Яшчэ раней згарэла і наша гумно, пад самы вільчык набітае збажыной і сенам. Бо, акрамя нас, там складваў свой ураджай з поля і лугу за цэлы год і Юзікаў бацька.
Такім чынам, страта гумна таксама была вялікай бядой, і адбылася яна на маіх вачах. У той дзень я, як звычайна, выпаліў печ у еўні з жытнімі снапамі для заўтрашняй малацьбы і ўжо сабраўся ісці дамоў. Але замыкаючы гуменныя вароты, убачыў конніка на шэрым кані з вялікімі белымі крапінамі. Гэта быў немец, які трымаў у руках запалены факел. Ён ужо абмінуў іншыя быкоўскія гумны і яўна накіраваўся да нашага, якое, паўтаруся, было крайнім ад лесу. Яго адно і падпаліў той факельшчык. Астатнія гумны ўцалелі. А я радаваўся, што паспеў незаўважна для падпальшчыка прашмыгнуць у лясны гушчар. А яшчэ з дзіцячай наіўнасцю не раз суцяшаў сябе думкай, што затое не трэба будзе цэлую зіму ўставаць на досвітку і ісці малаціць.
Высокі слуп дыму, што пайшоў ад нашага гумна адразу пасля таго, як яго падпаліў той конны немец, быў бачны і ў Сычыку. Маці заўважыла яго і стала ўжо трывожыцца за мой лёс, бо хадзілі чуткі, што падпальшчыкі могуць кідаць у агонь і людзей. А тут я паяўляюся ўласнай персонай, жывы і здаровы. Дык і маці напачатку асабліва не бедавала, задаволіўшыся тым, што не здарылася горшага.
Было нейкае суцяшэнне і ад таго, што тады частку свайго ўраджаю мы ўжо абмалацілі і закапалі намалочанае збожжа ў зямлю. Яно праляжала там нядоўга і добра захавалася. Праўда, трохі пахла зямлёй, але было годным і для пасеву, і для ежы. Гады на два гэтае збожжа стала для нас неацэннай падтрымкай.
30 кастрычніка прыйшлі нашы. Мы вярнуліся на папялішча роднай хаты і сталі думаць, як жыць далей. На поўную сілу ўцягнуўся ў працу па гаспадарцы Міша. Ён тады быў з намі, бо за некалькі дзён да вызвалення Грышын зрабіў перафарміроўку сваіх сіл. Частка партызан накіравалася на Крычаў — насустрач Чырвонай Арміі, іншыя пайшлі трохі далей у нямецкі тыл. Лёс гэтых іншых аказаўся самым трагічным. Калі па рацэ Проні надоўга стабілізаваўся фронт, карнікі ва ўзаемадзеянні з франтавымі часткамі заціснулі іх у прырэчных балотах і амаль усіх пазнішчалі. Сам Грышын і яго бліжэйшыя паплечнікі ратаваліся на спецыяльна прысланых за імі самалётах.
Хлопцаў жа з нашай мясцовасці Грышын паадпускаў дамоў з разлікам, што неўзабаве яны спатрэбяцца для папаўнення чырвонаармейскіх шэрагаў. Пра ўсё гэта было добра вядома і самім хлопцам. Дык вось цяпер наш Міша ў чаканні мабілізацыі і шчыраваў з клопатам пра тое, каб мы маглі перазімаваць. Часу ў яго было ўжо ў абрэз. Але ён яшчэ паспеў зрабіць адну неадкладную справу — накасіць ледзь не на ўсю зімоўку сена і на кабылу Сможку, якую, праўда, хутка забралі ў адноўлены калгас, і на карову, і на авечак. «Ледзь» тут нялішняе слова, бо трохі дакошваць давялося яшчэ і мне разам з маці. Мы змагаліся галоўным чынам з балотнай асакою, якую нарыхтоўвалі да самага снегу. Але спрыт да касьбы ў мяне быў зусім не той, што ў Мішы. Маці ж толькі зграбала накошанае.
Адвезці брата на зборны пункт у в. Сетнае выпала на маю долю. Я гэта і зрабіў, не падазраючы, што ўбачыць Мішу больш не давядзецца ніколі. Як і іншыя ягоныя равеснікі, што падраслі за час акупацыі, сямнаццацігадовы Міша быў кінуты ў мясарубку на Проні пад Чавусамі. Там жа склалі свае галовы і тыя нашы мужчыны, якія, прайшоўшы праз акружэнне і палон, у 1941 годзе прыбіліся да родных мясцін. Усіх іх цяпер накіравалі ў штрафныя роты, з якіх пасля раненняў вярнуліся дамоў двое.
Мішу ў штрафнікі тады не залічылі. Але ў першы свой бой без ніякай вайсковай падрыхтоўкі ён пайшоў разам з імі. Спрацаваў элементарны падман. Навабранцам аб’явілі: «Хто хоча стаць танкістам, выходзь наперад!» Такая спакуса прывабіла далёка не ўсіх сычыкаўскіх хлопцаў. А наш Міша, яго дваюрадны брат Яшкаў Коля, па прозвішчы таксама Бугаёў, якога дражнілі Гіполікам, і яшчэ некаторыя легкаверныя юнакі выказалі жаданне асвойваць сталёвыя машыны. Але наганяць страх на ворагаў гэтымі машынамі ім не давялося. Хлопцаў назвалі добраахвотнікамі і паслалі браць нямецкія акопы ў пешым страі. Гіполік загінуў адразу, а Міша атрымаў цяжкое раненне ў нагу.
Лячылі яго спачатку ў Клімавічах. Туды колькі разоў хадзіла маці. Ад яе я і ведаю гэтую гісторыю, пацверджаную таксама хлопцамі, якія былі пад Чавусамі, але ў бой з ходу не трапілі, бо «танкістамі» быць не пажадалі. Яны і потым ацалелі. Адзін стаў на вайне сувязістам, у другога была грыжа, якую яму выразалі, а потым даўгавата залечвалі. Трэці ўвогуле быў маларослы, слабаваты здароўем. Дык яго неяк выбавілі бацькі, хоць спачатку і ён трапіў пад мабілізацыю.
Читать дальше