Святатацтва безумоўнае. І яно ў нас праяўлялася ўсюды, набывала глабальныя маштабы, катастрафічна нявечачы людскія душы. Так дайшлі і да Чарнобыля, які, думаецца, таксама няшмат чаму нас навучыў. Пра гэта ўжо верш «Паводле аднае сустрэчы». Тут паўстае перад намі адказны чыноўнік высокага рангу, з тых, што бралі на сябе місію вырашаць лёс народа, але клапаціліся не пра яго, а толькі пра свае высокія пасады. У нас яшчэ на памяці бессаромная хлусня такіх дзеячаў, іх спробы, не думаючы пра трагедыю людзей, схаваць сапраўдныя маштабы чарнобыльскай катастрофы.
Ты быў скупым.
І не было
спагады,
Мальба не далятала да вушэй,
Бо ведаў ты адзін закон
улады:
Абы цішэй...
Абы было цішэй.
Далёка страх ад вокнаў тваёй хаты,
І ты занёс на боль чыноўны
бот.
Ды ведаю, што прыйдзе час
адплаты
І для такіх — калючы ўстане
дрот, -
піша М. Мятліцкі, звяртаючыся да таго высокага чыноўніка. Калючы дрот лагернай зоны, выкліканы ў свядомасці аўтара па асацыяцыі з зонай чарнобыльскай, нашым нядаўнім валадарам, адказным у канчатковым выніку і за Чарнобыль, здаецца, асабліва не пагражае. Але гісторыя ўжо вынесла ім свой, будзем спадзявацца, канчатковы прысуд, які замацоўвае і слова паэта.
Шмат месца ў чарнобыльскіх вершах М. Мятліцкага займаюць матывы тугі, адзіноты, беззваротнасці страт. Для лірычнага героя паэта яны зусім зразумелыя і выказваюцца ў большасці выпадкаў з добрай пранікнёнасцю. Вось некалькі прыкладаў:
І сонца тут -
як вока адзіноты
Цікуе з-за пахмурных
вершалін,
Пытаючы бязмоўна, хіжа:
Хто ты,
На бальшаку асмужным,
адзін?
(«Штоноч бяссонне кліча»)
І вось — здзічэлая зямля,
Палын у пары з лебядою
Трапечуць крылы матыля
Над палыноваю бядою.
Іду. Бязлюдная зямля
І сонца дыск, як бохан
здобны.
І сам душой на матыля
Безабаронна так падобны.
(«Матыль»)
Гэтыя тужлівыя, горасныя матывы ўзмацняюцца напамінкам пра магілы бацькоў, пахаваных у чарнобыльскай зоне. Трэба сказаць, што паэт часта звяртаецца да лёсу бацькі і асабліва маці, прачула піша пра дзядоў і іншых сваякоў, увогуле пра сваю арганічную з’яднанасць з мінулымі пакаленнямі, якая складае адну з найбольш істотных прыкмет ягонага адчування роднага краю.
Зразумела, і ў гэтым тэматычным коле выразна гучаць трагедыйныя ноты. Але разам з тым успамін аб продках з’яўляецца апорай для гістарычнай памяці аўтара, адной з важных асноў яго жыццёвай філасофіі, яго светаадчування. «Мне свет зямны нашмат шырэй відзён у продкаў чалавечай праваце», — сцвярджаецца ў добрым вершы «Дзяды».
Палескі жывічны бор, яшчэ не атручаны радыяцыяй, успрымаецца як сімвал неўміручасці жыцця і самой вечнасці. Нездарма ж баравы шум тут набывае такую важкасць, што здаецца, «нібы рыпіць сама зямная вось».
Увогуле, нахіл да філасафічнасці ў многіх творах М. Мятліцкага відавочны. Як быццам толькі пра змену пораў года, у прыватнасці пра асенняе заміранне прыроды, піша паэт у вершы «На ўзлессі восенню зіхоткай». Але і тут ёсць выразны філасофскі аспект, падкрэслены канцоўкай твора:
На ўзлессі восенню замглёнай Паміж камлёў бяроз і хвой Снуецца сумна і стамлёна Жыцця сувой.
Філасофскі роздум пра будучыню, яе, калі можна так сказаць, пэўную гіпатэтычнасць, ва ўсякім разе — далёка не безумоўную гарантаванасць пры сённяшнім шаленстве разбуральных сіл, а значыць, і крохкасць спадзяванняў на лепшае нарадзіў верлібр «Будучыня», якая аўтару ўяўляецца ў вобразе «азяблай на скразняках, жахнутай папялішчамі» дзяўчынкі, што грукаецца ў людскія сэрцы. «Але мала хто чуе стук яе кулачкоў», — робіць несуцяшальную выснову паэт.
Вядома, ёсць у паэзіі М. Мятліцкага, у тым ліку ў творах апошніх гадоў, і свае недахопы. Часам яго падводзіць імкненне пісаць прыгожа і размашыста. У некаторых выпадках М. Мятліцкі дазваляе сабе ўжываць недакладна выверанае слова, якое, бывае, уносіць пэўную дысгармонію ў эмацыянальную атмасферу твора. Так, у іранічных замалёўках «Спачуванні» ёсць радкі:
Я спачуваю браканьеру,
Хто бачыў з юшкаю вячэру
Ды быў ухоплены за чуб.
Урон рацэ з усмешкай меру
Прад тым, што мкне з
атрутных труб.
Відаць, усмешка адрасавалася няўдачліваму браканьеру, але скіравалася яна на атручаную раку, гледзячы на якую хутчэй не засмяешся, а заплачаш.
Пра адзін з вершаў хацелася б сказаць асобна. Маю на ўвазе «Афганскую баладу». Верш, мяркуючы па яго змесце, пісаўся яшчэ тады, калі нашы хлопцы невядома дзеля чаго клалі свае галовы ў далёкай краіне. Відавочна, гэтая храналагічная акалічнасць і паклала свой адбітак на стылістыку твора. Але ж перадрукоўваўся ён, прытым двойчы — і ў «Палескім смутку», і ў «Благаславенні», — ужо ў 1991 годзе, калі і самы малы налёт нашай былой афіцыёзнасці ў поглядзе на Афганістан успрымаўся як нясцерпны фальш.
Читать дальше