Галоўным героем аповесці з’яўляецца персанаж з псеўданімам Сплюшка, запісныя кніжкі якога складаюць амаль усю змястоўную частку твора. Гэты Сплюшка таксама партызаніў. Але ён вораг бальшавікоў, бо яны рэпрэсавалі бацьку хлопца, а потым і яго самога абвінавацілі ў нацыяналізме. Яшчэ да вайны ён сядзеў і за кратамі, а ў вайну быў у радах Краёвай абароны, падтрымліваў сувязі з «бульбашамі» і іншымі ўдзельнікамі тагачаснай калатнечы ў Беларусі, наглядзеўся розных жахаў і сам прымаў удзел у крывавых забойствах. Вось і давялося яму ратавацца. Спачатку прытулак быў у Францыі, потым у Германіі, а скончылася гарачай Афрыкай. Так дзеянне перакідваецца ў Экватарыяльную, Цэнтральную і Паўднёвую Афрыку. Шмат увагі аддаючы паказу звычаяў афрыканскіх плямёнаў, аўтар (ад імя Сплюшкі) з такімі падрабязнасцямі апісвае ўласцівы ім канібалізм, што чытаць становіцца цяжка і непрыемна, часам ажно да агіды.
Змястоўныя ў большасці выпадкаў і апавяданні Ю. Станкевіча. Але ёсць у іх празмерна натуралістычная дэталізацыя, асабліва кідкая ў «Ізумрудназялёных мухах». Нахабная пацучыха з гэтага апавядання, якая робіць «гняздо проста ў трупе чалавека», на целе якога «ўжо кішэлі чэрві», — такія штрыхі ўяўляюцца мне пераборам.
Думаецца, злоўжывае пісьменнік у шэрагу твораў рознага жанру і навязлівым педаліраваннем сексуальных матываў. Вядома, гэта важная і, канечне, прыемная сфера чалавечага жыцця. Але і тут пераборы толькі шкодзяць. У Станкевіча ж секс, секс, секс, пры зручнай нагодзе і без яе, часта з груба-фізіялагічнай аголенасцю і ў самых розных варыянтах, у тым ліку самых вычварных, густа плямяць старонкі кнігі. Здаецца, няма такіх вывіхаў на гэтай глебе, якіх не занатаваў аўтар. Ды яшчэ з падрабязнасцямі, ад якіх трохі далікатнага чалавека можа пацягнуць на ташноты.
І ўсё ж агульная ацэнка кнігі ў мяне застаецца высокай. Выдаткі ж у выглядзе розных перабораў і крайнасцяў не могуць перакрэсліць тое добрае і значнае, што ёсць у прозе Ю. Станкевіча, пісьменніка з вострай рэакцыяй на жорсткасць сучаснай рэчаіснасці, яе неўладкаванасць у шмат якіх адносінах.
2005 г.
ГІСТАРЫЧНАЯ ПРОЗА АЛЕСЯ НАВАРЫЧА Ў СВЯТЛЕ КАРАТКЕВІЧАЎСКАЙ ТРАДЫЦЫІ
Алесь Наварыч (Аляксандр Іванавіч Трушко) нарадзіўся ў 1960 годзе ў палескім краі (вёска Відзібор Столінскага раёна). Пісьменніцкія даведнікі і іншыя друкаваныя крыніцы паведамляюць, што сярэднюю адукацыю Наварыч атрымаў у Відзіборскай школе, якую закончыў у 1977 годзе. Там жа працаваў лабарантам, быў таксама цесляром-бетоншчыкам, а пра наканаваны яму пісьменніцкі лёс тады яшчэ і не здагадваўся. Вабіла ж хлопца заўсёды прэстыжная ў вачах многіх медыцына. І ў 1978 годзе ён падаўся на стаматалагічны факультэт Мінскага медінстытута. Пасля двух гадоў вучобы на медыка няўрымслівы Наварыч зрабіў нечаканы па звыклых уяўленнях крок — падаўся ў філалогію (1980). Скончыўшы філфак БДУ, настаўнічаў у Скірмантаўскай школе Дзяржынскага раёна (1985—1986), выкладаў рускую мову і літаратуру шкалярам у вёсцы Малюшычы Карэліцкага раёна (1986—1987).
Сваё пісьменніцкае прызванне адчуў ужо тады, калі развітваўся з медыцынай. А з канца 1980-х гадоў і працаваць стаў у друку — у часопісах «Бярозка», «Вожык» (тут Наварыч быў літаратурным рэдактарам аддзела фельетонаў), намеснікам галоўнага рэдактара РУП «Выдавецкі цэнтр БДУ».
Друкуецца Алесь Наварыч з 1983 года. Тады часопіс «Маладосць» у сваім першым нумары змясціў Наварычавы апавяданні «Хто першы?» і «Аднойчы ў лесе». У 1988 годзе выйшаў зборнік апавяданняў і аповесцяў «Рабкова ноч». У 1989 годзе пабачыў свет зборнік «Ноч пацалункаў незалежнасці».
Над гістарычным раманам «Літоўскі воўк» праца пачалася толькі праз дзесяцігоддзе з гакам — такім чынам, Алесь Наварыч не імкнецца здзіўляць колькасцю твораў, ажыццяўляе свае задумы без хапатлівасці і спешкі. Ён валодае бясспрэчным пісьменніцкім талентам і, калі меркаваць па выніках, працуе над словам сур’ёзна, удумліва, з адчуваннем адказнасці перад чытачамі.
Таму зусім не выпадкова, што ўжо першыя апавяданні і аповесці празаіка выклікалі вельмі прыязныя водгукі літаратурнай крытыкі. Пра Наварыча прыхільна пісаў М. Кусянкоў («Каб служыла часу пяро». «Маладосць», 1984, № 2). «Притяжение реальности»— так вызначыў галоўную сутнасць прозы А. Наварыча выдатны даследчык нашай літаратуры М. Тычына («Неман», 1984, № 8).
І ўжо з відавочнай захопленасцю выказаўся пра творы Наварыча імпульсіўны Аляксей Карпюк. «Словам пра талент» назваў ён свой уступны артыкул да кнігі «Рабкова ноч» і ў азарце пахвалы паставіў маладога празаіка адразу ў шэрагі класікаў: «Каб старонняму чалавеку зачытаць асобныя старонкі з гэтай кнігі, то ён хутчэй за ўсё сказаў бы, што напісаў іх Прышвін ці ранні Шолахаў». Канечне ж, гэта перабольшанне. Яно відавочнае і ў наступнай Карпюковай заяве: «Месцамі па сіле эмоцый і апісальнасці ў Алеся Наварыча так па-майстэрску пададзены матэрыял, што не можаш прыпомніць аналага ў беларускай літаратуры». Выходзіць, што Наварыч ужо ў першых апавяданнях і аповесцях паказаў сябе большым майстрам празаічнага слова, чым Якуб Колас, Іван Мележ, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Іван Навуменка, Уладзімір Караткевіч, якія здабылі шырокае прызнанне не толькі ў Беларусі яшчэ да таго, як Наварыч узяўся за пісьменніцкае пяро.
Читать дальше