Ды бацька прызнаў сябе вінаватым толькі ў тым, што ў 1933 годзе быў «судим по подозрению в агитации».
Прачытаўшы гэтыя радкі пратакола, запісаныя са слоў непісьменнага бацькі, я ажно сцепануўся: такая мужнасць і непахіснасць ужо ў 1937 годзе! Нездарма, значыць, адзін наш вясковец яшчэ задоўга да краху камуністычнай сістэмы, аднак пасля смерці Сталіна і, вядома, без сведкаў, казаў, што бацька быў не толькі вельмі працавіты, але і надта сумленны, справядлівы чалавек. Гэты вясковец — Кастусь Палякоў. Звычайна на працу ён хадзіў паўз наша селішча. Дык мы, малыя, часам выскоквалі з-за кустоў іргі ў агародзе ля плота і крычалі: «Косцік задраў хвосцік!» А потым зноў хуценька хаваліся, каб чалавек не паспеў пабачыць, хто гэта займаецца хуліганствам. Праўда, на нашы выбрыкі ён ніколі не рэагаваў. Рабіў выгляд, што нічога не чуе. Для той памятнай размовы ён спыніў мяне на лясной паляне. Я падумаў, што будзе, можа, ушчуваць за старыя грахі. Ажно не. Ён быў заклапочаны адным — каб я ведаў праўду пра бацьку.
Вяртаючыся да бацькавай судовай справы, не магу не сказаць, што 16 снежня 1940 года яна пераглядалася. Людзі, якія ажыццяўлялі гэты перагляд, ніякіх няўвязак у ёй не ўбачылі. I вырашылі «жалобу оставить без удовлетворения».
Такая фенаменальная слепата тагачасных юрыстаў выпадковай быць не магла. Яна, відаць, азначала, што бацькі тады ўжо не было на гэтым свеце. Ягоны прысуд на дзесяць гадоў лагернага зняволення ці не суправаджаўся не зафіксаваным на паперы дадаткам: «без права перапіскі», якім тады пафарысейску камуфліраваўся расстрэл? Ва ўсякім разе, мы ніякіх звестак ад свайго бацькі пасля яго другога прысуду ўжо не мелі. А пасля першага арышту і высылкі лісты, як казала маці, вельмі рэдка, але прыходзілі.
I яшчэ адно пытанне ўзнікае. Якая скарга разглядалася ў 1940 годзе? Хто тады мог скардзіцца на «самы справядлівы ў свеце савецкі суд»? Гэта ж таксама быў бы яўны крымінал. А вось прашэнне аб памілаванні бацькі сапраўды было. Яно пісалася на імя самога Сталіна і так падавала трагедыю сям’і, пазбаўленай кармільца, што, здавалася, магло расчуліць і халодны камень. Гэтае прашэнне доўга шліфавалася рознымі людзьмі і таму неаднойчы зачытвалася ў прысутнасці ўсіх нас. I мы кожны раз плакалі пры гэтым горкімі слязьмі.
А плакаць было ад чаго. Маці заставалася ў вёсцы з пяццю дзецьмі. Старэйшаму з іх, Івану, праўда, было ўжо 14 гадоў, але ён жа яшчэ мусіў хадзіць у школу. Затое самаму малодшаму, Аляксею, тады споўнілася толькі чатыры гады. Дарэчы, у матэрыялах справы яму, а таксама сястры Лене і мне ўзрост завышаны, кожнаму на год. Выпадковая памылка? Не ведаю.
Зусім не ўпамінаецца ў гэтых матэрыялах матчын першынец Яфім (маці называла яго Аўхімам). Ён нарадзіўся ў 1914 годзе. Ад нас з’ехаў калі не да, дык адразу пасля першага бацькавага арышту. Мабыць, асцерагаўся, каб не «замялі» і яго. А таму шукаў нейкага свайго заробку ў сталіцы. З цягам часу паступіў у Мінскі медінстытут, які закончыў толькі пасля вайны. У час вучобы (у даваенныя гады) працаваў у медінстытуце лабарантам фізічнай ці радыёфізічнай лабараторыі. Колькі-небудзь істотнай дапамогі сям’і ён аказаць не мог, хоць зрэдку летам, калі мы жылі яшчэ ў Быкоўцы, дамоў прыязджаў. Прывозіў кожнаму з нас нейкі падарунак. Мне аднойчы перапаў картовы пінжачок фабрычнага крою з накладнымі кішэнямі. Я ім вельмі ганарыўся, хоць штаны да яго ў мяне былі саматканыя, толькі сяк-так пафарбаваныя ў чорны колер. Дома той пінжачок надзяваць строга забаранялася, а ў школе я колькі гадоў у ім фарсіў.
Яфім захапляўся радыётэхнікай. Нам ён у апошні свой даваенны прыезд пакінуў дэтэктарны прыёмнік, які можна было слухаць толькі праз навушнікі. Пры добрым зазямленні і доўгай антэне, нацягнутай паміж высокімі дрэвамі, ён браў Мінск. У нас ён хутка сапсаваўся, але тым не менш быў канфіскаваны ў першыя дні вайны.
Пісьмы дамоў Яфім прысылаў зрэдку. I заўсёды без зваротнага адрасу, які маці трымала ў строгім сакрэце. Відаць, баялася, каб хто з вясковых актывістаў не настукаў на хлопца ў сталіцу.
У прашэнні аб памілаванні бацькі пра існаванне Яфіма нічога не гаварылася. Гэта ўжо была наша маленькая хітрасць, падказаная тымі, хто параіў звярнуцца да самога ўладара краіны.
Дужа жаласнае пасланне «вялікаму правадыру» (так і яшчэ з многімі іншымі пашанотнымі вызначэннямі называўся ў тым пасланні Сталін) пісалася, вядома, не ў канцы 1940 года, а намнога раней, відавочна, у хуткім часе пасля вынясення другога прысуду. Мы лічылі, што яно ўвогуле бясследна знікла, бо афіцыйнага адказу, здаецца, не было. Аказваецца, у сацыялістычнай дзяржаве нічога не знікае. Вось толькі паперы даўгавата ходзяць. Да мяне ўкосная вестка пра тое пасланне дайшла, лічы, праз 57 гадоў — у час знаёмства з бацькавай справай. Можна прэтэндаваць на месца ў кнізе рэкордаў Гінеса...
Читать дальше