Няпраўда, што Семяновіч тады выказаў нязгоду. Ён сціпленька маўчаў, бо сказаць не было чаго, і пры галасаванні не ўстрымаўся, а прагаласаваў за звальненне Бародзіча. Ды і ўстрыманне ад галасавання, калі прыняць версію Семяновіча, вельмі ж хліпкая нязгода.
За звальненне Бародзіча дружна прагаласавалі ўсе члены Вучонага савета. А ў ліку іх быў і Алесь Адамовіч, які ніколі не крывіў душою. Камісію па праверцы навуковай працы Бародзіча ўзначальваў Міхась Лынькоў, які таксама вызначаўся сваёй прынцыповасцю. І яму Барысенка не мог даваць установак на тое, як ацаніць працу Бародзіча. Той амаль цэлы год не займаўся сваімі абавязкамі малодшага навуковага супрацоўніка, а траціў час на фельетоны ў маскоўскіх выданнях, прызнаныя потым ілжывымі не Барысенкам, а тымі выданнямі, якія мусілі даваць абвяржэнні. Словам, амаль год Бародзіч «сачкаваў». І ў час праверкі, якая робіцца пры атэстацыі ўсіх навуковых супрацоўнікаў, гэта выявілася з усёй неаспрэчнасцю.
Барысенка на згаданым савеце прапанаваў прагаласаваць і супрацоўнікам, якія не былі членамі савета. Яны гэта зрабілі ахвотна. Са страху? Якраз не. Бародзіча за ягоную, як мне здавалася, фанабэрыстасць не любілі многія. А страху-жаху Барысенка ў Інстытуце не наводзіў. Парадкі тут былі больш дэмакратычныя, чым у суседніх навуковых інстытутах. Скажам, у Інстытуце мовазнаўства яго дырэктар М. Р. Суднік так «пасвіў» сваіх маладых супрацоўніц, што бегаў фіксаваць нават час, які яны «марнавалі» ў туалеце, а ўжо за спазненне на працу хоць на якую хвіліну-другую здымаў «стружку» неміласэрна, сочачы за ўсім асабіста. Барысенка пасмейваўся з гэтакай дробязнасці калегі са званнем члена-карэспандэнта НАН Беларусі. Выкананне планавых тэм было абавязковым і ў Інстытуце літаратуры. Але патрабаваць, каб уся праца рабілася непасрэдна за інстытуцкімі сталамі, у карпенні за імі ад званка да званка, Барысенку ў галаву не прыходзіла. Часам гэтым і злоўжывалі. Але ўсё ж плюсаў тут было больш.
І на пасяджэннях Вучонага савета ў Барысенкі можна было выказвацца свабодна, спрачацца па розных праблемах, пярэчачы і самому дырэктару. Толькі за пярэчанні ці спрэчкі нікога на маёй памяці з працы не звальнялі.
Перабольшваў Семяновіч і ў сваіх сцверджаннях, што Барысенку напалохалі фотакопіі ягоных старых артыкулаў, зробленыя Бародзічам. Гэтым мала каго можна было здзівіць. Большасць даследчыкаў і без Бародзіча ведала пра тыя артыкулы і пра тое, што тварылася ў 1930-я гады, калі нават Купалу і Коласу даводзілася пад дыктоўку не Барысенкі, а Лукаша Бэнды нагаворваць на сябе жахлівыя рэчы.
Зрэшты, кіраўнікі навуковых інстытутаў і больш уплывовага Саюза пісьменнікаў мусілі падтрымліваць ідэалагічныя абвінавачванні не толькі ў перыяд сталінскіх рэпрэсіў, але і ў пазнейшыя часы, аж да гарбачоўскай галоснасці. На маёй памяці паважаныя пісьменнікі ругалі і Б. Пастарнака (рабіў гэта і Барысенка) за раман «Доктар Жывага», і А. Кулакоўскага за праўдзівую аповесць «Дабрасельцы», і В. Быкава за «Мёртвым не баліць». Ужо ў 1971 годзе І. Мележ, тады адзін з намеснікаў старшыні нашага СП, згадваючы магутную быкаўскую аповесць «Мёртвым не баліць», мусіў паўтараць, што гэтая аповесць стала творчай няўдачай аўтара. Мусіў таму, што яшчэ ў 1965 годзе яна была афіцыйна асуджана. І ідэалагічныя службы таго прысуду строга трымаліся.
Праўда, Мележ не называў пісьменніка ворагам народа, як гэта рабілася ў 1930-я гады, ён яго асцярожна абараняў, але з вымушаным прызнаннем уяўных грахоў мастака. У артыкуле «Раманы, аповесці, апавяданні» (1971) Іван Паўлавіч напісаў: «Для Быкава не прайшла бясследна тая крытыка, якой быў падвергнуты ў свой час яго твор «Мёртвым не баліць». Ужо ў аповесці «Праклятая вышыня» Быкаў, хоць і не ва ўсім з поспехам, паспрабаваў вырвацца з палону тых схем, якія прывялі пісьменніка да творчай няўдачы ў аповесці «Мёртвым не баліць». Між героямі аповесці «Праклятая вышыня» і капітанам Сахно з «Мёртвым не баліць» ужо значная адлегласць. Яшчэ далей у гэтых адносінах ад «Мёртвым не баліць» новыя дзве аповесці Быкава, хоць і яны выклікаюць крытычныя водгукі».
Гутарка ішла пра аповесці «Круглянскі мост» і «Сотнікаў». Іх Мележ таксама злёгку пакрытыкаваў, зазначыўшы, напрыклад, што «Сотнікаву» «шкодзіць камернасць».
У тым, што і выдатны пісьменннік Мележ мусіў аглядвацца на афіцыйныя ідэалагічныя прысуды, тут на прысуд Быкаву, бачыцца плата за несвабоду мастака ў таталітарным грамадстве. Гэтая аглядка была абавязковай для ўсіх, хто займаў кіраўнічыя пасады. Тыя ж, хто афіцыйных прысудаў хоць бы фармальна не паўтараў, на пасадах не затрымліваліся. Давялося ж Алесю Адамовічу развітацца з Маскоўскім універсітэтам, дзе ён чытаў курс беларускай літаратуры, пасля таго, як адмовіўся падпісаць асуджальны ліст супроць А. Сіняўскага. І ў Мінску яго нідзе на працу не бралі. Рызыкнуў гэта зрабіць асцярожны ў многіх выпадках Барысенка.
Читать дальше