1980
Фальклор і праблема народнасці літаратуры на сучасным этапе
Праблема ўзаемаадносін літаратуры і фальклору набывае ў апошнія гады ў нашай краіне, ды, здаецца, і ў цэлым свеце, усё большую актуальнасць: да яе ўсё часцей і з усё глыбейшай зацікаўленасцю звяртаюцца як пісьменнікі, так і вучоныя — літаратуразнаўцы і фалькларысты. У публіцыстычных і крытычных матэрыялах літаратурных часопісаў і газет, а таксама ў навуковых выданнях пастаянна — у тым ці іншым плане — гучыць тэма сувязі сучаснай паэзіі і прозы з нацыянальным фальклорам, з вытокамі народнай мастацкай і наогул духоўнай культуры, з духоўнай спадчынай народа. Размова часам нават пераходзіць у досыць тэмпераментныя дыскусіі, як, напрыклад, тая, што на працягу чатырох гадоў (1976-1979) вялася на старонках часопіса «Вопросы литературы», у якой прынялі ўдзел вядомыя літаратуразнаўцы і паэты з розных рэспублік Савецкага Саюза.
Зразумела, што ажыўленне цікавасці да праблемы «літаратура і фальклор» выклікана пэўнымі аб'ектыўнымі прычынамі, нейкімі рэальнымі працэсамі, што маюць месца ў духоўным жыцці грамадства і ўплываюць на літаратурна-мастацкую творчасць. Мне здаецца, ёсць усе падставы гаварыць, што ў апошні час — не толькі ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі, але і ў асяроддзі ўсёй культурнай грамадскасці — цікавасць да фальклору ўвогуле расце, узмацняецца. Праўда, працэс гэты досыць складаны і дыялектычна супярэчлівы. Але факт — рэч упартая, а факт заключаецца ў тым, што паварот душы нашага сучасніка да народнага мастацтва і паэзіі, да нацыянальна-фальклорных вытокаў духоўнасці абазначыўся зусім выразна. Яшчэ гадоў пятнаццаць назад такога не назіралася. Сведчаннем гэтаму не толькі літаратура — паяўленне мноства выдатных твораў, адзначаных відочнай сувяззю з нацыянальным фальклорам як з крыніцай ідэй, сюжэтаў, вобразаў і моўна-выяўленчых сродкаў. Пра гэта сведчыць, напрыклад, музычнае мастацтва — узнікненне шматлікіх прафесійных і самадзейных фальклорна-этнаграфічных груп, вакальна-інструментальных ансамбляў, накшталт «Песняроў», творчыя сілы якім дало і забяспечыла вялікі поспех іменна звяртанне да скарбаў нацыянальнага меласу, да песеннага фальклору свайго народа. Пра гэта ж сведчыць і рост выданняў і тыражоў фальклорных кніг — зборнікаў казак, песень, прыказак, якія вельмі хутка знікаюць з паліц кнігарань. Ёсць і іншыя сведчанні, але, думаю, дастаткова і сказанага.
Чым жа растлумачыць, што ў век космасу, атама, біёнікі, электронікі — як мы яго толькі не называем! — адным словам, у век бурнага развіцця НТР цікавасць шырокіх колаў грамадскасці да народнай творчасці, да фальклору — узрастае? Пытанне гэта, вядома, вельмі няпростае. Тым не менш, паспрабуем выказаць некаторыя свае меркаванні, не прэтэндуючы, зразумела, на беспагрэшнасць і вычарпальнасць адказу.
На нашу думку, адна з асноўных прычын таго, чаму мы раптам так дружна пацягнуліся да фальклору — тоіцца ў асаблівасцях нашага часу, у сацыяльна-псіхалагічных умовах жыцця. Урбанізацыя, тэхнізацыя, засілле робатаў і сурагатаў, штучных матэрыялаў і нават штучнага харчу — усё гэта абуджае ў чалавека моцную настальгію па натуральнаму, прыроднаму, сапраўднаму, няштучпаму. Тая ж сіла, што гоніць нас з удушна-дымнага горада на прыроду, у лес, у поле, на раку,— тая ж сіла прымушае нас павярнуцца тварам да фальклору — таксама натуральнай, сапраўднай, непадробнай паэзіі, прымушае прычасціцца душою да першародных, неапошленых і неспахабленых крыніц хараства. Відаць, мы стамляемся не толькі ад шуму-тлуму і лішняй інфармацыі, але і ад клопатаў-згрызот, пачуццяў і думак вельмі будзённых, далёка не святочных, і таму фальклор — гэты па-дзіцячы бясхітрасны, чысты, неспадманна прыгожы паэтычны свет — з'яўляецца для нас аддушынай, ён спаталяе нашу прагу — вечную і непераможную чалавечую прагу дабрыні і справядлівасці, праўды і шчырасці, чысціні і хараства. Мы стамляемся ад духоўнага сурагату, ад тандэтнай прадукцыі гэтак званага «мастацкага шырпатрэбу», які кожны дзень і на кожным кроку абрынваецца на нас і аглушае наш музычны і паэтычны слых, прытупляе наш мастацкі густ.
З тых жа сацыяльных працэсаў, што выкліканы развіццём НТР, а таксама з незвычайна інтэнсіўнага росту міжнародных эканамічных і культурных сувязяў, усемагчымых кантактаў, вынікае і другая прычына павароту культурна-творчых сіл грамадскасці — і перш за ўсё пісьменнікаў — да фальклору як да вытокаў нацыянальнага духу. Справа ў тым, што хочам мы гэтага ці не, але ў сілу саміх умоў нашага існавання, асаблівасцей нашага часу, на ўсёй бадай што планеце акрэслілася тэндэнцыя да касмапалітызацыя духоўнага жыцця, якая моцна падтрымліваецца тэндэнцыяй прагматызму, паколькі прагматызм — катэгорыя нацыянальна безаблічная і, само сабой зразумела, бездухоўная. А ў свеце ёсць сацыяльныя і палітычныя сілы, зацікаўленыя ва ўзмацненні гэтых тэндэнцый, у пашырэнні бездухоўнасці.
Читать дальше