігі, няхай сабе і цудоўнай.
— Калі Вы пісалі "Зямлю пад белымі крыламі", ці існавалі падобныя творы ў іншых рэспубліках?
— Украінскія выдаўцы прапанавалі напісаць мне кніжку пра Беларусь. Такую сабе "малую" мастацкую энцыклапедыю аб ёй. Мы не мелі падобных кніг пра Беларусь. Але была зроблена такая справа ў Літве, Арменіі, Казахстане — выдадзены мастацкія эсэ-даведнікі пра гэтыя рэспублікі. Як пайшла справа ў іншых рэспубліках далей, я проста не ведаю. У "Зямлі пад белымі крыламі" спалучыліся літаратура і фальклор, этнаграфія і архітэктура, гісторыя нашага народа і яго сучаснае жыццё.
— Уладзімір Сямёнавіч, вы любіце падарожнічаць па Беларусі, па ўсёй нашай вялікай краіне. Дзе вы былі нядаўна і куды збіраецеся неўзабаве?
— Быў у горным і стэпавым Крыме, ва Узбекістане, Таджыкістане — вельмі цікава, у Гагры, Піцундзе, Вільнюсе, Дзукіі. Збіраюся на Дняпро, на Рагачоўшчыну, адкуль вядуцца мае продкі. А наогул, вазьміце ў Беларусі любы куток, не памыліцеся, калі скажаце, што я там быў. Падарожжа па родным краі ніколі не надакучыць, бо старое ўбачыш новым. Цягне да Чорнага мора, да рыбакоў. Удзельнічаў у экспедыцыі па старых помніках. Шукалі месца для музея. Намаганнямі многіх людзей адкрылі музей старажытнага мастацтва, археалогіі і этнаграфіі пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. З'ездзіў у Чэхаславакію, дзе я неаднойчы бываў і дзе ў мяне ёсць добрыя сябры. Дарэчы, зараз пераклаў са славацкай мовы кніжку прозы для дзяцей.
Читать дальше