На мой погляд, настойлівымі і, мякка кажучы, непрадуманымі «прадпісаннямі» і рэкамендацыямі зверху мы ўжо нямала пасадзейнічалі спрашчэнню, прымітывізацыі форм і зместу духоўнага жыцця ў сферы побыту. Дык ці не пара спыніцца і агледзецца, разабрацца: чаго мы хочам і на што пакладаем сілы?
Зразумела, што ўсё гэта — пытанні дыскусійныя, зусім не простыя, што тут адкрываецца вялікая прастора для спрэчак. Але мне здаецца — пра гэта трэба гаварыць. Хаця б для таго, каб падкрэсліць складанасць праблемы і тым самым перасцерагчы ад празмерна аптымістычнага і спрошчанага погляду па тое, як іх, гэтыя пытанні, вырашаць.
1978
Трапнае, дасціпнае, мудрае слова народа
Раскрываю гэту кнігу наўгад, чапляюся вокам за першы радок і... знаёмае радаснае пачуццё імгненна ахоплівае душу: ну, так — перада мною трапнае, дасціпнае, крылатае слова народнай мудрасці! Слова, якому ніколі не перастанеш радавацца і якім ніколі не стомішся захапляцца. Калі, вядома, табе дорага мова роднай зямлі, духоўная культура свайго народа.
Гэта чарговая кніга з трыццацітомнага збору беларускай народнай творчасці называецца «Выслоўі» (укладальнік М. Я. Грынблат, рэдактар А. С. Фядосік). Баюся, што назва для яе знойдзена не самая дакладная. Выслоўе, згодна ўсіх слоўнікаў, гэта тое, што па-руску «изречение». А ў кнізе — моўпа-паэтычны матэрыял, жанрава куды больш разнастайны, чым выслоўі ў агульнапрынятым значэнні. У кнізе — устойлівыя народныя трапныя, дасціпныя, смешныя выразы, скорагаворкі, застольныя жарты, каламбуры і тосты, прыгаворкі, народныя вітанні і зычэнні, выказы ветлівасці і ласкавасці, прысяганні (бажба) і праклёны, ганьбаванні і абзыванні, дражнілкі-кепікі, і нарэшце — традыцыйныя народныя параўнанні. Вось якое стракатае багацце сабрана пад аднымі вокладкамі! Што і казаць: знайсці для яго адну агульную назву — задачка не лёгкая. Але, зрэшты, для нас перш за ўсё важна, што пад вокладкай, а не на вокладцы.
Мушу прывесці хоць некалькі прыкладаў. З кожнага раздзела патроху. З першага: «Ну і балеў зуб, думала неба лізну», «Спіць — хоць ты яму зубы павырывай», «Сядай, наязджай, потым запражэш!», «Чаго ты кашляеш? Мусіць, спаў босы?», «Што вы, мае дзеткі, каб я на вашага бацьку спадзявалася, дык я б і вас не мела». З другога: «Еш, пакуль рот свеж, а як умрэш — то і калом не ўвапрэш», «Клочча, воўна — абы кішка поўна», «Няма лепшай рэчы, як свіныя плечы», «Наеўся, аж кішка прутам стала». З трэцяга: «Дай божа пахварэць у добрым здароўі!», «Дай бог налета вялікі жывот за гэта, а я буду бога прасіць, каб лёгка было насіць!» З чацвёртага: «Каб праз твае рэбры воўцы сена цягалі!», «Каб праз твае зубы пясок цадзіўся!», «Каб праз твае вушы вецер свістаў!», «Каб па твайму горлу яшчаркі поўзалі!», «Каб табе язык парахнёй у горла сыпаўся!» І з апошняга: «Круціцца, як прусак у зацірцы», «Круціцца, як сабака ля ганка», «Плятуцца, як старцы на абед», «Пляснуў, як дзячыха на лёдзе». Невядома, хто, дзе і калі падгледзеў, як нейкая дзячыха на лёдзе пляснула, а вось жа засталося ў людской памяці гэта смешнае параўнанне.
Каля чатырох тысяч вось такіх народных параўнанняў, каля тысячы праклёнаў, каля трох тысяч трапных дасціпных выразаў і прыгаворак, а ўсяго — каля дзесяці тысяч гэтак званых фальклорных адзінак!
Перагартаў я неаднойчы ўвесь том, і стала мне радасна, што яна, гэта кніга, паявілася і дала магчымасць яшчэ раз перажыць хвалюючае пачуццё гордасці за наш таленавіты народ, за яго паэтычны і моватворчы геній.
Не буду затрымлівацца на дэталёвым разглядзе мастацкіх і навуковых вартасцей кнігі. Напомню толькі, як высока цаніў народныя прыказкі і прымаўкі У. І. Ленін, падкрэсліваючы, што гэта сапраўдны клад для літаратараў, журналістаў, прамоўцаў. Зразумела, што ленінская ацэнка ахоплівае і зусім блізкія да прыказак і прымавак іншыя вобразныя, трапныя выразы, якія аздабляюць, упрыгожваюць мову народа, дапамагаюць лепш, ярчэй і дакладней выказаць думку і пачуццё. За нязначным выняткам, у кнізе «Выслоўі» сабраны іменна такія выразы — трапныя, дасціпныя, вобразныя.
Трапілі ў зборнік і такія выразы, залічэнне якіх да фальклору можа здацца сяму-таму сумніцельным. Ну, што ж, вялікае бяды ў гэтым няма. Дасягнуць тут катэгарычнай пэўнасці — на сучасным этапе нашай навукі аб народнай творчасці — наўрад ці магчыма: справа новая, том такіх выслоўяў выдадзены ўпершыню, сур'ёзных тэарэтычных распрацовак па пытаннях класіфікацыі такога моўна-паэтычнага матэрыялу няма. З усім гэтым трэба лічыцца. І калі справа наватарская, то наўрад ці можна абысціся без пэўнае рызыкі і дапушчэнняў.
Читать дальше