Ужо ў рамане «Неруш» і асабліва ў «Хроніцы дзетдомаўскага сада» выразна выявілася імкненне Віктара Казько да мастакоўскага даследавання самых вострых праблем сучаснасці, а таксама да складанай арганізацыі апавядальнай плыні твора, яго сюжэтна-кампазіцыйнай структуры, у якой, перакрыжоўваючыся, узаемадзейнічаюць састаўныя элементы рознага кшталту: уласна мастацкая выяўленчасць, у сваю чаргу, таксама далёка неаднародная, неадназначная ў сваёй разнапланавасці. Паэтыка канкрэтнарэалістычная, для якой характэрна яркая дэталізацыя, а часта і гумарыстычная падсветка, тут спалучаецца з умоўна-сімвалічнай вобразнасцю і шматзначна-прытчавым пачаткам. Усё гэта цягне за сабой і разнастайнасць экспрэсіўна-стылёвых рэгістраў, сярод якіх усё большую ролю набывае непасрэдна аўтарскае слова рознай эмацыянальнай афарбоўкі. Вельмі часта яно з’едліва-іранічнае, парадаксальна-падкавырыстае, поўнае прыхаваных, а то і адкрытых выпадаў супраць многіх прыкрых рэалій нашага часу, непрымальных для гуманістычнай свядомасці пісьменніка.
Прыгадваючы, як стваралася «Хроніка дзетдомаўскага сада», празаік у гутарцы з У. Ягоўдзікам зазначаў: «На пачатку работы я не ведаў, што і як напішацца, але адчуваў: сабраны матэрыял патрабуе нейкай свабоднай, раскаванай формы. Наогул, калі прызнацца, я не люблю сюжэта, ён мне не ўдаецца. Каб перадаць тое, што накіпела ў душы, выліць увесь свой боль, мне патрэбна была менавіта свабодная форма расказу з частымі вяртаннямі ў мінулае, з аўтарскімі адступленнямі — разгорнутымі роздумамі. Я перш за ўсё ішоў за думкаю, баяўся страціць напружанасць гэтай думкі». Далей, са спасылкай на тэарэтыкаў, яшчэ гаварылася пра вялікія магчымасці не звыклай эпічнасці, а рамана-эсэ, рамана-даследавання.
Гэтыя формы цяпер і сапраўды набываюць усё большае пашырэнне. Іх уплыў на творчасць Казько бясспрэчны і вельмі моцны. Нездарма ж пісьменнік ужо «Хроніку дзетдомаўскага сада» ў часопісных публікацыях называў трохі іначай: «Сад, альбо Заблытаны след рамана». Гэтым загалоўкам падкрэслівалася нетрадыцыйнасць твора, складанасць яго апавядальнай плыні, у якой галоўным формаўтваральным пачаткам выступае не прывычнае для эпічнай класікі разгортванне падзейнага сюжэта, а пісьменніцкая думка. Менавіта яна ўладарна дыктуе апавядальную форму, падпарадкоўвае сабе ўсё ў творы.
Прыярытэт аўтарскай думкі несумненны і ў аповесцях «Прахожы» і «Да сустрэчы...», дзе яшчэ ўзмацняюцца жанравыя прыкметы прозы-роздуму, эсэ, даследавання, рознабакова нюансіраваных псіхалагічных экскурсаў з вельмі абмежаванай падзейнасцю. Трывалы непасрэдна падзейны ланцуг з добрай дапасаванасцю ўсіх ягоных звенняў, які трымае ў выразна і нават строга акрэсленым рэчышчы апавядальную плынь у класічнай эпіцы, тут змяняецца скупым свавольна-зігзажыстым падзейным пункцірам, часта няпэўна-загадкавым, а то і прывідна-хісткім, містыфікаваным, калі нельга адназначна сказаць, тая або іншая падзея на самой справе адбылася ў мастацкім свеце твора ці яна толькі прымроілася аўтару-апавядальніку.
Так, у аповесці «Прахожы» падзейную аснову складае ў многім загадкавая гісторыя рудога ката Міхлі, якога за галавастасць і кемлівасць называюць яшчэ і Леніным. «Разумнік, лабасты, ну чыста Уіадзімір Ільіч Ленін... Пайшоў у кош», — выносіць свой прысуд кацяняці, пацалаваўшы яго, мусіць, іудзіным пацалункам, гаспадыня той хаты, на гарышчы якой паявіўся на свет гэты разумнік-хітрун. Прысуд быў смяротны, бо ў згаданым кашы кацянят неслі тапіць. Але Міхля не затануў. Ён неяк выратаваўся, каб зноў і зноў трапляць у арбіту пісьменніцкага роздуму, які і складае ўнутранаглыбінны сюжэт твора, яго сапраўдны змест.
У аповесці «Да сустрэчы...» уласна падзейная аснова таксама небагатая. Гэта твор пра паміранне мастака, выдатнага Майстра, які ўжо на схіле жыцця, у свае самыя апошнія дні, падводзіць несуцяшальныя вынікі пражытаму і зробленаму. Але непаслядоўнае ўзнаўленне перажытага, калі не ва ўсёй паўнаце, вядома, практычна немагчымай, дык у большасці паваротных момантаў, з’яўляецца самым істотным, галоўным у аповесці, а Майстраў роздум пра сваё жыццё і час, эпоху, якая таксама адыходзіць, у пэўным сэнсе памірае разам з мастаком і ягонымі паплечнікамі і праціўнікамі па мастацтве. Многія ж эпізоды, падрабязнасці жыццёвай біяграфіі Майстра і яго творчасці ўвогуле падаюцца сумарна-абагулена і вельмі няпэўна. Толькі намёкамі, якія могуць абрывацца зусім нечакана. У жывым працэсе мыслення такія абрывы і недагаворкі вельмі натуральныя. Але паўнаце і канкрэтнасці ўяўлення пра справы мастака яны, зразумела, не садзейнічаюць. У творы нават не гаворыцца, у якой галіне мастацтва працуе Майстра.
Читать дальше