Ціскі цэнзуры, вядома, не давалі паэту магчымасці зусім адкрыта абвяшчаць сваю партыйную платформу, выказваць сваё ідэйнае крэда, сваё камуністычнае верую, свае гарачыя сімпатыі да краіны Леніна, сваё захапленне пераможным будаўніцтвам новага грамадскага ладу ў СССР. Але, чытаючы яго вершы, усё гэта адчуваеш і знаходзіш адразу ж — у самім духу твораў, у іх пафасе. Словы іншы раз як быццам бы і не такія ўжо небяспечныя для ворагаў працоўнага народа, але пафас, пафас! — той унутраны нябачны агонь, што з агромністай, неўгамаванай энергіяй і сілай вырываўся з яго рытмаў і інтанацый і закідваў іскры любові і гневу ў сэрцы людскія. Гэты баявы, рэвалюцыйны пафас нараджаўся з глыбокай і непахіснай веры паэта — у яго вялікай, акрыленай і загартаванай бітвамі душы, і менавіта ён у першую чаргу забяспечваў Вапцараўскаму слову зайздросную жыццяздольнасць і даўгавечнасць. У ім перш за ўсё трэба шукаць адказ на пытанне, чаму паэзія Вапцарава і сёння займае такое вялікае месца ў духоўным жыцці нацыі і аказвае такі жыватворны ўплыў на ідэйна-мастацкае станаўленне новых пакаленняў паэтаў сацыялістычнай Балгарыі.
Гісторыя сусветнай літаратуры ведае нямала прыкладаў, калі сапраўднае значэнне і роля паэта вырысоўваліся толькі пасля яго смерці. Паэтычны лёс Ніколы Вапцарава належыць якраз да ліку гэткіх. Вапцараў прыняў смерць ад рукі фашысцкіх катаў, па сутнасці, у самым пачатку свайго творчага шляху, аўтарам адзінага зборніка вершаў «Песні матора». І чытачоў у яго было тады не так ужо многа. Некаторыя вершы, як, напрыклад, знакамітая «Сельская хроніка», наогул у друк не маглі трапіць і распаўсюджваліся ў рукапісу ў выглядзе лістоўкі. Надзвычайная сціпласць, калі хочаце — недаацэнка самога сябе як паэта адыгралі, трэба думаць, сваю пэўную ролю ў яго трагічным лёсе. Бо калі б яшчэ тады, пры жыцці аўтара, яго высокаталенавітая, яркая, наватарская паэзія атрымала больш-менш шырокае грамадскае прызнанне (а яна ж гэтага заслугоўвала!), калі б сам аўтар умеў і мог хоць бы трохі аб гэтым прызнанні паклапаціцца, а не трымаўся ў літаратурным асяроддзі больш чым сціпла,— хто ведае: можа быць, і абмінула б яго горкая доля! Можа быць, голас грамадскасці і паўплываў бы на зыход справы і не дапусціў бы расправы над вялікім мастаком, паколькі талент ёсць нацыянальнае багацце, а тым больш талент такога маштабу. Зрэшты, гэтыя думкі нараджаюцца хутчэй за ўсё толькі ў тайніках нашага непазбыўнага болю і горычы ад усведамлення вялікай, незваротнай страты, толькі таму, што мы ніколі не зможам змірыцца і дараваць гвалтоўнае забойства такога цудоўнага, светлага, такога чалавечнага таленту! Хутчэй за ўсё — ніякі голас абароны не адвёў бы крывавую руку катаў, бо фашызм і талент — паняцці несумяшчальныя. Як добра сказаў у адным са сваіх вершаў Любамір Леўчаў: «Талент — гэта Мамаеў курган, фашызм — гэта бяздарнасць».
Ён быў расстраляны фашыстамі як кіраўнік дыверсійна-падрыўной групы, член Ваеннай камісіі падпольнага ЦК Балгарскай камуністычнай партыі. Але можна ўпэўнена сцвярджаць, што не з меншай, а, можа, нават з большай лютасцю, чым над камуністам-падрыўніком, фашысцкія каты праглі ўчыніць крывавую расправу над камуністам-паэтам, чыя творчасць даўно ўжо была для іх страшней за кулю і бомбу. Страшней — таму што яна была чырвоным сцягам, пад які сходзіўся працоўны люд Балгарыі, таму што яна клікала да барацьбы і ўсяляла ў сэрцы змагароў веру ў перамогу.
І калі заўтра нас на смерць пагоняць, пад кулі нас патураць прымусова, то і дурному ясна, што сягоння павінны мы сваё сказаць ім слова .
І я кажу:
паколькі льём мы слёзы,
а не алей на чорны хлеб,—
цяпер
у нас адзін
непераможны
лозунг:
Далоў тэрор!
Саюз з СССР!
Зразумела, што аўтару такіх вершаў разлічваць на літасць фашысцкага суда не прыходзілася. І Вапцараў не разлічваў. І ў сваім апошнім слове па судзе ні ў чым не раскаяўся. Смерць ён спаткаў спакойна і мужна, як належыць герою.
Пасля расстрэлу Федэрыка Гарсіі Лоркі — смерць Ніколы Вапцарава — самае подлае і чорнае забойства, з учыненых фашыстамі ў літаратуры, і самая цяжкая ахвяра, якую панесла Паэзія ў імя Перамогі над фашызмам.
У 1952 годзе ў Вене аўтарытэтнае журы пад старшынствам П'ера Кота прысудзіла Ніколу Вапцараву — нацыянальнаму герою Балгарыі — Ганаровую Міжнародную прэмію міра (пасмяротна). Сярод сямідзесяці двух кандыдатаў на гэтую прэмію журы выбрала яго. Гэтым самым у міжнародным маштабе былі прызнаны не толькі заслугі Вапцарава ў змаганні супроць фашызму, але і — перш за ўсё — агромністае значэнне ягонай паэзіі ў барацьбе за мір і дружбу паміж народамі на сучасным этапе.
Читать дальше