Фальклор — вусная паэтычная творчасць, паэзія працоўных, у якой — і іх светапогляд, і філасофія, і мараль, і звычаі, і шмат чаго іншага. Віды і жанры гэтай творчасці вельмі разнастайныя, размежаваць іх часам зусім не проста, бо гэта мастацтва сінкрэтычнае, бо значнай сваёй часткай яно ўваходзіла ў абрады, у побыт, мела прыкладны характар, утылітарнае функцыянальнае назначэнне. Вядома, да фальклору мы залічаем тое, што мае больш ці менш выразную мастацкую прыроду, хаця б нейкі вобразна-паэтычны элемент. У дачыненні да некаторых жанраў, прадстаўленых у томе «Выслоўі», давядзецца, відочна, зрабіць пэўную скідку. Іншае рашэнне было б, на маю думку, навукова не апраўданым.
Сапраўды, вось перад намі пашыраныя ў народзе прывітанні, віншаванні, зычэнні (я пісаў бы зычэнні, а не зычэнні, як у кнізе), прысяганні. У большасці, гэта слоўныя формулы паэтычпа-вобразнай прыроды ці, прынамсі, хоць нешта ад паэзіі ў іх ёсць. Але — не ва ўсіх. Якую паэзію можна спагнаць з такіх формул, як «Маё віншаванне», «Смашнога!», «Дальбог» і інш.? Ніякай, вядома. Але ці правільна было б апускаць іх, не ўключыць у адпаведныя рубрыкі? Не думаю. Страцілася б паўната ўяўлення, а з ёй у нейкай меры і навуковая вартасць. Во іх функцыянальнае назначэнне зусім тое ж, што і ў выслоўяў вобразных, паэтычных. Падумаем яшчэ і аб іншым: хто і калі іх сабраў бы і выдаў асобна? Не падай іх тут — дык яны б так і засталіся схаванымі ад сучасных чытачоў. А між тым для многіх будзе і цікава і карысна пазнаёміцца з характэрнымі беларускімі формуламі прывітання, зычэння, прысягання і г. д.
Трапілі ў зборнік і некаторыя тыповыя фразеалагізмы — і ў чыстым выглядзе і ў кантэксце. Мовазнаўцы могуць зрабіць укладальнікам закід за гэты грэх. Думаю, аднак, што грэх тут невялікі. Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што ў парэміялогіі, у народнай афарыстыцы жанравую мяжу правесці іншы раз вельмі цяжка — паміж прыказкай і напаўпрыказкай, паміж прымаўкай і падобным на яе дасціпным выразам. Напомню, што У. І. Даль, напрыклад, лічыў прымаўкай («поговоркой») усякі фігуральны выраз, намёк, трапнае параўнанне, упадабненне і да т. п. Усякі падзел тут досыць умоўны, адносны.
Як правіла, фразеалагізмы і параўнанні пададзены ў зборніку ў акружэнні кантэкстуальных слоў. На мой погляд, гэта зроблена прадумана і правільна. «У цябе сватоў, як у зайца ламоў», «Чаго ты, баба, начубырчылася, як курыца на ветраве?» Чаму было б непажаданым адкінуць кантэкст? Таму што кантэкст дапамагае лепш адчуць змест і гучанне выразу, зразумець сэнс, бо дае магчымасць уявіць жыццёвую сітуацыю, у якой выслоўе ўзнікла і ў якой яно можа ўжывацца. Лепш, глыбей адчуўшы паэтычнасць, дасціпнасць, незвычайнасць таго ці іншага выслоўя, чытач здолее свабодней пакарыстацца ім у сваёй уласнай мове. Дзякуючы кантэксту, выслоўе з фразеалагізмам успрымаецца як прымаўка. Фактычна гэта не кантэкст, а элемент выслоўя, без якога яно перастае быць цэласным мастацкім вобразам. Дарэчы, чаму ўсе старыя фалькларысты (Федароўскі, Нікіфароўскі, Дабравольскі, Раманаў і інш,— а прыкладаў з іх фальклорных зборнікаў вельмі многа ў томе) запісвалі іменна з кантэкстам — так, як гэтыя выслоўі сказаліся, як нарадзіліся? Не сталі ж яны вылушчаць чысты паэтычны вобраз. Чаму? Ніхто не здагадаўся? Ды не, канешне. Проста падказала мастацкае чуццё, што для паэтычнага ўражання так лепш — у жывым натуральным выглядзе. Не зусім фальклор? Дакладней — не зусім той фальклор, да якога мы прывыклі? А што, калі пэўныя жанры могуць бытаваць іменна ў такой — незастылай, рухомай форме?
Яшчэ адзін момант, які можа стаць сярод спецыялістаў спрэчным. Некаторыя выслоўі ў кнізе з'яўляюцца індывідуальнай творчасцю, індывідуальным маўленнем. Вось характэрны прыклад: «Ну і целявізар у вас: маленькі як козье вочка». Бясспрэчна, параўнанне не сталае, не традыцыйнае. Калі яму было стаць традыцыйным, калі і сам «целявізар» нядаўна ў быт увайшоў! Але хто адважыцца сцвярджаць, што з цягам часу яно не стане сталым, не пойдзе гуляць па людзях? Можна быць упэўненым, што будзе іменна так. Бо параўнанне вельмі трапнае, удалае, яго мог прыдумаць толькі чалавек, надзелены бясспрэчным паэтычным талентам, здольнасцю мысліць вобразна.
Усё гэта — крупінкі чыстага золата паэзіі ці тыя зерні бурштыну, што пастаянна і няспынна нараджаюцца ў жывой стыхіі моўнага акіян-мора. Асабліва ўражваюць сваёй паэтычнай вобразнасцю народныя мастацкія параўнанні. Лічу слушным, што першы кампанент параўнання не уніфікаваны, не зведзены да адной, а пададзены ў розных формах. Гэтым самым для чытача захаваны ўзор жывога натуральнага гучання, захавана больш паэзіі. А гэта ж усё-такі зборнік фальклорны. Можа быць, у якім-небудзь слоўніку, падрыхтаваным лінгвістамі, і была б апраўдана уніфікацыя, але толькі не тут. Я паспрабаваў ва ўсіх запар параўнаннях першы кампанент чытаць у адной і той жа форме — у інфінітыве, у мінулым часе аднаго роду і ліку, у цяперашнім часе ў адной асобе і ліку — і адчуў, як раптам памірае паэзія, якая не церпіць ніякай уніфікацыі! Траціцца і знікае ўражанне натуральнасці, а што ў паэзіі можа быць горш, як ненатуральнасць гучання? Пры спробе уніфікацыі ўсё ўва мне як у чытача пратэстуе і пратэстуе само выслоўе — супроць гвалту. Можам пераканацца. Вось, напрыклад, параўнанні: «Уцякае, як заяц ад сабакі» і «Уцякалі, як скочкі з дохлай сабакі». У першым выпадку ніяк не заменіш адзіночны лік дзеяслова на множны, а ў другім наадварот — немагчыма перавесці ў адзіночны лік. Дык якая ж можа быць уніфікацыя? У часе? Напрыклад, у цяперашнім. А як тады быць з выслоўем «Выбегаўся, як сабака»? Дзеяслоў «выбегаўся» не мае формы цяперашняга часу наогул. Якая дзеяслоўная форма больш прыдатная — народ выдатна адчувае сам і выбірае гэту форму беспамылкова. Таму ў такіх выпадках лепш за ўсё давярацца яго густу, яго адчуванню слова і захаваць выраз у той форме, у якой ён нарадзіўся.
Читать дальше