Я прымаў удзел у абмеркаванні Сцяпанавай дысертацыі і горача падтрымаў яе, бо выразна бачыў навізну і выключную грунтоўнасць працы. Заўважыць і тое, і другое было зусім не цяжка, бо Сцяпан Хусейнавіч вельмі доказна, на велізарным фактычным матэрыяле, які ў большасці выпадкаў упершыню ўводзіўся ў навуковы ўжытак, паказаў, як збеднена ўяўлялі мы сваю літаратуру ў адзін з самых адказных перыядаў яе развіцця. У навуковай грамадскасці дысертацыя Сцяпана Александровіча і асабліва яго кніга « Пуцявіны роднага слова» выклікалі самае прыязнае стаўленне. Але начальства, вядома, не кафедральнае ці факультэцкае, а больш высокае, тое, што ажыццяўляла над намі пільны ідэалагічны нагляд, глядзела на Сцяпана Хусейнавіча з пэўнай асцярогай — з-за таго злашчаснага палону і настойлівага імкнення даследчыка па-новаму асэнсоўваць беларускую гісторыю, заглыбляцца ў нацыянальныя праблемы.
У такой сітуацыі сяброўская падтрымка тых, хто паважаў нашу гісторыю, з трывогай думаў пра лёс беларускай культуры і самой нашай мовы, была зусім не лішняй. Таму Сцяпан Хусейнавіч з удзячнасцю ўспрымаў шчырае, прыхільнае слова пра яго. Мне ён падарыў «Пуцявіны роднага слова» з вельмі прыязным подпісам. Усяго ж у сваёй дамашняй бібліятэцы я налічыў 8 Александровічавых кніг з дарункавымі аўтографамі.
Але вярнуся да юбілейных ушанаванняў Александровіча. У 1998 г. выйшла цэлая кніга (памер — 152 старонкі, тыраж выдання не пазначаны), у якой сабраны матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння Сцяпана Александровіча. Яна праходзіла ўжо без яго самога, бо ён адышоў у лепшы свет на дзесяць гадоў раней. Гэтая канферэнцыя адбывалася на нашым філфаку з удзелам пісьменнікаў Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Міколы Аўрамчыка, навукоўцаў не толькі з БДУ, але і з НАН (А. Ліс, Г. Кісялёў, Л. Лыч, гісторык па спецыяльнасці, і інш.), а таксама з Расійскай АН. Яе прадстаўляў А. К. Каўка з Інстытута сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага. Былі, як сведчыць згаданае выданне, і навукоўцы негуманітарнага профілю. Адзін з іх — Х. М. Александровіч, доктар хімічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН. Ён назваў сябе родзічам і земляком Сцяпана Хусейнавіча. Дык вось гэты Сцяпанаў родзіч і зямляк прыгадвае: «У перыяд нашага знаёмства Сцяпан Хусейнавіч настаўнічаў у Навагрудку». Ён быў «выхаваны ў ідэалогіі таталітарнай савецкай дзяржавы», пабыў «у час Айчыннай вайны ў нямецкім палоне». І гэта, працягвае родзіч, накладвала на яго свой адбітак: «Ён у той час ... выклікаў уражанне чалавека вельмі падаўленага жыццём... быў мала разгаворлівым і замкнёным, пазбягаў размоў пра вайну, пра палон, пра палітыку, пра мінулае і будучыню. Кантрастам гэтаму былі сустрэчы з ім у больш познія гады ў Мінску, асабліва пасля першай адлігі ў 1953 г. Відаць было, як Сцяпан Хусейнавіч літаральна перайначваўся ў жыцці, у яго пачала паяўляцца ўпэўненасць у сабе, ён станавіўся больш камунікабельным у зносінах і адкрытым. Дзякуючы высокаму ўнутранаму інтэлекту ён з глыбокай цікавасцю і разуменнем ставіўся да людзей і іх жыццёвых праблем. Таму ў памяці ён захаваўся вельмі добрым, адзыўлівым, высакародным, бескарыслівым і добразычлівым Чалавекам з вялікай літары».
Сказана зусім слушна, прынамсі пра большую натуральнасць у штодзённых стасунках Сцяпана Хусейнавіча тады, калі пачалася хоць нейкая лібералізацыя ў краіне, і, вядома, пра яго чалавечае высакародства.
Я добра пазнаёміўся са Сцяпанам Хусейнавічам у час сумеснай працы ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі. Сцяпан Хусейнавіч там працавў старшым навуковым супрацоўнікам у 1958—1963 гадах. А потым перайшоў у БДУ, на філфак. Чытаў ён даволі грувасткі курс літаратуры народаў СССР. Я ж трапіў у акадэмічны Інстытут літаратуры ў 1959 г. Як і Сцяпан Хусейнавіч, працаваў там чатыры гады. Праца ў Інстытуце літаратуры пад крылом майго навуковага кіраўніка В. В. Барысенкі мне вельмі падабалася. Падабаўся і інстытуцкі калектыў. Асабліва Алесь Адамовіч. Ён з цягам часу пачаў ставіцца да мяне з сяброўскай прыязнасцю. Гэта радавала вельмі моцна, бо я бачыў рознабаковую таленавітасць Адамовіча, разумеў, што ён самы выдатны беларускі крытык. Шмат чаго абуджала ў душы ягоная глыбока праўдзівая, баявіта-задзірыстая мастацкая проза, па шэрагу параметраў роднасная быкаўскай прозе. Як і Быкаў, вызначаўся Адамовіч сваёй выключнай сумленнасцю, грамадзянскай мужнасцю і прынцыповасцю ва ўсім.
Читать дальше