Расстрэл, і за расстрэлам — чэрві.
Усё лагічна: смерць і жвір магільны.
Ды ў буру зноў табе паслужым верна,
народзе мой, бо так цябе любілі мы!
А нашы жанчыны, тысячы і сотні тысяч адзінокіх жанчын, што з маладых гадоў засталіся ўдовамі вялікай вайны, ды і ўсе ўдовы свету,— хіба яны не адкажуць светлай жаночай удзячнасцю на Вапцараўскае «Развітальнае», хіба гэтыя радкі не абпаляць іх сэрцы болем?
Каб такія вершы, нічога не страціўшы і не сказіўшы, данесці да свайго чытача, паэту-перакладчыку мала ведаць балгарскую мову і мець самае агульнае ўяўленне, хто такі Вапцараў. Упачатку яго чакае немалая праца над тым, каб зразумець, спасцігнуць сам паэтычны феномен Вапцарава, а затым — незвычайна цяжкая і напружаная праца над яго радком, над яго словам.
Каб па-сапраднаму зразумець Вапцарава, неабходна перш за ўсё зразумець і засвоіць гістарычны лёс яго краіны і яго народа, а таксама — яго, Вапцараўскі, час, палітычны і маральны клімат грамадскага жыцця Балгарыі 30-х гадоў, духоўныя пошукі і імкненні перадавой балгарскай інтэлігенцыі той пары. Неабходна, напрыклад, ведаць, што Вапцараў, будучы камуністам, глыбока ўсвядомлена і пераканана звязваў будучыню свайго народа з перамогай сацыялістычнай рэвалюцыі ў Балгарыі і вёў па даручэнню партыі канкрэтную агітацыйна-прапагандысцкую работу. Што ён ганарыўся сваім паходжаннем з сям'і балгарскага рэвалюцыянера — паплечніка Пеё Яварава, Гоце Дэлчава і Даме Груева па барацьбе за ўз'яднанне ўсіх балгарскіх зямель у адной незалежнай дзяржаве. Што ён быў гарачым патрыётам свайго пірынскага краю і цяжка перажываў трагічныя заломы яго лёсу. Што ён ведаў балгарскую рэчаіснасць і, у прыватнасці, жыццё балгарскага пралетатарыяту не з кніг і не па чутках і атрымліваў уражанні — «матэрыял» для сваіх вершаў — як кажуць: з першых рук,— ён сам быў рабочым. Што ён, імкнучыся засвоіць вяршыні сусветнай паэтычнай культуры, у той жа час прайшоў вялікую эстэтычную школу нацыянальнага фальклору. Неабходна ведаць, што для Вапцарава Краіна Саветаў была ўвасабленнем яго рэвалюцыйнай мары, да якой ён цягнуўся ўсім сэрцам і душою. Што ён глядзеў савецкія кінафільмы і любіў спяваць у цесным сяброўскім коле папулярныя ў тыя гады савецкія песні. Што ён шукаў выпадку, каб спаткацца з савецкімі людзьмі, а гэта было тады справай рызыкоўнай і небяспечнай. Што ў сваёй творчасці ён імкнуўся арыентавацца на сацыяльныя і маральныя ідэалы савецкай літаратуры і што апошняя была для яго маяком неадольнай прыцягальнай сілы. Усё гэта, як і многае іншае, абавязкова трэба ведаць паэту-перакладчыку, таму што інакш проста не зразумець многіх твораў Вапцарава, не спасцігнуць належным чынам ідэйнай сутнасці ягонай творчасці ў цэлым, яго найпершага і найгалоўнага сэнсу.
Калі ж уся гэта вялікая і неабходная падрыхтоўчая праца будзе прароблена — застанецца самае цяжкае: даць жыццё вершу Вапцарава на сваёй роднай мове. Але даць іменна жыццё, а не існаванне — не збедненае, не прышчэмленае і немачнае паўжыццё, а тое моцнае, свабоднае і паўнакроўнае жыццё, якім жыве яго верш на роднай матчынай мове. Цяжкасці, з якімі сутыкнуўся беларускі перакладчык Вапцарава, напэўна, зведалі і яго калегі з другіх паэтычных краёў, хаця тут многае залежыць ад канкрэтных умоў, у прыватнасці — ад характару нацыянальнай паэтычнай традыцыі, ад ступені распрацаванасці розных стыляў літаратурнай мовы, ад рытмічных, эўфанічных і іншых магчымасцей, закладзеных у самой прыродзе верша і г. д.
Чым жа, на мой погляд, тлумачыцца цяжкасць непасрэднай працы паэта-перакладчыка над вершам Вапцарава?
Справа ў тым, што вапцараўская паэзія — глыбока наватарская і па духу і, кажучы словамі Маякоўскага, па самой сваёй «строчечной сути». У балгарскай крытыцы ўжо адзначалася, і справядліва адзначалася, што непасрэднага паэтычнага настаўніка Вапцарава назваць немагчыма — ён ні на кога са сваіх папярэднікаў не падобны, такога верша,— напісанага такой мовай, такім складам,— у балгарскай паэзіі яшчэ не было.
Размаляваны Джон
цалуе палка Грэту.
Юрлівай сліны па губах
разводдзе...
Годзе!
Дзе тут жыццё і наш уласны лёс?
Дзе драма тут?
Хто гэты фальш размазаў?
У грудзі нам,
гатовы выстраліць вось-вось,
парахавога часу ўпёрся маўзер!
Вы хочаце,
каб з нас хто палюбіў
наіўна так і легкаверна?
Нам грудзі ядавіты дым забіў,
а нашы лёгкія ў кавернах!
Вы хочаце,
каб мы так па шашы
каханых сустракалі ў лімузінах?
Каханне наша ўсходзіць у душы
за працай,
між станкоў,
у цэхах дымных.
А потым — голад у вачах,
няяснасць мар,
за хлеб змаганне,
увечар — вузенькі тапчан,
і гаснем мы, і шчасце гасне.
Вось гэта — лёс.
Вось гэта — драма.
Астатняе —
хлусня з абманам.
Читать дальше