Гаворка ж пра новага чалавека, якая вялася трохі раней, таксама нясе ў сабе нешта легкаважнае, можа, нават знарок парадыйнае, бо вельмі ж яна нагадвае фанабэрыстую фразеалогію бальшавікоў, якія бясконца трубілі пра нібыта распачатую імі новую эру і стварэнне таго ж новага чалавека. А што засталося ад іхніх зманлівых абяцанак-цацанак? Адно расчалавечванне людзей, пра якое шмат і з вялікім эмацыянальным напалам напісана ўжо ў аповесці «Да сустрэчы...». Крытыка нядаўняй і сённяшняй рэчаіснасці, да якой мы прыйшлі, паверыўшы ў прывід камунізму, што яшчэ з часоў жывога Маркса блукаў па Еўропе, тут надзвычай вострая і рэзкая. Значыць, меў рацыю рускі крытык Л. Анінскі, які ўжо ў канцы 1970-х гадоў хлёстка сказаў: «Казько піша — як рэжа: напор гравёра — папера гарыць і рвецца». Часам гарыць яна і ад эмацыянальнага, вядома, крытычнага, напалу ў аповесці «Да сустрэчы...».
Вось як успрымае горад свайго пастаяннага жыхарства Майстра, вяртаючыся сюды з чарговай паездкі: «Горад быў чужы яму, нейкі асуджальна, а мо і асуджана пахмурны. Лагодны і ветлівы раней, ён за нейкі тыдзень непазнавальна і брыдка перавярнуўся, перакруціўся. Не горад, а пярэварацень. Ваўкалак. За адзін толькі тыдзень, што не бачыў яго Майстра, горад непрыемна агаліўся, бессаромна, як старая баба, якой ужо нечага саромецца... Горад быў перапоўнены войскам у пачварна балотна-стракатай уніформе, накшталт вужынай скуры, калі той рыхтуецца скінуць яе. Вужыным цёкам яны займалі ўсе пад’езды і пераходы каля Дома ўрада, усе падыходы да плошчы Незалежнасці, бежкі паўзлі да выйсцяў з метро і застывалі там, як прыкіпалі ці прыклейваліся да мокрага, чорнага асфальту. Толькі няспынна, як у барабаны ці тамтамы, білі гумавымі дубінкамі ў чорныя шчыты, што трымалі перад сабой, і былі вельмі падобны на застаялых жарабцоў перад злучкай. Уражанне гэта ўзмацнялі гумавыя чорныя дубінкі, што, як у раз’юшанага жарабца пад узмакрэлым ільсняным ад жадання чэравам, увесь час падымаліся і пагойдваліся, узляталі і апускаліся на чорныя металёвыя і пластмасавыя шчыты».
Карціна зноў у нечым фантасмагарычная. Але хто, не трацячы сумлення, адважыцца сцвярджаць, што яна не адлюстроўвае нашу цяперашнюю рэальнасць? А хіба можна назваць нармальнымі для нармальнага грамадства мару дзяўчынкі-школьніцы стаць прастытуткай ці такія парадоксы, як абвінавачванне глуханямога падлетка ў выкрыкванні абразлівых заклікаў, або тое, што ўвогуле прыстойныя жанчыны п’юць віно ў тэлефоннай будцы ці ў нейкім заснежаным садзе ў зімовую ноч? З гэтага разраду і гучная юбілейная ўрачыстасць, афіцыйна наладжаная для смяротна хворага чалавека, які з тых урачыстасцей ужо не даехаў і да бальніцы.
Прыкрая рэальнасць, адлюстраваная ў аповесці, — таксама і масавае прыслужніцтва нашай інтэлігенцыі камуністычнай уладзе. Ды ці толькі ёй? Грэшны ў гэтым прыслужніцтве і Майстра: «Бог даў яму голас і слова, адметны слых і мову. Даў тое, чаго мо і ў самога мелася няшмат, што ён даваў мо аднаму толькі на мільён ці нават на некалькі мільёнаў. А ён так бязглузда, бяздарна распарадзіўся гэтым дарам. Прадаў гэты дар, прадаў сябе. І нават невядома каму прадаў.
Фаўст хоць і заклаў душу чорту, мярзотніку, але ўсё ж інтэлекту і сіле. А ён саступіў тую ж душу звычайнаму прывіду, хай жорсткай, бязлітаснай, але ўвогуле дубаватай машыне. Машыне ў пагонах і без, якая сяк-так вывучылася пісаць, складаць пратаколы, весці дасье, брахаць на дзень светлы і на гарэлы пень, хапаць, цягнуць, саджаць. І хоча ён прызнаць ці не, але ён таксама хапаў, цягнуў, судзіў, дапамагаў, чысціў дарогу той машыне, бо яна набыла, купіла яго. І вельмі танна. А дзярмо ніколі не было ў цане».
Сказаны гэтыя жорсткія, але вельмі слушныя словы ад імя аўтара. Але па сутнасці гэта няўласна-простая мова, роздум самога Майстра. І вастрыня, нават бязлітасная здзеклівасць ягонага самаасуджэння азначае, што нешта жывое ў чалавека засталося, захавалася яно да самых апошніх імгненняў жыцця. Сваю смерць ён сустракае з годнасцю, як заслужаную расплату за нязробленае ці зробленае не так, як належыць сапраўды вялікаму Майстру, адказнасць якога таксама дужа вялікая — каму многае дадзена, з таго і найбольш патрабуецца, бо калі «дзічэе творца, дзічэе народ, дзічэюць улады».
Такім чынам, Віктар Казько таленавіта, у многім закавырыста, але з адчайнай рашучасцю адлюстроўваючы фантасмагарычнасць нашага жыцця, піша пахавальную песню. Аднак гэтая песня, пры ўсёй яе надзвычай горкай скрушлівасці, небезнадзейная. Бо на змену перакуленаму, звар’яцеламу часу з бяссіллем чалавека і мастацтва ў ім павінен прыйсці час новы. Вера ў гэта ў пісьменніка ёсць. І выказваецца яна дастаткова пэўна ў абедзвюх аповесцях. Вось толькі ці доўга давядзецца нам чакаць таго новага часу? Адказы на такія пытанні дае толькі само жыццё. Слова за ім.
Читать дальше