З гэтай жа справы я даведаўся, што па прысуду 1937 года бацька афіцыйна рэабілітаваны 26 верасня 1989 года. Спрацавала пастанова аб рэабілітацыі ўсіх, хто быў асуджаны асобнымі нарадамі і рознымі тройкамі.
Прысуд, вынесены тройкай «ПП ОГПУ» 19 красавіка 1933 года, адменены 25 ліпеня 1958 года вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР. Судовая справа супроць бацькі тады была спынена «за недаказанасцю абвінавачання». Пра гэта мне паведамілі з пракуратуры Магілёўскай вобласці 17 лютага 1995 года. Раней ні я, ніхто іншы з нашай сям’і, у тым ліку і маці, пра гэтую акалічнасць нічога не ведалі.
Да поўнай бацькавай рэабілітацыі маці і ўвогуле не дажыла. Яна памерла ў 1967 годзе, адпакутаваўшы на гэтым свеце 78 гадоў. Пахавана ў Мінску на Маскоўскіх могілках. Дата яе нараджэння на сціплым надмагільным помніку недакладная. Там пазначаны 1882 год, хоць у сапраўднасці маці нарадзілася, як вынікае з матэрыялаў бацькавай справы, у 1889 годзе. Такім чынам, сем годзікаў мы ёй дабавілі. Гэтая дабаўка найбольш на маім сумленні. Зроблена яна адразу пасля вызвалення ад гітлераўцаў. Тады нанова афармляліся дакументы, бо ранейшыя загінулі ў полымі вайны. А разам з бальшавікамі вярталіся і непамерныя падаткі, калі плаціць трэба было за ўсё — за кожную яблыню і кожную курыцу. Яблынь у нас тады ўсё яшчэ не было. А куры і іншая жыўнасць вяліся. Каб хутчэй вызваліцца ад тых падаткаў (з састарэлых яны ўсё ж здымаліся), я трохі і завысіў матчын узрост. Што завышаў — ведаў, наколькі — не. 1882 год нараджэння Купалы і Коласа. А біяграфіі народных паэтаў я цвёрда засвоіў яшчэ ў школьныя гады. Вось і прыдалося тое засваенне.
Сама маці дакладную дату свайго нараджэння таксама не ведала, вылічала яе вельмі прыблізна. I яшчэ казала, што нарадзілася вясной. Дык мы ёй паставілі 8 сакавіка, зноў жа добра запамінаць. I ўсё ж нейкае свята — жаночы дзень. Няхай будзе хоць такая радасць. А што трохі прыстарылі жанчыну, дык яна была не ганарыстая, крыўды з гэтай нагоды не выказвала ніколі. У сельсавеце, напэўна, здагадваліся пра нейкую прыбаўку матчыных гадоў, але таксама не пярэчылі. Нам многія спачувалі, бо разумелі, колькі гора абрынулася на маці. Цяжка нават уявіць, як яна яго вынесла, як здолела падняць усіх нас.
Бо і ў 1937 годзе, за выключэннем Яфіма, мы былі яшчэ дзецьмі. А пры першым бацькавым арышце карціна выглядала зусім жахлівай: Івану было дзесяць гадоў, брату Мішу, які загінуў на фронце ў Айчынную вайну, — сем, мне — чатыры, Лене — адзін год, а Аляксей увогуле толькі нядаўна перад тым нарадзіўся.
Страшна такое ўспамінаць, але маці пад старасць казала, што ад роспачы яе адольвала спакуса прыдушыць апошняга сына, паклаўшы яму падушку на галаву. Ды кожны раз перамагала боязь узяць на душу непапраўны грэх. А хіба ж яна, наша вялікая гаротніца, не любіла сваіх дзяцей? Яшчэ як любіла! Яна маладою выйшла замуж, доўга чакала першынца, потым некалькі хлопцаў і дзяўчатак пахавала (часта згадвала іх у сваіх малітвах), а ўжо тых, што выжылі, старалася ўсяляк берагчы. I раптам такая навала, якая магла раздушыць каго хочаш. А потым беды сыпаліся адна за другой, як з рога. Дык ці трэба дзівіцца, што неаднойчы ўзнікала і думка пра самагубства. Ды маці яе адганяла, зноў жа баючыся граху перад Богам.
Незадоўга да вайны пайшла пагалоска, што ў Крычаве аб’явіўся нейкі сляпы дзед, які, сцвярджалі, вельмі ж трапна прадказвае чалавечы лёс.
Маці кінула ўсе неадкладныя справы і пайшла да таго правідца варажыць. Адтопаўшы 50 кіламетраў (25 туды і столькі ж назад), яна вярнулася абураная: дзед наваражыў, што чалавека яна ўжо ніколі не ўбачыць, будзе перабірацца на новае месца, зведае пажар, страту часткі блізкіх людзей, якія цяпер жывуць з ёю побач, і іншыя згрызоты. «Лухта нейкая»,— казала ўзлаваная маці, зноў і зноў кленучы таго варажбіта. Але потым мусіла прызнаць, што ўсе яго прадказанні спраўдзіліся.
Першым звяном у ланцугу чарговых няшчасцяў і стала тое перасяленне з Быкоўкі, ад якога я так далёка адхіліўся. Тады, як і ў многіх іншых выпадках пасля бацькавага арышту, моцна дапамог матчын старэйшы брат Лазар, чалавек вельмі яркі і арыгінальны, выдатны майстар у розных справах. Ён умеў капаць калодзежы, быў добрым садоўнікам і пчаляром, таленавіта расказваў народныя казкі і цікавыя здарэнні. Кожны ягоны прыход быў для нас святам. На вялікі жаль, у апошнюю перадваенную зіму ён загінуў на той абавязковай лесавывазцы, за шчыраванне на якой яшчэ і вінавацілі майго бацьку, «шыючы» яму справу.
Читать дальше