Пакаранне бацька адбываў у Дзмітраўскім ВПЛ. Разам са сваім братам Іванам, які ў судовай справе памылкова названы пляменнікам, будавалі яны канал Масква — Волга.
27 чэрвеня 1936 года пастановай Асобай нарады НКВД прысуд у дачыненні да бацькі быў перагледжаны. Тэрмін высылкі яму зменшылі «до отбытого срока». Так бацька апынуўся на волі.
Я добра памятаю, як аднойчы пахмурным летнім ранкам, які адразу зрабіўся для нас святочным, ён прыйшоў дамоў. Мы не маглі нацешыцца ад усведамлення, што цяпер і ў нас ёсць бацька. Цэлы дзень (і, можа, не адзін) ішлі людзі, вялі з бацькам доўгія гамонкі. 3 тых гамонак мне запомніліся словы пра канал і яшчэ пра тое, што бацьку вызваліў Галадзед, які, як вядома, у той час яшчэ ўзначальваў беларускі ўрад. Як удалося выйсці на Галадзеда, я не ведаю. Не памятаю і таго, ці ўпамінаў бацька ягоную пасаду. Але само гэтае прозвішча засела ў маёй памяці назаўсёды, бо здавалася яно нейкім смешным, асацыіравалася з нечым накшталт галапупіка.
Святочны настрой, прынамсі для мяне, трымаўся, аднак, нядоўга. У хуткім часе бацька зноў стаў даглядаць калгасных коней. Мясцовыя кіраўнікі не пабаяліся яшчэ раз даручыць такую справу «шкодніку». Відаць, добра ведалі сапраўдную цану тым абвінавачванням.
Догляд у летнюю пару заключаўся галоўным чынам у тым, што коней трэба было пасвіць. Статак быў даволі вялікі. І бацька ў якасці свайго памочніка ўзяў мяне. Тады мне было ўжо сем гадоў. А па вясковых звычках гэта самы час падключацца да сур’ёзнага занятку. Але падпасак з мяне атрымаўся далёка не ідэальны. Залюбаваўшыся якой-небудзь прыроднай з’явай, я мог і не заўважыць, як найбольш збродлівы конь падаваўся ў шкоду. За такія міжвольныя прамашкі і ўвогуле за любую нядбаласць бацька караў жорстка, без скідкі на дзіцячы ўзрост і маю прыроджаную ўражлівасць. Сырамятная пуга, разлічаная на тоўстую конскую шкуру, хадзіла па маіх голых лытках так, што я неаднойчы з крыўдай думаў: «А навошта нам такі бацька?» Спрабаваў скардзіцца маці, тая ўшчувала бацьку, але ён ад свайго не адступаўся. Мабыць, у гэтым праяўлялася не толькі сялянская натура, нязвыклая да сентыментальнасці, але і суровая жыццёвая школа, пройдзеная ў зняволенні.
Усё ж і крутая і ўвогуле дзейсная бацькава педагогіка добрага пастуха з мяне не зрабіла, хоць практыкавацца ў гэтай справе мне давялося нямала. Аднак і без бацькі, пасучы нашу карміцельку-карову з сяголетнім цялём, якое восенню трэба было па кантрактацыі здаваць у калгас, і з цёлкай-перазімкай, што рыхтавалася на замену старой рагулі, я часам губляў рахманую тройцу, а пазней і ўвесь ладны ды вельмі ж шустры статак калгасных авечак, які потым даводзілася шукаць усёй сям’ёй, здаралася, што і да позняй ночы. Гэтак падводзіла мяне захапленне кнігамі. Іх, за выключэннем таго, што «задавалася на ўроку», чытаць дома мне не дазвалялі — каб эканоміць час для розных гаспадарчых спраў. А тут нарэшце дарвешся да цікавага і, вядома ж, не прадугледжанага школьнай праграмай твора і на ўсё забудзешся...
Які ні строгі быў бацька, але жыццё наша з яго прыходам палепшылася. У вельмі ўраджайным 1937 годзе мы атрымалі з калгаса на працадні шмат збожжа (адзін раз на маёй памяці). Яно дасушвалася ў нас на печы. Дык я добра памятаю тое багацце. Аднак бацьку спажываць зароблены ў асноўным ім самім хлеб не давялося — яго зноў арыштавалі. На гэты раз, як сведчыць судовая справа, 1 верасня 1937 года.
Арыштоўваць прыйшоў раніцай міліцыянер у форме. Бацькі дома не было. Ён быў пры конях і яшчэ не вярнуўся з начлегу. Знайсці месца начнога выпасу калгаснай жывёлы ў ладных лясных абшарах узяўся Маскалёў Іван. Ён, напэўна, мог бы па-суседску сказаць бацьку пра небяспеку і тым самым дапамагчы яму неяк уратавацца, але не зрабіў гэтага, а здаў міліцыянеру.
Пазней, ужо пры гітлераўцах, маці ўзяла таго чалавека за хроснага для малодшага брата, якога хрысцілі ў вайну, бо немцы абвясцілі, што нехрышчоных дзяцей будуць знішчаць. Чаму яна так зрабіла, не ведаю і цяпер.
Бацьку ж свайго мы больш не ўбачылі. А ратунак быў, здаецца, рэальнай справай. Ва ўсякім разе, людзі, якія падлягалі арышту, але перахаваліся ў час таго «хапуна», потым адкрыта жылі дома. І іх ужо не чапалі.
А можа, бацька сам не захацеў хавацца, усё яшчэ верыў у нейкую справядлівасць? Гэткая думка ўзнікла, калі я прыгадаў, што маці, як бы прадчуваючы нешта нядобрае, раіла бацьку ў хуткім часе пасля вяртання з Дзмітраўскага лагера не ісці ў калгас, а з’ехаць некуды, хоць бы ў Крычаў, напрыклад, на цэментны завод — там заўсёды патрэбны былі рабочыя рукі. Але бацька адмовіўся. Ён некалі быў вельмі дужым чалавекам, калі меркаваць хоць бы па сундучку, які служыў яму ў высылцы замест чамадана і застаўся ў нас пасля паўторнага арышту. Той сундучок, зроблены не з фанеры, а з танкаватых дошак, і пусты важыў нямала. А бацька ж насіў яго не пустым. Ён хаваў там усе свае зэкаўскія набыткі. Відаць, шмат здароўя адабраў канал. Бо я і сам чуў, як бацька ноччу цішком скардзіўся маці, што ў яго пачынаюць пухнуць ногі.
Читать дальше