Акрамя акружэнцаў-прымакоў, трапляліся і групкі вайскоўцаў, якія імкнуліся хутчэй прабіцца на ўсход. Яны адчувалі голад і прасілі ў нас ежы. Многа ім даць мы не маглі, аднак часамі цішком ад маці прыносілі кошык бульбы, якую яны тут жа пачыналі варыць, трохі хлеба, колькі яек, а то і невялічкі кавалак сала. Больш браць было немагчыма, бо скароміну маці берагла асабліва ашчадна і нам самім давала далёка не заўсёды.
Вайскоўцы любому харчу былі радыя і нашу стараннасць імкнуліся неяк заахвоціць. Мне ад іх перапаў ножык-складанчык, мара кожнага вясковага хлапчука, і шырокі камсастаўскі рэмень, спражку якога ўпрыгожвала вялікая чырвоная зорка. Гэты рэмень, якім я, на зайздрасць аднагодкам, падпяразваў саматканыя штаны, потым заўважылі паліцэйскія і, вядома, адабралі яго.
У самыя першыя дні вайны на захад з пагрозлівым гулам ляцела шмат нашых самалётаў. Не памятаю, каб яны вярталіся назад. Затое даволі хутка сталі паяўляцца нямецкія самалёты. Яны часта ішлі зусім нізка над зямлёю і стралялі нават па асобных людзях. Забілі аднаго чырвонаармейца, якога вяскоўцы пахавалі недалёка ад школы.
Я таксама аднойчы ратаваўся ў жыце ад нямецкага лётчыка, які, здавалася, кружыў нада мною, хацеў расстраляць з кулямёта.
Увогуле, страху перад немцамі было багата. Людзям раілі капаць акопысхованкі. Мы ў канцы сваіх сотак (каб было далей ад хаты) выкапалі ладную яміну, якую зверху накрылі нятоўстым бярвеннем і прысыпалі для надзейнасці і маскіроўкі зямлёю. Ніхто нас не бамбіў, але часам хавацца ў тым акопе-бліндажы і ад немцаў, і ад паліцаяў мы спрабавалі.
Не спатрэбіўся і супрацьтанкавы роў па-над ракой Воўчас, выкапаны калгаснікамі нашага і суседняга калгасаў па загадзе начальства.
Гітлераўцы прыйшлі ў нашу вёску надвячоркам пахмурнага жнівеньскага дня. Даволі вялікая калона ў нязвыклай форме мышыстага колеру здзіўляла і тым, што былі ў ёй веласіпедысты. Вяскоўцаў заваёўнікі не зачапілі, але двух парсюкоў, што трапіліся на вуліцы, застрэлілі і павезлі з сабою. Потым яшчэ колькі дзён з вайсковай часткі, што атабарылася на месцы аднаго з былых хутароў, прыходзілі ў Сычык асобныя немцы, некаторыя ў адных трусах, але ўзброеныя аўтаматамі і з каскамі. 3 іх гаворкі мы з цяжкасцю схоплівалі толькі асобныя словы. Але вокліч «матка, яйка, млека, шпэк» быў зразумелы і непісьменным сялянкам.
Як стваралася новая цывільная ўлада, я ва ўсіх падрабязнасцях не ведаю. Але памятаю, што першым старастам у нас прызначылі Ягора Грыбкова, былога дэпутата сельсавета ад нашай вёскі. Сам ён да гэтай пасады не рваўся, наадварот, усяляк адбіваўся ад яе. Але яму загадалі: «Быў дэпутатам, пабудзеш і старастам!» Усё ж Грыбкоў праз непрацяглы час дастаў даведкі аб хваробе і клопатны, вельмі небяспечны ў тых няпэўных абставінах абавязак з сябе скінуў.
Тады «давер аказалі» Сцёсаву, сыну былога стражніка, рэпрэсіраванага пры бальшавіках. Звалі малодшага Сцёсава, здаецца, Мікалаем. Іхняя сям’я таксама пераехала ў Сычык з Быкоўкі. Сам Мікалай пасля арышту бацькі з’ехаў у Данбас на шахты, а цяпер, з прыходам немцаў, вярнуўся на радзіму. Але станавіцца старастам ён катэгарычна адмовіўся. Немцы расхлябанасці і вольнасцяў не цярпелі. Яны завезлі Мікалая ў Чэрыкаў і там пасадзілі ў кутузку. Ратаваць сына кінулася маці. Казалі, што ёй неяк удалося адкупіцца (хабарнікі былі і пры немцах). Словам, хлопца ўрэшце адпусцілі, а Сычык яшчэ колькі часу заставаўся без старасты. Потым на гэтай пасадзе пабыло яшчэ два чалавекі — былы настаўнік і селянін. Але абодва яны трапілі ў начальства насуперак свайму жаданню, знарок крыўды людзям стараліся не рабіць, увогуле выконвалі загады і немцаў (удзень), а ноччу — і партызан, калі тыя ў нас паявіліся.
Былога настаўніка бальшавікі пасля перамогі ўсё ж пасадзілі, а селяніна трохі патузалі, аднак у вёсцы пакінулі.
З прыходам немцаў наш калгас, вядома, распаўся. Збажыну, якая яшчэ стаяла ў полі (частка была зжата, абмалочана і вывезена), бульбяныя палеткі і сенакос, а затым і ўсю ворную зямлю сяляне дзялілі між сабою ў адпаведнасці з наяўнымі едакамі. Падзялілі і коней (іх на ўсход пагнаць не паспелі). Нам дасталася кабыла Сможка, жывёліна цягавітая, але вельмі ж наравістая. Яна часта брыкалася, часам магла і ўкусіць падшыванца. Так што запрэгчы тую Сможку амаль заўсёды было нялёгка. Але бераглі мы яе ўсімі сіламі, бо цяпер галоўнай нашай карміцелькай станавілася яна.
А яшчэ былым быкоўцам, і нам у тым ліку, вярнулі ўцалелыя гумны, некалі забраныя ў калгас.
Читать дальше