Жыццё без жалю жорсткай лапай
нас па ратах галодных біла,
таму і наш язык шурпатым,
непаваротлівым зрабіла.
Таму і песня, што складаем,
не тхне салодкаю парфумай:
у сна яе мы выкрадаем —
выходзіць сціслай і пахмурай.
Сказана па-салдацку проста і сурова, без ценю позы або самалюбавання (хаця аўтар размаўляе з гісторыяй!). Інтанацыі цалкам адпавядае мова — сапраўды «шурпатая», далёкая ад рафініраванай вытанчанасці, але рэалістычна дакладная і строгая. Зусім іншая танальнасць і іншая мова ў знакамітым «Развітальным», напісаным у турме, за тры месяцы да расстрэлу, і прысвечаным жонцы:
Я буду ў сны твае прыходзіць зрэдку,
як госць далёкі ў мілы сэрцу край.
Не прымушай мяне чакаць дарэмна —
дзвярэй на засаўку не запірай!
Зайду цішком, прысяду моўчкі блізка,
у змроку позіркам цябе знайду:
нагледзеўшыся, пахілюся нізка,
нячутна пацалую і пайду.
У цэлым для паэтычнага стылю Вапцарава чужыя натуралістычнасць і прыземленасць. Наадварот, лірычная атмасфера яго вершаў, пры ўсёй яе прастаце і натуральнасці, вызначаецца рэвалюцыйна-рамантычнай прыўзнятасцю.
Цікавы і своеасаблівы рытміка-інтанацыйны рысунак Вапцараўскага верша. Разлічаны па форму непасрэднага звароту і жывой размовы з чытачом, верш паэта нярэдка выкарыстоўвае свабодную размоўную інтанацыю, адчаю і групаванне радкоў рознай даўжыні таксама бывае часам даволі свабодным — аж да разбіўкі «лесвіцай». Але гэтыя характэрныя вапцараўскія мадуляцыі ажыццяўляюцца ў межах сілаба-тонікі — на чыста інтанацыйны, танічны верш паэт не пераходзіць. Не адмаўляецца ён і ад рыфмы, якая ў яго, у поўнай адпаведнасці з рухомай рытмічнай арганізацыяй і страфічнай раскаванасцю, таксама вызначаецца свабодным размяшчэннем і незахоўваннем класічнай строгасці гучання, прыблізнасцю і непаўнатой.
Безумоўна, што ў выпрацоўцы новых прынцыпаў рытмічнай пабудовы верша Вапцараў не абышоўся без творчага вопыту буйнейшага рэфарматара паэтычнай мовы Уладзіміра Маякоўскага. Зрэшты, уплыў апошняга адчувальны не толькі ў галіне формы — яшчэ больш відочны ён у ідэйным змесце Вапцараўскай паэзіі. Гэтак жа, як і ўплыў Максіма Горкага, на смерць якога Вапцараў адклікнуўся вялікім усхваляваным вершам.
Сур'ёзны і ўдумлівы мастак слова, Вапцараў у барацьбе за фарміраванне новай паэтыкі абапіраўся і на дасягненні вялікіх паэтаў мінулага, і перш за ўсё, само сабой зразумела, на «плячо» такіх духоўных волатаў нацыі, як Боцеў, Вазаў, Явараў, Смірненскі. Высокаму майстэрству паэтычнага слова вучыўся ён і ў несмяротнай народнай песні — і ў гэтым таксама трэба бачыць спеласць яго розуму і мудрасць сэрца. У вершы «Даклад» чытаем:
Вецер спявае ў зялёных лісцях —
слухай
і толькі запісвай.
Запісвай сумленна і проста,
як звеку
проста пяюць у народзе:
«Заплакала дуброванька
дый па Інджу-ваяводзе...»
Многае гавораць нам і заключныя радкі верша пра Пушкіна, у якога, прызнаецца паэт, ён вучыцца «пісаць свой кожны пратэст гэтак жа шчыра і гэтак жа гучна».
Вапцараў быў паэт-грамадзянін у самым сапраўдным значэнні гэтага словаспалучэння. Такім ён застаўся, не здрадзіўшы сабе, нават перад тварам смерці. Вядомы апошнія словы Смірнепскага: «Дайце мне «Рабочую газету»! «Рабочую газету» хачу!» А вось апошняе пытанне Вапцарава: «Якое савецкае камюніке і становішча на Крымскім паўвостраве?» Ён спытаў гэта ў жонкі незадоўга да расстрэлу. Хіба людзі такой мужнасці — такія волаты духу, такія рыцары ідэі — адыходзяць з жыцця без следу?
Нацыянальны герой Балгарыі Нікола Вапцараў быў забіты ў трыццаць тры гады ад роду — сапраўды ў самым росквіце творчых сіл. Але жыццё вялікага паэта працягваецца. Пасля перамогі Дзевятага Верасня ён стаў у Балгарыі самым папулярным і любімым паэтам. Стаў гордасцю і славай народа. У гісторыі балгарскай паэзіі яго імя стала ў адзін шэраг з імёнамі Ракоўскага, Славейкава, Боцева, Вазава, Яварава, Дэбелянава, Смірненскага, Мілева.
На скрыжалях чалавечай памяці такія імёны не паддаюцца разбуральнай сіле часу.
3. Паэзія Вапцарава на шляху да беларускага чытача
Імя і творчасць Ніколы Вапцарава ў Беларусі напачатку было вядома толькі па рускіх перакладах і прысвечаных Балгарыі літаратурна-публіцыстычных артыкулах. Першыя пераклады яго вершаў на беларускай мове паявіліся ў рэспубліканскім друку ў другой палавіне 50-х гадоў. Але, на жаль, гэта былі пераклады з перакладаў — крыніцай іх было рускае выданне 1952 года, і таму гаварыць аб сур'ёзным творчым асваенні Вапцараўскага верша ў тую пару на беларускай мове не прыходзіцца. Такое асваенне — з мовы арыгінала — пачалося крыху пазней, у пачатку 60-х гадоў, калі ўстала пытанне аб выданні ў Беларусі анталогіі балгарскай паэзіі. Анталогія гэта, пад назвай «Ад стром балканскіх», выйшла ў 1965 годзе, і ў ёй Вапцараў прадстаўлены такімі вершамі, як «Вера», «Пісьмо» («Ты помніш...»), «Зямля», «Збудуем завод», «Сельская хроніка», «Развітальнае», «Перадсмяротнае» і інш. Потым у беларускай перыёдыцы паявіліся яшчэ некаторыя пераклады з Вапцарава. У 1978 годзе выйшла анталогія балгарскай паэзіі «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», прысвечаная 100-годдзю вызвалення Балгарыі,— у ёй Вапцараў прадстаўлены такім вядомым і значным творам, як «Даклад». 1979 год у сваёй працоўнай біяграфіі я мог бы з поўным правам назваць «Вапцараўскім» — ён амаль увесь прысвечаны працы над беларускай кнігай яго паэзіі. Да юбілею паэта падборкі яго вершаў былі апублікаваны ў часопісах «Полымя» і «Маладосць», у газетах «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная змена».
Читать дальше