Рамантызацыя па-свойму ўзвышала мінулае. Такі падыход да гісторыі тыповы для нацый, якім трэба зноў і зноў даказваць сваё права на існаванне. Але і самая яркая рамантызацыя ў рамане «Каласы пад сярпом тваім» не перашкодзіла Караткевічу дасягнуць вялікага поспеху ў паказе Каліноўскага і яго часу. «Такой шырыні ахопу гістарычнай эпохі і такога пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе», — падкрэсліваў В. Быкаў.
Раман «Каласы пад сярпом тваім» і ва ўласна мастацкіх адносінах атрымаўся вельмі прывабным. Караткевіч заўсёды пісаў займальна, так выбудоўваў свае творы, каб яны захоплівалі чытача, але пры гэтым не збіваўся на голае пацяшальніцтва. Вострая інтрыга ў яго звычайна спалучалася з падтэкставай глыбінёй і ёмістасцю, вынаходлівы вясёлы гумар набываў з’едлівасць, калі трэба было выкрываць крывадушнасць хцівых уладароў.
Арыентацыя, калі не свядомая, дык міжвольная, на традыцыі Караткевічавай гістарычнай прозы бачыцца мне і ў рамане «Літоўскі воўк». У добрай гістарычнай прозе ў нас цяпер без гэтага ўвогуле наўрад ці можна абысціся. А ў Наварыча і гістарычны перыяд узяты той жа, што і ў «Каласах пад сярпом тваім», — часы паўстання Кастуся Каліноўскага.
Праўда, і ў Караткевіча вобраз Кастуся Каліноўскага не стаў галоўным. Яго вельмі істотна пацясніў вымышлены паплечнік Кастуся Алесь Загорскі. Можа, таму, што аўтару «Каласоў» цяжка было паэтызаваць уласцівую Каліноўскаму дыктатарскую ўладарнасць і жорсткасць яго натуры.
У рамане «Літоўскі воўк» Каліноўскі паяўляецца толькі эпізадычна, пераапрануты ў англічаніна, і гаворыць некалькі патрыятычных фраз. Ды яшчэ, паказваючы сваю мужчынскую сілу, «бярэ» фанабэрыстую, прагную да ўцех кахання польку. Іншыя першарадныя кіраўнікі ўвогуле адно згадваюцца. Але гістарычныя акалічнасці, у якіх паўстанне разгортвалася, узноўлены з гістарычнай дакладнасцю і з выкарыстаннем шэрагу дакументальных матэрыялаў.
Такім чынам, асноўная ўвага раманіста скіроўваецца на мастакоўскі аналіз самой грамадскай атмасферы ў тых асяродках, дзе разгортвалася паўстанне (узята заходняе Палессе, пераважна самыя блізкія пісьменніку рэгіёны). Добра паказана таксама бязладдзе ў шэрагах паўстанцаў і стаўленне да іх розных пластоў насельніцтва. Адлюстраванне атрымалася грунтоўнае і пераканальнае ў сваёй рэалістычнасці, глыбокае па тых высновах, якія з яго вынікаюць.
Алесь Наварыч умее ствараць змястоўныя чалавечыя характары, няспрошчана паказаць псіхалогію сваіх персанажаў, іх часам супярэчлівыя, а то і парадаксальныя ўчынкі.
Добрая псіхалагічная змястоўнасць бясспрэчная ў абмалёўцы каларытнай фігуры Яся Кавальца. Ён напалову шляхціц, напалову селянін. І ўжо гэта вызначае яго адметнасць. Ясь блізкі да прыроды, памяркоўны па натуры, не любіць сядзець без справы. Ён таксама сім-тым дапамагае паўстанцам, але робіць гэта вымушана, бо арганічна не прымае кровапраліцця, непазбежнага ва ўзброенай барацьбе. Не па душы яму жорсткасць, якую кіраўнікі паўстання праяўляюць не ў меншай меры, чым урадавыя войскі, кінутыя на яго падаўленне.
Запамінаюцца ў рамане і такія актыўныя паўстанцы, як Людовік Бароўскі і Артур Буевіч. Яны абодва са зброяй у руках змагаліся супроць царскіх войскаў. Але Людовік, выдадзены правакатарам, трапляе на катаргу. Артура таксама ўрэшце арыштоўваюць. Але дзякуючы ладным грашам, патрачаным на подкуп чыноўнікаў самага высокага рангу, ён пазбягае жахлівай долі іншых паўстанцаў, што не загінулі ў баявых сутычках, — смяротнай кары ці высылкі ў далёкую і халодную Сібір.
Пра такі паварот справы Наварыч піша не без прыхаванай з’едлівасці. Яна ўжо зусім відавочная ў сцэнах, прысвечаных агітатарству малодшага Артуравага брата Стасіка. Ён таксама поўніцца патрыятычнымі пачуццямі і імкнецца ўсяляк садзейнічаць паўстанню. Жадаючы выклікаць большы давер сялян, Стасік ідзе іх агітаваць «апрануты, як парабак, у партках і світцы, праўда, паясок падперазаў святочны, вышываны».
Але сяляне не ўспрымаюць яго заклікаў паўставаць супроць цара, дамагацца палітычнай свабоды і вольнага жыцця. Першы ж стары селянін, да якога пастукаўся малады агітатар, горка расчароўвае яго скептычнай рэплікай: «Нам бы зямелькі, а не свабоды».
Пра сялянскую недаверлівасць да паўстанцаў, якая стала галоўнай прычынай іх паражэння, у рамане згадваецца шмат разоў, бо такая была гістарычная праўда, пераканальна, у розных мадыфікацыях адлюстраваная пісьменнікам.
Читать дальше