Значнае месца ў творы займае вобраз Ежы Урбановіча. У яго абмалёўцы псіхалагічнае майстэрства Наварыча зноў жа выяўляецца вельмі выразна. Моцна «закручана» тут і падзейная інтрыга, якая часамі, як і ў некаторых іншых месцах рамана, набывае рысы сентыментальнасці. Ужо стараваты разбагацелы аканом, уладальнік ладнага маёнтка, Ежы Урбановіч узяў за жонку намнога маладзейшую жанчыну, якую горача кахае. Не абыходзіцца і без рэўнасці, хоць сур’ёзных падстаў для яе няма. Ачмурэлы ад кахання Урбановіч ідзе за жонкай і ў паўстанне (яна там свой чалавек, актыўная дзяячка), дапамагаючы паўстанцам перш за ўсё грашыма. А клянецца, што для перамогі патрыётаў гатовы і жыццё аддаць. Аднак жыцця ён не аддае і на шыбеніцу ці ў Сібір не трапляе, бо ўмее спрытна выкручвацца ў самых складаных сітуацыях. Пры вялікіх грашах разумнаму чалавеку ўдаецца многае. У фінальных сцэнах рамана мы бачым Урбановіча па-ранейшаму дбалым гаспадаром, які любуецца сваім добра дагледжаным паркам ды зусім памяркоўна разважае: «Любыя рэзкія рухі прыводзяць да беспарадку... Рэвалюцыя, бунт ёсць зменлівая форма хаосу. Эт глупства. Толькі б здароўе. А то нешта Аксанцы ўсё нездаровіцца...» Аксанка — гэта ўжо згадваная Урбановічава жонка. Яна таксама змірылася з паражэннем паўстання і збіраецца жыць так, як даводзіцца, — без бунтарства і вялікіх амбіцый. У раздзельчыку «Заміж пасляслоўя» і Аксана, і Ежы Урбановіч бавяць час у курортных Друскеніках.
Сапраўдных змагароў, якія заслугоўваюць назвы рэвалюцыянераў, з іх так і не атрымалася. Глыбінныя рэвалюцыі, якія ўскалыхваюць грамадства і ўсё ж абнаўляюць яго, няхай і цаной большых ці меншых, але непазбежных ахвяр, патрабуюць вялікай самаахвярнасці самых актыўных дзеячаў. Ні Урбановіч, ні Аксана на такую самаахвярнасць няздольныя. Іх часовае бунтарства аказалася бясплённым, як і шлюб, што не прывёў да нараджэння дзяцей. Тая бяздзетнасць, як і шамт што іншае ў рамане, выглядае сімвалічнай.
Ды вярнуся да псіхалагічнай дакладнасці ў абмалёўцы персанажаў. Ёсць яна і ў паказе Аксаны. Каб неяк суцешыць маладую жанчыну, якая не можа нарадзіць дзіця, ёй падарылі ваўчаня, названае Інсургентам (паўстанцам). Гэтак паклапаціліся прыхільнікі пра летуценніцу, якая тады марыла пра волю і незалежнасць краіны, трызніла пра свой удзел у паўстанні. Аксана цешыцца ваўчанём, аддае яму багата цеплыні і пяшчоты. А ў выніку з яго вырастае вынесены ў загаловак рамана літоўскі воўк.
Усе звярыныя павадкі Наварыч падае дасведчана і маляўніча. Але ягоны воўк не проста звер, а яшчэ і фігура шматзначна-сімвалічная. Ён прагне волі, свабоднага жыцця на ўлонні непаўторнай прыроды роднага краю, «улюбёнага навечна». А яго затаўклі за краты, прымушаючы «пухнуць за жалеззем». Гэта апошнія словы рамана. Імі падводзіцца рыса пад асацыятыўным збліжэннем долі няшчаснага ваўка і лёсам паняволенага народа краіны, беларусаў (іх тады называлі літвінамі).
Пра палякаў у рамане сказана: «Іх б’юць, таўкуць, у Сібір валакуць, а ім — не-под-лег-лосць!»
Беларусы сваёй «непадлегласці» і ў часы паўстання Каліноўскага дружнай грамадой не дабіваліся. Як ужо гаварылася, свайго Яську (Кастуся Каліноўскага) наша сялянства не падтрымала, надоўга вызначыўшы гістарычнае занядбанне, гібенне краіны, роднага краю. І гэтую горкую праўду Наварыч, яшчэ раз паўторым, паказаў з рэалістычнай дакладнасцю.
Сімвалічна гучыць у рамане эпізод са шчыглом, які настолькі прывык да сваёй клеткі, што не жадае вылятаць з яе на волю і тады, калі клетку адчынілі. Парадокс. Але ён магчымы не толькі ў птушыным царстве, паказаным у рамане з такой жа, калі яшчэ не большай, дасведчанасцю, як і свет жывёльны. Вядома, напрыклад, што Піліп Пестрак (ён пры паляках правёў у зняволенні ажно 11 гадоў) хадзіў начаваць у сваю камеру-адзіночку ў гродзенскай турме пры бальшавіках, якія польскія турмы на пэўны час парасчынялі. А Пестрак жа быў бунтаўнік па натуры. Ды прывычка спрацоўвала і ў яго — камера здавалася абжытым прытулкам. Дык чаму ў ёй не пераначаваць і добраахвотна!
Сярод прывабных рыс рамана «Літоўскі воўк» варта адзначыць і тое, што апавядальная структура тут рознабакова-рухомая. Эпічна спакойныя інтанацыі чаргуюцца не толькі з іранічна-ўсмешыстымі, але і з лірызаванаўзнёслымі. Такая лірызаваная ўзнёсласць адчуваецца ў некаторых пейзажных замалёўках, якія дазваляюць пісьменніку выявіць уласную любасць да прыроды роднага краю і паказаць неардынарнасць унутранага свету некаторых персанажаў. Яшчэ раз згадаю Яся Кавальца. Вось як чула ўспрымае ён прыроднае хараство: «Крыху пасвятлела. Потым хмары адпаўзлі ўбок і касыя промні сонца зайгралі на паверхні падтопленага вадою лесу. І пад вадой гарэлі жоўтыя агеньчыкі лотаці. Ясь заплюшчыў вочы. Як хораша, як добра, як прыгожа: сонца, лотаць пад вадой, на душы лагодна і супакаенне... Божа, дзякуй, што даеш паветра дыхаць, а вачам бачыць такі прыгожы, чароўны свет. Ёсць мноства краін, земляў, дзе жывуць розныя людзі, дзе горы, цясніны, непралазныя нетры з рознымі дзівоснымі птушкамі і звярамі, а вось такога краю, дзе так радасна, так прыветна цвітуць лотаці пад вадой, — няма нідзе на Зямлі.
Читать дальше