1997 г.
БЯДОЙ ЗАПАЛЕНАЕ СЛОВА
Чарнобыльская катастрофа і яе згубныя для многіх пакаленняў вынікі, якія ставяць пад пагрозу само існаванне беларусаў як нацыі, для нас увогуле тэма найвялікшай трагедыйнасці. Яна ўжо нарадзіла значныя творы ў самых розных жанрах. Тут можна згадаць вершы А. Грачанікава, Р. Барадуліна і Г. Бураўкіна, паэмы С. Законнікава «Чорная быль» і Я. Сіпакова «Одзіум» (паэма ў прозе), апавяданне «Ільвы» І. Пташнікава, аповесць «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» В. Казько, раманы «Злая зорка» І. Шамякіна і «Лабірынты страху» А. Асіпенкі, шэраг дакументальна-публіцыстычных твораў, у тым ліку адметную сваёй баявітасцю і вострай крытычнасцю кнігу «Апакаліпсіс па графіку» А. Адамовіча, які шмат намаганняў паклаў на тое, каб горкая праўда пра Чарнобыль стала здабыткам грамадскасці.
Сёння ўжо раздаюцца галасы, што і Чарнобыль можа стаць тэмай дзяжурнай і зацяганай. У прынцыпе такое, вядома, магчыма. Але М. Мятліцкі звяртаецца да чарнобыльскай трагедыі не таму, што спяшаецца адгукнуцца на ходкую тэму. Наша агульнабеларуская бяда для яго яшчэ і бяда вельмі асабістая, трагедыя ўласная. Бо яна непасрэдна закранула лёс яго блізкіх сваякоў, пазбавіла самога паэта малой радзімы. Я маю на ўвазе тое, што Чарнобыль пахаваў яго родную вёску Бабчын у Хойніцкім раёне, засыпаную радыенуклідамі так густа, што прыйшлося высяляць усіх яе жыхароў. А там жа жылі сястра і цётка паэта, там засталіся магілы ягоных маці і бацькі, успаміны дзяцінства і юнацтва, словам, тыя карані, якія звычайна напаўняюць жывымі сокамі мастацкую творчасць. Такое не можа не выклікаць сапраўдны боль і вялікія пакуты, з якіх пры наяўнасці таленту і нараджаецца прачулае слова паэзіі.
Для М. Мятліцкага ў яго чарнобыльскіх вершах гэта перш за ўсё «бядой запаленае слова», слова вынашанае, усхваляванае і трывожнае. У «Палескім смутку» яно складае аснову кнігі, вызначае яе пераважную танальнасць і галоўны пафас, адкрыта заяўлены ўжо ў вершах, якія пачынаюць чарнобыльскі раздзел:
Кут мой забыты, безабаронна
Зорыш пагаслых вачыма.
Некаму ты —
Ачужэлая зона,
Сэрцу майму ты да скону —
Радзіма.
Сэрца пачула грознае ліха.
Ззяе крывёю студнае ранне.
Спяць у магілах прадзеды ціха.
Горыч атруты...
Холад выгнання...
(«Кут мой забыты»)
Далей гэта запеўка агульнага характару канкрэтызуецца праз вершы, у аснову якіх пакладзены канкрэтныя рэаліі, зноў жа непасрэдна звязаныя з малой радзімай паэта. Так паяўляюцца «яблыня на селішчы забытым» (аднайменны верш), «бярозы ў мёртвай зоне», якія абпалены ядзерным пажарам і таму дачасна скідаюць на дол сваю лістоту (верш «Стаяць бярозы ў мёртвай зоне»), адзінокая таполя з матчынай вёскі («Таполя») і самі «чарнобыльскія» вёскі з іх трагічнай доляй (вершы «Бабчын», «Баршчоўка», «Вялікая Пель» і інш.).
Такі ж канкрэтны характар маюць вершы «Дыпціх чакання», «Астатні начлег», «Землякам», «29 жніўня 1986 года». Вынесеная ў загаловак апошняга верша дата — дзень прыезду ў Бабчын пісьменнікаў-землякоў (І. Шамякіна, Б. Сачанкі, М. Мятліцкага), які супаў з высяленнем вёскі. Натуральна, што такое супадзенне абвастрыла пачуцці аўтара. І гэта знайшло сваё адлюстраванне ў творы, у якім звяртае на сябе ўвагу не толькі перажытасць пачуцця і шчымлівасць болю, але і значнасць некаторых абагульненняў:
Захліпнецца ў пакуце Як спакойна, разважна
Белым светам душа. Мне сказалі тады:
Свет у хіжай атруце, «Гэты свет неабсяжны».
Пі — нібы з гладыша! А падзецца — куды?
Значнасць абагульняльнай аўтарскай думкі відавочная і ў вершы «Каўтаючы выгнанніка слязу». Тут ідзе размова пра горкую долю векавой хвоі з чарнобыльскай зоны і яблыні з пакінутых садоў. Твор заканчваецца ёмістай страфой:
І толькі сонца,
граючы ў праменні,
Пасее ў кронах атамны спалох.
Яны удзвюх паўсталі на
рэнтгене
Усіх часоў, усіх зямных эпох.
Ставіцца ў паэзіі М. Мятліцкага і пытанне пра адказнасць за жахлівы чарнобыльскі рэнтген, які з асаблівай яркасцю высвеціў гаспадарчае бязладдзе ў краіне, а таксама ўсю крывадушнасць дзяржаўнага таталітарызму ў былым СССР і народжаную ім маральную дэградацыю нашага грамадства.
Бабчынцы з верлібра «Малюнкі на чорным асфальце» думаюць, што лёс пакараў іх за «смяртэльны грэх» — непавагу да звычаяў і веры продкаў. Бо на месцы іхняй царквы, спаленай нейкім нецярплівым прыхільнікам «шчаслівай будучыні» любой цаной, «у вайну хавалі забітых немцаў», а потым, зруйнаваўшы «астатняй чалавечай помстай» іх магілы, паставілі клуб, у які перабралася вясковае начальства.
Читать дальше