Кіргізская літаратура — хаця і належыць у нас да «младапісьменных» — сёння ўжо зусім спелая літаратура. Але яна можа бадай што быць прыкладам у плане той размовы, якую мы вядзём,— у плане сувязяў з фальклорнымі вытокамі. Асабліва, мне здаецца, раўніва ўздымае і трактуе праблему гэтых сувязяў Чынгіз Айтматаў — адзін з самых выдатных сучасных пісьменнікаў сусветнага маштабу. «Найбагатшы эпічны фальклор, пісаў Айтматаў, паслужыў першай крыніцай узнікнення кіргізскай пісьменнай літаратуры і цяпер жывіць яе сваімі сокамі» [ 5 5 Литература народов СССР, М., 1966, с. 286.
]. Аб справядлівасці гэтых слоў найлепшым чынам сведчыць творчасць самога Ч. Айтматава.
Між іншым, кіргізскі фальклор — адзін з багацейшых у свеце. Толькі гераічны эпас «Манас» налічвае 750000 радкоў — 30 вялізных тамоў па 25000 радкоў у кожным. Падумаем: як павінен пачувацца кіргізскі, інтэлігент, паэт і пісьменнік, ведаючы, якое несмяротнае мастацтва ён прадстаўляе, якая магутная пад ім духоўная і культурная глеба? І як ён павінен да гэтай спадчыны ставіцца? Ці можа ён без яе абыходзіцца? Ці можа ён мірыцца, каб мастацкая культура такога народа заставалася «тэрра інкогніта» і не была адкрыта ўсяму свету? І ці можа ён заадно змірыцца, каб тая тэндэнцыя да уніфікацыі і стандартызацыі, што заяўляе аб сабе ў нашым сучасным жыцці, перамагла, падмяла пад сябе і заглушыла цудоўныя кветы самабытнай нацыянальнай культуры яго народа? Само сабой зразумела, што з гэтым мірыцца ён не можа, калі ён чалавек-грамадзянін і патрыёт.
І таму мы, напрыклад, вельмі добра разумеем і трывогу, і засмучэнне Чынгіза Айтматава, калі ён піша: «Добра, што мае землякі сталі пісьменныя, тэхнікай валодаюць, але засмучае тое, што, па-першае, яны забываюць добрыя народныя традыцыі, па-другое, не заўсёды даражаць сваёй унутранай, самабытнай культурай»[ 6 6 Вопросы литературы, 1976, № 8, с. 153.
]. У другім месцы ёп жа гаворыць аб тым, якое сумна-гніблівае ўражанне робяць гэтыя вясельныя «Волгі» з лялькамі, з каляровымі шарамі і стужкамі — усюды аднолькавыя — ад Брэста да Сахаліна. Як хутка гэта страціла сваю прывабнасць іменна таму, што на ўсю краіну уніфікавана і стандартызавана.
Можна было б прывесці дзесяткі і сотні падобных выказванняў, што належаць вядомым пісьменнікам — прадстаўнікам іншых нацыянальных літаратур Саюза, але ў гэтым няма патрэбы. Сэнс іх зводзіцца да аднаго: нацыянальны фальклор і наогул уся духоўная спадчына народа жывіць сучасную культуру і літаратуру, спрыяе іх росквіту і з'яўляецца трывалай апорай у іх процістаянні шкодным тэндэнцыям уніфікацыі і касмапалітызацыя нацыянальнай абязлічанасці, антынароднасці і фармалізму. Пры гэтым — ніхто не адмаўляе вялікай станоўчай ролі прагрэсіўнай сусветнай культуры, наадварот — усе падкрэсліваюць, што без далучэння да яе, без узброенасці яе набыткамі немагчыма па сапраўднаму будаваць сёння сваю нацыянальную культуру.
Але добра — гаворка пакуль што была пра літаратуру гэтак званых «младапісьменных» народаў. Каб не склалася ўражання, што гэтыя пытанні не хвалююць прадстаўнікоў сучаснай рускай літаратуры, спяшаюся сказаць: хвалюе, і нават вельмі. Хто ўважліва сочыць за рускай літаратурай і крытыкай апошняга дзесяцігоддзя, у таго не выклікае сумнення, што і там назіраецца пэўны паварот да «вытокаў» і ў сувязі з гэтым узмацніўся працэс фалькларызацыі. Аформілася цэлая магутная плынь у прозе, якую называюць «вясковай», а саміх пісьменнікаў — «глебавікамі». Вядома, азначэнні гэтыя ўмоўныя, хаця і не выпадковыя. Фактычна, гэта самае таленавітае цяпер ядро рускай прозы: Ф. Абрамаў, В. Шукшын, В. Бялоў, В. Астаф'еў, В. Распуцін, Я. Носаў i iнш. Падобнае ж бачым мы і ў сучаснай рускай паэзіі, асабліва ў творчасці паэтаў таго пакалення, што заявілася ў 50-60-х гадах. Моцна адчуваецца «фальклорная школа» і цяга да фальклорных вытокаў і ў некаторых найбольш таленавітых прадстаўнікоў апошняга выяўленага пакалення.
Чым жа растлумачыць такі ўзмоцнены клопат пра нацыянальныя вытокі і карэнні ў сучаснай рускай літаратуры? Здавалася б, ёй-то, гэтакай вялікай і магутнай, чаго трывожыцца? Пытанне гэта не простае. Але думаецца, што прычына для трывогі і ў рускіх пісьменнікаў тая ж самая. Думаецца, што яна выклікана пэўным паслабленнем у рускай літаратуры народнага пачатку, пэўным паслабленнем сувязяў з вытокамі, з глебай, а іначай сказаць — паслабленнем сувязі пакаленняў. Пачала была песці страты такая галоўнейшая якасць літаратуры, як народнасць. І натуральна, што літаратура, якая заўсёды вызначалася і была моцная духам народнасці, схамянулася і ўстрывожылася. Паслабляць гэтую якасць права ёй не дадзена.
Читать дальше