Яшчэ больш катэгарычна выказаўся пазней у гэтым жа духу Дзімітр Дублеў: «Паэты па праву вызвалілі нашу мову ад чужога ўплыву і адкрылі больш нармальнае і натуральнае вымаўленне на балгарскай мове. (...) Свабодны верш ёсць выраз нашай нацыянальнай незалежнасці» [ 38 38 Национално своеобразие в литература. София, 1966, с. 291.
].
Аднак гарачыя апалогіі верлібра як нібыта спаконвечнага балгарскага верша не дапамаглі — ён відочна пайшоў на спад, хаця многія, асабліва чамусьці паэтэсы, працягваюць карыстацца ім. Паэзія, як вядома, ідзе сваім шляхам, падпарадкуючыся эстэтычным законам часу. У празмерным захапленні верлібрам і крытыкі і чытачы хутчэй, чым адраджэнне нацыянальных асноў паэзіі, убачылі рэальную небяспеку яе нівеліроўкі і стандартызацыі. Ды і ці шмат агульнага ў балгарскага народна-песеннага верша з сучасным верлібрам? Гэтае пытанне заслугоўвае, нам здаецца, падыходу больш сур'ёзнага і ўважлівага. Выдатны пісьменнік і знаўца вуснай народнай творчасці Ілія Волен аднойчы зазначыў: «На мяне заўсёды рабіла ўражанне, што сам народ настроены гаварыць рытмічна — падкрэсліваю, не толькі пець, а і гаварыць!» [ 39 39 Современник, 1976, № 2, с. 282.
]. Мабыць жа, з гэтай схільнасцю самога народа — не толькі пець, а нават і гаварыць складна, рытмічна арганізаванай мовай, а то і ў рыфму,— трэба лічыцца?
Да таго ж варта помніць, што балгарскі верш з часоў Боцева значна ўзбагаціўся ў сваім развіцці — праз сусветную і рускую паэтычную культуру — і што гэта ўзбагачэнне было натуральным працэсам (пра ніякі прымус гаварыць не прыходзіцца), было вынікам паступальнага руху жыцця і паэзіі. Дык жа не адмаўляцца ад дасягнутага!
Нават абеглы пагляд на сувязь сучаснай балгарскай лірыкі з фальклорам дазваляе зрабіць вывад, што і сёння прычашчэнне з жыватворных крыніц вуснай народнай творчасці з'яўляецца для паэзіі ў вышэйшай ступені плённым і што засваенне багаццяў і ўрокаў мастацкай творчасці народа ёсць і застаецца задачай першачарговай важнасці для ўсякага сур'ёзнага паэта. А перш за ўсё — засваенне таго ўрока, пра які добра сказаў толькі што спамянуты мудры балгарын Ілія Волен: «Народны пясняр не мог не стварыць песню пра Балканджы Йова, якая настолькі блізкая да пакут і гора народа, што ўяўляе сабою нешта паміж плачам і песняй. Ні аднаго радка непражытага, ні аднаго слова нявыплаканага» [ 40 40 Современник, 1976, № 2, с. 287—288.
] (падкрэслена мной.— Н. Г.). Так і ў сапраўднага паэта: ні радка і ні слова — якія не выплеснуліся з душы і сэрца Чалавека, Патрыёта, Грамадзяніна.
1978
Урок пакут, бясстрашнасці і бяссмерця
Балгарская паэзія аб антыфашысцкай барацьбе ў гады другой сусветнай вайны — вельмі прыкметная і яркая старонка ў гісторыі нацыянальнай літаратуры XX стагоддзя — старонка, якая яшчэ далёка не дапісана да канца і невядома, ці будзе калі дапісана. Паэзія гэта цікавая і дарагая для нас перш за ўсё тым, што яна раскрывае такія выдатныя рысы характару братняга народа, як свабодалюбства і патрыятызм, пачуццё гуманізму і ўсведамленне інтэрнацыянальнага абавязку ў агульнай барацьбе працоўных свету супроць сіл агрэсіі і цемрашальства. Гэта паэзія народа, які ў цяжкі і суровы час, насуперак намаганням здрадніцкага прафашысцкага ўрада, не паставіў на ўсходні гітлераўскі фронт ні аднаго салдата, які па ўсіх гарадах і сёлах — пад кіраўніцтвам БКП, у арганізацыях Айчыннага фронту — разгарнуў актыўную падпольную барацьбу за падтрымку Савецкага Саюза, аказаў упартае супраціўленне ненавіснаму рэжыму, адправіўшы ў лясы і горы — у атрады народных мсціўцаў — дзесяткі тысяч лепшых сыноў і дачок.
Становішча і ўмовы, у якіх змагалася працоўная Балгарыя супроць фашыстаў, у многім адрозніваліся ад становішча акупаванай гітлераўцамі Савецкай Беларусі, на якую фашысцкая кліка абрынула не толькі расавую, але і перш за ўсё сацыяльна-класавую нянавісць і мела на мэце вынішчыць беларускі народ да апошняга чалавека. Нечуваны размах і напал усенароднай барацьбы з акупантамі — барацьбы не на жыццё, а на смерць — да апошняга дыхання, да апошняй кроплі крыві — абумовілі, зразумела, і адпаведны размах і напал гераічнай беларускай паэзіі перыяду вайны, моц і вышыню яе патрыятычнага духу, сілу і глыбіню пранікнёнасці яе мастацкіх вобразаў. Вершы і паэмы Я. Купалы, Я. Коласа, А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанкі, П. Броўкі, П. Глебкі, Зм. Астапенкі, М. Сурначова і другіх нашых паэтаў назаўсёды застануцца ў гісторыі савецкай літаратуры як непаўторны ўзор высокага і самаахвярнага служэння словам народу і Радзіме.
Читать дальше