Галоўнымі дзейнымі асобамі тут выступаюць адзіннаццаць падлеткаў, якія арганізавалі футбольную каманду і ходзяць на спаборніцтвы туды, дзе пасля гульні іх могуць накарміць хоць бы сціплым абедам. Праўда, прыцісклівыя харчовыя кіраўнікі ўстаноў, з прадстаўнікамі якіх гуляюць хлопцы, часамі замест абеду даюць толькі кампот. Але і гэта для галодных хлапечых страўнікаў нейкая спажыва.
Амаль усе падлеткі растуць бязбацькавічамі. Яны называюць адзін другога не сапраўднымі імёнамі, а мянушкамі, за якімі таксама бачыцца нялёгкі час. Так, апавядальнік мае мянушку «шпіён», бо яго бацьку бальшавікі пасля вайны пасадзілі як калабаранта (ён пры гітлераўцах быў запісаны ў так званую Беларускую краёвую абарону). «А раз сядзіць ці сядзеў — то нямецкі шпіён». Сын, вядома, не меў ніякага дачынення да той «абароны», але шпіёнам, і «не толькі на вуліцы, а і ў школе», завуць і яго.
Федзя Маркевіч ідзе як Фрыц, бо пагалоска сцвярджае, што ён «нарадзіўся ад немца».
Бацька хлопца з мянушкай Кацап з расіян. Гэта былы супрацоўнік НКУС. Асеўшы ў Беларусі, ён тут сачыў за ўсталяваннем бальшавіцкіх парадкаў, а потым з’ехаў на радзіму, «у сваю Масковію, быццам там яго першая жонка чакала, толькі прозвішча сыну пакінуў». Ёсць яшчэ Плахіш (яўны водгалас папулярнай у свой час гайдараўскай аповесці пра ваенную тайну), Баптыст (сын беларуса, які належаў да абшчыны евангельскіх хрысціян), яўрэйскі нашчадак Залман. Ён Міша Алейнік, а Залманам звалі яго па бацьку. Прываблівае вельмі чалавечы фізрук з асяцін Асланавіч, які ўсяляк спрыяе хлопцам, выручае іх у многіх выпадках.
Самі хлопцы — звычайныя падлеткі, любяць гумар, кепікі, розыгрышы і падначкі, бываюць задзірыстымі, часамі вядуць бойкі між сабою. Але іх шчырасць, чалавечнасць, што праглядвае за паказной бравадай, жыццёвая ўчэпістасць надаюць ім тую сапраўднасць, якою заўсёды была моцнай рэалістычная літаратура.
У эпілогу аповесці настальгічныя ноты, адчувальныя на працягу ўсяго твора, пераходзяць у журботны матыў. Ён звязаны з лёсам добрага Асланавіча, які дажывае свой век («даўно на восьмы дзясятак пайшоў») у вельмі незайздросным становішчы: «П’яненькі і недагледжаны, ён адзінока сядзеў на лаўцы ў гарадскім скверы» і гатовых дапамагчы яму сваіх выхаванцаў ужо не пазнаваў.
Такі эпілог выразна сведчыць, што аўтар гэтай аповесці застаецца цвярозым рэалістам да канца.
У аповесці з назвай-выклікам «Апладненне ёлупа» размова ідзе пра руйнаванне ўзведзенага на народныя сродкі, спецыяльна сабраныя насельніцтвам для гэтага, славутага храма Хрыста Збавіцеля і намеры на месцы той святыні, па-варварску знішчанай бальшавікамі, пабудаваць палац правадыра, задуманы як самы высокі ў свеце гмах у выглядзе гіганцкай фігуры бальшавіцкага важака Леніна. Аповесць зноў грувасткая ў кампазіцыйна-структурным плане, шматаспектная па змесце і ўжо з такім дамешкам містыкі, які ўносіць сатанінскія матывы ў ленінскі вобраз.
Цяпер добра вядома і пра поўную амаральнасць Леніна, і пра яго жахлівую крывадушнасць, і пра жорсткасць у расправах з людзьмі, якая ў прынцыповым плане ніколькі не ўступала сталінскай практыцы знішчэння мільёнаў, па сутнасці, ні ў чым не вінаватых ахвяр.
Ленінскія злачынствы супроць чалавечнасці маюць сваё зямное тлумачэнне. Яны абумоўліваліся бескантрольнасцю бальшавіцкай улады ў захопленай спрытнымі дэмагогамі краіне, палітычнымі і сацыяльнымі ўмовамі, у якіх дзейнічаў дыктатар, а таксама асаблівасцямі яго характару. Тут можна згадаць і ленінскі фанатызм, ідэалагічную зашоранасць, адданасць камуністычнай ідэі, якая на словах выглядала прывабна-спакуслівай, але пры яе практычным ажыццяўленні прывяла да незайздросных вынікаў.
А ў аповесці «Апладненне ёлупа» Ленін падаецца як увасабленне д’ябла. Маўляў, праз Леніна, выкарыстаўшы яго біяфізічную абалонку, дзейнічае ягоны фантомны двайнік-прывід, народжаны сатанінскімі сіламі. Такая містыфікацыя бальшавісцкага дыктатара фактычна ўжо здымае з яго віну за ўсе зробленыя ім злачынствы, бо выходзіць, што зло рабілі сатанінскія сілы, а ён быў толькі іх ахвярай, гуманоідным знакам.
Шмат жахлівага прадстаўлена ў таксама моцна закручанай аповесці «Лавец святла поўні» («Месяца»). Яна мае падзагаловак «Дарожныя нататкі невядомага вандроўніка». У гэтым творы вялікі храналагічны і прасторавы абсяг — дзеянне адбываецца і ў перыяд Айчыннай вайны, і пасля яе (у 50-я гады), а потым асобным штрыхом выкіравана і ў другое тысячагоддзе нашай эры. Падзеі разгортваюцца спачатку ў Беларусі, дзе змагаюцца з гітлераўцамі партызаны рознай палітычнай арыентацыі, некаторыя і проста хаваюцца. Гэтак робіць частка так званых акружэнцаў, якія займаюцца марадзёрствам, не грэбуюць і гвалтаўніцтвам, калі сутыкаюцца з прывабнымі асобамі жаночага полу. Такая складана-супярэчлівая карціна таго афарбаванага ў гераічныя і трагедыйныя колеры часу паўстае перад чытачом.
Читать дальше