А можа, спрацавала славутая беларуская талерантнасць, якая на практыцы вельмі часта ператвараецца ў абыякавасць да ўласнага лёсу?
Увогуле, бацькава справа выклікае цэлы шэраг пытанняў. Пачну з таго, што ордэр на арышт быў выдадзены чэрыкаўскімі ўладамі яшчэ вясною, у красавіку. А сам арышт, як я ўжо казаў, адбыўся 1 верасня. Значыць, некалькі месяцаў міліцыя дабіралася з Чэрыкава да Быкоўкі. А гэта ўсяго нейкіх 18 кіламетраў... Чаму так доўга цягнулі з арыштам? Нехта спрабаваў да апошняга моманту ратаваць бацьку? А можа, улічвалі, што і ў калгасе вясною шмат працы, дык з-за гэтага знарок не спяшаліся арыштоўваць? Ці вельмі вялікая нагрузка была на карныя органы?
Кідаецца ў вочы і разнабой у вызначэнні маёмаснага стану нашай сям’і. Згодна аднаго дакумента, падпісанага старшынёй сельсавета Жаранковым, у бацькі было да калектывізацыі 4,97 га зямлі, конь, карова і 7 галоў дробнай жывёлы. Гэта, вядома, авечкі і свінні. У адпаведнасці з другой паперай, зямлі было ўжо 6 га, каровы дзве, конь, як і раней, адзін, затое дробнай жывёлы на адну галаву паменела. Потым паяўляюцца звесткі пра ажно тры каровы, тры кані і 8 авечак са свіннямі. Плошча зямельнага надзелу таксама імкліва ўзрастае — спачатку да 18, а потым і да 40 га. Апошнюю лічбу назваў Маскалёў Васіль, які праходзіў у якасці сведкі разам з І. П. Князьковым ды I. Т. Кураленкам.
Маці было аднекуль вядома, што і Князькоў, і Кураленка сведчылі нядобрасумленна. I таму яна часта праклінала іх. Але асабліва ненавідзелі ў нас Васіля Маскалёва. Гэта брат Івана Маскалёва, таго самага, што прывёў бацьку да міліцыянера. Але Іван быў чалавекам куды больш памяркоўным, чым ягоны брат. Васіль жа ў даваенныя гады выдаваў сябе за самага прававернага камуніста. Быў ён аднавокім. Дык вяскоўцы празвалі яго Сляпы Камбал (відаць, ад слова камбала). Ён і мне, як і маім братам, не раз пагражаў: «Пойдзеш і ты туды, куды пайшоў бацька». Але ягонай прававернасці хапіла ненадоўга. У перыяд гітлераўскай акупацыі ён спачатку трохі хаваўся, а потым стаў памочнікам старасты. А яго як быццам пакідалі для арганізацыі падпольнага супраціўлення. Як потым высветлілася, ніякай падпольнай работы ён не вёў, адно перад прыходам савецкіх войскаў некалькі дзён пабыў у лесе, а сказаў, што партызаніў. Нейкім чынам яму пасля вызвалення яшчэ ўдалося ўладкавацца на пасаду старшыні калгаса, але не ў нашай вёсцы, а ў суседняй Касцюкоўцы. Ды «ліпа» адносна ягонага «геройства» даволі хутка высветлілася. I Васіль Маскалёў сам атрымаў дзесяць гадоў зняволення.
Вось такі гэта быў «барацьбіт», які прыдумаў версію пра міфічныя 40 гектараў зямлі ў майго бацькі. Маёмаснае становішча завышалася, вядома, знарок, каб звычайнага селяніна можна было аб’явіць кулаком і, значыць, класавым ворагам. А з класавымі ворагамі якая ж размова? На іх ужо можна было валіць усё. Вось і бацьку ў 1937 годзе надалі кулацкі статус, хоць нават у 1933-м, мяркуючы па афіцыйным прысудзе, размовы пра гэта не было.
Кажу тут толькі пра афіцыйны прысуд 1933 года, бо саміх тагачасных матэрыялаў у бацькавай справе з Магілёўскай абласной пракуратуры няма, а звесткі пра вынесены тады, у 1933 годзе, прысуд і яго змену ў 1936 годзе падаюцца. Усе астатнія матэрыялы ў гэтай справе звязаны з паўторным арыштам і новым прысудам.
Судзіла бацьку ў 1937 годзе тройка НКУС БССР у складзе... двух чалавек. 5 лістапада яна прызнала, што бацька быў кулаком, выступаў «против мероприятий партии и правительства», і пастанавіла: «заключить в исправительный лагерь сроком на десять лет». Тэрмін вылічаўся з 1 верасня, г. зн. з дня арышту.
Ужо ў той дзень (1.9.37) бацька быў дастаўлены ў магілёўскую турму. У віну яму зноў ставілі контррэвалюцыйную агітацыю, маўляў, гаварыў, што ў калгасе працуюць толькі дурні, сам працаваў, але заявы ў калгас не падаваў, сцвярджаў, што хутка будзе вайна і савецкая сістэма разваліцца, заклікаў не падпісвацца на абаронную пазыку. Гэта запісвалася са слоў тых крывадушных сведкаў.
У адзіным пратаколе допыту, які адбыўся 6 і 7 лістапада, рабіўся закід, нібыта яшчэ да калектывізацыі ён, Бугаёў Якаў, трымаў парабкаў. Непісьменны селянін добра зразумеў, куды хіліць такі закід, і запярэчыў, што быў толькі адзін парабак на час сезонных работ і не ў яго самога, а ў ягонага бацькі.
На абвінавачванне, што «умышленно выводил колхозных коней из строя зимой 1936 г.», бацька зноў запярэчыў: «Верно, работал на лесовозе, но коней колхозных из строя не выводил».
Нашы сяляне сапраўды кожную зіму мусілі выконваць цяжкую павіннасць: некалькі тыдняў цягаць з Васілеўшчыны да сплаўных пунктаў на Сажы будаўнічы лес, які ішоў у розныя куткі краіны, у тым ліку ў Данбас. Называлася гэта ехаць у калоды, бо там, на лесавывазцы, сяляне ўвесь гэты час і жылі, адарваныя ад сем’яў. Здаралася, што і гінулі. А цяпер гэтае шчыраванне на дзяржаву паварочвалі як абвінавачванне!
Читать дальше