У гэтым жа кірунку ідуць сентэнцыі наконт жахлівасці братазабойчых раздораў ці таго, што ў паваротныя моманты гісторыі гінуць лепшыя прадстаўнікі народа, найбольш самаахвярныя, разумныя і сумленныя. Так нараджаецца адмоўная селекцыя, бо асцярожныя палахліўцы не ўключаюцца ў барацьбу за вартую чалавека будучыню і выжываюць, плодзячы цярплівых палахліўцаў, гатовых мірыцца з вялікім злом і пастаянным прыніжэннем.
Прываблівае ў рамане Л. Рублеўскай і пейзажнае майстэрства. Яна ўмее літаральна некалькімі штрыхамі ўражліва акрэсліць прыродны фон падзей. Вось некалькі характэрных прыкладаў: «Адлютавала зіма, адплакала адлігамі вясна, адспявала птушкамі лета» і надышоў «цьмяны лістападаўскі дзень». Так хораша гаворыцца пра рух часу, пра звыклую змену пораў года, вядомую кожнаму чалавеку, гаворыцца выразна і ёміста, аднак гранічна сцісла, паэтычна.
Такая паэтычнасць выразная і ў наступных штрыхах: «Восень прыйшла без дазволу, як цыганка, і адразу раскінула свае стракатыя спадніцы на зжоўклай траве, расселася гаспадыняй, пазвоньваючы залатымі маністамі».
Часта пейзажныя штрыхі суадносяцца з пачуццямі, настроем персанажаў, узмацняючы выразнасць іх агульнай абмалёўкі. «Вецер ударыў у твары, і быў ён вільготны, як зрэзаныя на золку кветкі. Ды яшчэ з сасны пасыпаліся дробныя кроплі-слёзы, і ўсмешка сусвету стала трохі сумнай». Адпаведна сумным становіцца і настрой героя, тут чуллівага Сымона Пятровіча.Гаваркія і трапныя ў Л. Рублеўскай шматлікія параўнанні. Яны звяртаюць на сябе ўвагу не толькі ў пейзажных штрыхах, але і на працягу ўсяго рамана. Пра панылы настрой аднаго з герояў (скульптара Валянціна, таго, што не падманны, а сапраўдны) у скрушлівую для яго хвіліну сказана, што хлопец «сядзеў такі сумны, нібыта зазірнуў ва ўласную магілу». Згушчэнне фарбаў максімальнае. Але для рамантызаванай стылістыкі рамана Л. Рублеўскай гэта натуральна. Нармальна ўспрымаюцца ў гэтым стылі і наступныя кідкія параўнанні. У гандляркі Дзіны пагляд на саперніцу па каханні да скульптара «быў вастрэйшы ад касінерскага ляза». Вінцэсь Рашчынскі цалуе Вальжыну Рагманаву «вуснамі, гарачымі, як апошняя надзея». «Хрысціна рэзала голасам паветра, як лязом шаблі». У аднаго з дэманічных герояў пагляд чорных вачэй, як «сама нянавісць». Ёсць і «страла, кароткая, нібы апошні ўздых». Арыгінальна гучыць характарыстыка перарывістай размовы двух узаемна насцярожаных персанажаў: «Яна, як рэчка ў афрыканскай саване, якая то перасыхае, то зноў выблісквае».
За кідкасцю трапных параўнанняў і агульнай яркасцю пісьма ў рамане «Золата забытых магіл» адчуваецца вопыт працы Л. Рублеўскай у галіне паэзіі. Бывае, што гэткі вопыт ідзе і на шкоду празаічнаму пісьму, калі аўтар збіваецца на сентыментальнае сюсюканне ў эпічным жанры. А Рублеўская такіх збояў не дапускае. Яна тонка адчувае магчымасці слова, ведае, як яго трэба павярнуць, каб дабіцца максімальнай выразнасці. Яе раман «Золата забытых магіл» — цікавая і значная з’ява ў сучаснай беларускай прозе.
2005 г.
ПРА ВАСІЛЯ БАРЫСЕНКУ
(да 100-годдзя з дня нараджэння даследчыка)
З дня нараджэння Васіля Васільевіча Барысенкі 25 красавіка 2004 года спаўняецца 100 гадоў, вядомага беларускага літаратуразнаўцы і крытыка, акадэміка НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, заслужанага дзеяча нашай навукі. Амаль тры дзесяцігоддзі (1946—1973) ён узначальваў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы, а ў даваенны перыяд (1937—1941) быў дырэктарам Інстытута мовы і літаратуры. Набіраецца амаль трэць стагоддзя кіраўніцтва літаратуразнаўчым развіццём. З’ява ў нашай гуманітарнай навуцы рэдкая, можна сказаць, выключная. Дык ці трэба дзівіцца, што яго дзейнасць выклікае розныя ацэнкі? Ды яна і не магла быць аднолькава плённай у розныя часы. Розныя і храналагічна, і па тых магчымасцях, якія мелі крытыка і літаратуразнаўства, існуючы ва ўмовах зігзагападобных перамен, рэзкіх перападаў у грамадскай атмасферы.
Я зблізку ведаў Васіля Васільевіча ў свае аспіранцкія гады (ён быў маім навуковым кіраўніком) і ў перыяд працы ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы (1959—1964). Прыязныя адносіны з ім захоўваліся і тады, калі я з акадэміі перайшоў на працу ў БДУ
Адразу скажу, што маё стаўленне да В. В. Барысенкі ў цэлым станоўчае. Я лічу яго сваім настаўнікам, якому шмат чым абавязаны і ў навуковай працы, і ў чалавечым лёсе. Барысенка ўзяў мяне ў аспірантуру, запрашаў у Інстытут літаратуры пасля яе заканчэння. А калі я пабаяўся прыняць гэтае запрашэнне і паехаў у Мазыр на выкладчыцкую пасаду ў педінстытуце, крыўды не затаіў. Наадварот, ён зрабіў усё, каб пазней выратаваць мяне ў ахавай сітуацыі. Дзякуючы ягоным немалым намаганням я, ужо выгнаны з Мазыра, уладкаваўся ў сталіцы і мог тут займацца даследаваннем літаратуры.
Читать дальше