А колькі Колас робіць канкрэтных заўваг па перакладах яго твораў, як настойліва патрабуе выправіць асобныя радкі і нават словы! «Увогуле пераклад зроблены зусім не блага. У двух месцах усё ж трэба зрабіць папраўкі» (17.3.1936). «Твой пераклад добры. Мая жонка ў захапленні. Падабаецца ён і мне. І ўсё ж я хачу выказаць некаторыя свае меркаванні. Ці нельга два другія радкі першага куплета зрабіць так: «Тишь и мир исходят на душу мою»? Тут справа датычыць размяшчэння слоў: «Душу охватила тишина мою» (22.3.1937).
Гэтак жа канкрэтна выказваецца Колас не толькі па перакладах сваіх твораў, а, напрыклад, і па перакладах С. Гарадзецкае з Тараса Шаўчэнкі (пісьмы за 29.10.1938 і 31.10.1938). Дзесяткі заўваг робіць ён па перакладу паэмы «Кацярына», бо не зрабіць — не можа, бо паэма геніяльнага Кабзара павінна па-руску прагучаць выдатна, бо толькі так разумее ён свой абавязак і перад паэзіяй і перад дружбай!
Не, што ні кажыце, а ўрокі вялікіх трэба засвойваць і з такога нямоднага сёння жанру, як эпісталярны. Бо талент і мудрасць волатаў духоўнай культуры народа выяўляліся ва ўсім, што было іх жыццём, іх працай, іх паўсядзённым чалавечым бытам.
1978
А ці разумнае патрабаванне?
Фалькларыстка з Улан-Удэ Р. П. Патаніна выдала манаграфію «Вясельная паэзія сямейскіх Забайкалля». Пра «сямейскіх» мне не даводзілася раней чуць, а гэта, аказваецца, адна з груп старавераў, продкі якіх пасля ніканіянскай рэформы ўцяклі з Расіі ў Беларусь, а ў 18 стагоддзі былі пераселены з паўднёва-ўсходніх беларускіх зямель у Сібір, у Забайкалле. Кніга ўяўляе сабой даследаванне вясельнай лірыкі гэтай групы рускага насельніцтва Сібіры. Для нас, беларусаў, апрача ўсяго іншага, яна цікавая тым, што ў вясельнай паэзіі сямейскіх трапляюцца песні несумненна беларускага паходжання, якія і цяпер вядомы ў розных кутках Беларусі. Немалазначны факт для роздуму: гэта ж колькі часу прайшло — дзвесце гадоў! — а беларускія народныя песні жывуць у Сібіры. І ў якім асяроддзі: сярод насельніцтва з моцнай бытавой і псіхалагічнай адасобленасцю, якая падтрымлівалася рэлігійнай свядомасцю. Як тут не падумаеш пра жыццёвую моц і сілу нашай народнай песні, што адолела нават такія і перагародкі-бар'еры!..
Кніга досыць цікавая, асабліва для спецыялістаў, даследчыкаў народнай творчасці. Але апошнім раздзелам яна мяне засмуціла. Зноў наткнуўся я на тыя, мякка кажучы, непрадуманыя сцвярджэнні (а яны чамусьці абавязкова падаюцца ў катэгарычнай форме), з якімі я ўжо сустракаўся неаднойчы ў этнаграфічнай літаратуры апошніх гадоў (асабліва ў артыкулах на старонках перыёдыкі). Р. П. Патаніна настойліва і паслядоўна праводзіць думку, якую я лічу ў корані памылковай. Сэнс яе ў тым, што абрады ў вас (не толькі вясельныя, але наогул усе абрады) павінны быць у галоўных рысах адзіныя для насельніцтва ўсёй краіны» (с. 93), што савецкія абрады павінны быць уніфікаваны і кадыфікаваны, бо без гэтага немагчыма іх паўсюдна ўкараняць у жыццё (с. 95), што абрад павінен быць «адзіны агульнанацыянальны (?) для ўсяго савецкага народа», хаця і з утапленнем у яго «лепшых элементаў старога цырыманіялу кожнай нацыі» (с. 95), і што неабходна выпрацаваць вясельны сцэнарый, «адзіны для ўсіх народаў краіны, дапускаючы ў кожным канкрэтным выпадку ўвядзенне станоўчых момантаў нацыянальнага абрада» (с. 132). І так, адзіны абрад, адзіны сцэнарый для ўсіх народаў краіны. Усе больш ста нацый і народнасцей Саюза ССР павінны спраўляць вяселле і іншыя сямейныя і працоўныя святы па адзінаму рэцэпту, па абавязковаму уніфікаванаму і кадыфікаванаму ўзору.
Але хацелася б задаць паважанаму аўтару простае пытанне: а навошта? Чаму, напрыклад, вяселле ў Літве ці ў Грузіі павінна быць падобнае на вяселле ў Беларусі ці ў Татарыі? У імя чаго патрэбна такая уніфікацыя форм духоўнага жыцця розных народаў краіны? Які разумны сэнс гэтага? Якія станоўчыя мэты будуць гэтым дасягнуты? Галоўная ж задача заключаецца ў тым, каб усякі абрад у любым раёне краіны служыў камуністычнаму выхаванню, развіццю камуністычнай свядомасці, каб ён працаваў на карысць нашай сацыялістычнай культуры. Але хіба гэту сваю місію абрад будзе выконваць найлепшым чынам, калі ён будзе уніфікаваны для ўсіх народаў краіны? Хіба само жыццё не даказвае, што на практыцы атрымліваецца наадварот — што аднастайнасць у гэтай справе ні да чога добрага не прыводзіць і што карысць ад яе больш чым сумніцельная? У друку ўжо неаднойчы гучалі галасы відных дзеячаў культуры і мастацтва — з перасцярогай ад непрадуманых намаганняў па ўкараненню ў жыццё агульнаабавязковых для ўсёй краіны абрадаў.
Читать дальше