Працаваць даводзілася вельмі многа не толькі маці і Мішу, але і мне. Падключаліся да пасільных гаспадарчых спраў і самыя малодшыя — Лена і Аляксей.
Матэрыяльна мы жылі ў акупацыю лепш, чым пры калгасах, ва ўсякім разе, не галадалі (пасля арышту бацькі даводзілася жыць і ўпрогаладзь) і не збіралі вясною на полі гнілую бульбу. 3 яе здабываўся крухмал і пякліся чорныя, як зямля, праснакі, ад якіх цягнула на ташноцікі. Мы такія праснакі елі перад вайною і ў першыя пасляваенныя гады. Пры немцах абыходзіліся без гэтых прысмакаў.
Але я не памятаю, каб нехта радаваўся прыходу чужынцаў. А вяртання «нашых» чакалі. Праўда, хадзілі чуткі, што калгасаў пасля перамогі ўжо не будзе. I саджаць за нішто не будуць, суцяшалі сябе сяляне. Словам, гітлераўцаў баяліся, глядзелі на іх з вялікім недаверам. А калі яны сталі вывозіць моладзь у Германію, дык па вёсках пракочваўся плач, як на хаўтурах. Увогуле, няўпэўненасць — сёння жывыя, а заўтра невядома як будзе — панавала над усім.
Асцерагаліся і партызанаў. Іх лічылі сваімі, кармілі, калі яны заходзілі ў хату і выказвалі намер падмацавацца, але соль, напрыклад, хавалі ад лясных салдат гэтак жа, як і ад паліцаяў. Яна тады разглядалася як адна з найбольшых каштоўнасцей.
Зрэшты, партызаны трапляліся розныя. Былі і такія, што маглі забраць апошні кажух. Але галоўная небяспека заключалася ў тым, што за дзеянні партызан гітлераўцы помсцілі насельніцтву. 3 вуснаў у вусны перадавалася пагалоска, што за забітага ў вёсцы немца паляць сялянскія хаты разам з жыхарамі. Дык як было не баяцца?
У 1943 годзе, калі партызанскія ўдары па камунікацыях сталі сур’ёзна ўскладняць становішча акупантаў, яны пачалі ганяць людзей з навакольных вёсак на ахову чыгункі. 3 нашай сям’і спачатку хадзіў Міша (раз ці два), потым я, а потым Аляксей, якому тады было толькі дзесяць гадоў. Маці паслядоўна вызваляла старэйшых для работы па гаспадарцы. А магчыма, жыло ў яе спадзяванне, што ў выпадку бяды малых могуць пашкадаваць і не расстраляць.
Вядома, сапраўдную ахову неслі самі гітлераўцы. У іх для гэтага былі пабудаваны ў прыдарожнай паласе агнявыя кропкі тыпу дзотаў і дотаў. Нас жа бралі толькі на начное дзяжурства — падымаць трывогу, калі заўважым партызанаў. Папярэджвалі: калі адбудзецца дыверсія дзе-небудзь на нашым участку, расстраляюць усю начную змену. Такім чынам, мы фактычна былі заложнікамі.
Першыя дзве-тры ночы перапалоханыя вяскоўцы (адны жанчыны і падлеткі) яшчэ сядзелі на чыгуначным насыпе, бо гітлераўцы з вялізнымі аўчаркамі час ад часу рабілі абходы. А потым мы толькі «адзначаліся» ў нейкага начальства і адразу хаваліся ў лесе за высечанай прыдарожнай паласой. Жанчыны ўсю ноч маліліся, каб сёння дыверсіі не адбылося. Падлеткі пад гэтыя гарачыя малітвы хутка засыналі. На наша шчасце, нікога не расстралялі, бо выбухаў ад партызанскіх мін паблізу не было. А адзін немец з ахоўнікаў (гэта былі не эсэсаўцы, а пажылыя вайскоўцы з тылавых часцей) нашаму Аляксею нават даў цукерку і сказаў, каб кіндэр спаў дома. Пасля гэтага маці нікога з нас не пасылала на тое дзяжурства. Перасталі хадзіць і іншыя, бо ў нас з цягам часу ўсталявалася партызанская зона і нямецкія загады можна было ўжо не выконваць.
Але страху на тых начных дзяжурствах мы набраліся надоўга. Я таксама баяўся не менш за іншых. I ўсё ж Міша, калі ўжо быў партызанам, аднойчы прымусіў мяне весці на чыгунку невялікую дыверсійную групу (ён сам і яшчэ двое хлопцаў). Да чыгункі яны па маёй наводцы падышлі, але былі заўважаны аховай, якая падняла моцную страляніну. Так што дыверсія тады не ўдалася. А больш на такія справы мяне не бралі.
У партызаны Міша пайшоў летам 1943 года. 3 гэтай нагоды мы таксама надрыжэліся, бо было вядома, што гітлераўцы распраўляюцца з партызанскімі сем’ямі. Дык вось і мы ўдзень і ўночы прыслухоўваліся да грукату кожнага матора. Здавалася, што гэта карнікі едуць нас арыштоўваць. Яны, казаў Міша, які калі-нікалі прыходзіў з атрада дадому за нейкай патрэбай, сапраўды рыхтавалі блакаду нашай мясцовасці, але партызаны адбілі іх наступ.
У нас партызанілі грышынцы. I ваявалі яны здорава, па ўсіх правілах вайсковай навукі. Асабліва паспяхова грамілі паліцэйскія гарнізоны. У нашай вёсцы толькі былы ляснік стаў паліцаем. 3 ім звялі рахункі мясцовыя хлопцы. Гарнізон жа, у які былі сцягнуты паліцаі з усёй воласці, размяшчаўся ў добрых, з моцнымі цаглянымі падмуркамі будынках Губіншчанскай школы, пакрытых пафарбаванай у чырвоны колер бляхай. Грышынцы на досвітку скрытна акружылі гэты гарнізон і з блізкай адлегласці парасстрэльвалі большасць напаўсонных паліцаяў у адной бялізне. Тых жа, хто паспеў схапіць зброю і спрабаваў адстрэльвацца з-за цагляных падмуркаў і атынкаваных сцен, папалілі разам з будынкамі.
Читать дальше