Зрэшты, і сам Чыгрынаў, хоць ён бачыў многія заганы нашай таталітарнай сістэмы і партыі, у якой, па ягоных жа словах, «радавога камуніста і партыйнага кіраўніка заўсёды раздзяляла бездань», тым не менш да канца сваіх дзён заставаўся прыхільнікам сацыялізму, а камуністаў, змяніўшы іх на аграрнікаў, пакінуў толькі тады, калі ранейшыя сябры па партыі падставілі яму крыўдную падножку на выбарах у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання.
Разважаючы пра свае адносіны да створаных персанажаў, Чыгрынаў прызнаваўся: «Я люблю ўсіх. Таму што ў кожнага, нават самага адмоўнага, нешта ўкладваеш ад сябе. Гэта вельмі няўлоўнае нешта, але яно ёсць». Такое, на першы погляд, парадаксальнае прызнанне растлумачвае поспех пісьменніка ў абмалёўцы дзейных асоб, якіх станоўчымі ніяк не назавеш. Той жа Брава-Жыватоўскі, які па сваёй чалавечай сутнасці ніяк не можа выклікаць нашай прыхільнасці, выглядае ў Чыгрынава настолькі каларытна, што здаецца выхапленым з самой рэчаіснасці. Гэта азначае, што мастак глыбока спасціг узноўлены ім чалавечы тып, адчуў яго да драбніц і як стваральнік нават у пэўнай меры душэўна зжыўся з ім. Вядома, празаік ніколькі не апраўдвае гэтага прыслужніка фашыстаў, але паказвае яго ў рэалістычнай манеры, без яўнага шаржу і карыкатурнай спрошчанасці, якая не стасуецца да паэтыкі «Плачу перапёлкі». І гэтая рэалістычнасць робіць асабліва пераканальным выкрыццё здрадніка.
Або ўзяць Мікіту Драніцу. Гэта, як сказана ад імя аўтара ў рамане «Апраўданне крыві», «перакідлівы і беспрынцыповы абібок». Ён гатовы прыслужваць любым уладарам. Пры бальшавіках ён па даручэнні энкаусаўскага начальства даносіў на верамейкаўцаў, прычым, робячы сваю подлую справу, «адчуваў над імі, бадай, упершыню, сваю вышэйшасць, нібыта ў выніку гэтага меў над імі патаемную ўладу». Як прыйшлі гітлераўцы, Драніца ўжо стаў запабягаць перад Брава-Жыватоўскім, хаця і Зазыбы ён яшчэ пабойваецца. Словам, перад намі паўстае дробны, мітуслівы і разам з тым небяспечны гэтай сваёй здольнасцю на ўсё трапятун і прыліпала. Але як ён ярка выпісаны ўжо ў «Плачы перапёлкі»!
Вось зноў аўтарская характарыстыка, вельмі трапна падсвечаная лёгкай іроніяй: «Мікіта быў нізкі і вяртлявы, быццам чортам падшыты, мог цэлы дзень, без перапынку, бегаць па вёсцы, адно што пад вечар пачынаў трохі касабочыць і апускаць левае плячо». Бадай, яшчэ лепш, хоць і ў тым жа іранічным ключы, сказана пра ягоную мітуслівасць: «Мікіта быў трохі выпіўшы і напускаў на сябе важны выгляд, але гэта яму не давалася: папершае, постаццю ён для важнасці не выйшаў, а па-другое, вочы ў яго сёння бегалі так, нібыта ўранні яны сарваліся з цвіка, а ўвечары ніяк не маглі трапіць на сваё ранейшае месца».
Чалавечая дробязнасць, як гэта ні дзіўна, спалучаецца ў Мікіты з пэўным прыродным розумам, які найбольш адчуваецца ў псіхалагічнай праніклівасці Драніцы і ў каларытнасці ягонай мовы («Мне яно, як кажуць, і не па кані і не па аглоблях»; «Мы таксама не на адным гаросе раслі» і інш.). Але розум гэты нейкі вельмі ўжо прыніжана-беларускі, скіраваны на дробныя хітрыкі і прыстасавальніцтва дзеля выжывання. Для асобных людзей гэта зрэдку бывае і ратункам, але робіцца згубным, калі апаноўвае людской масай, становіцца псіхалогіяй цэлай нацыі. Народ з такой псіхалогіяй прыніжанага прагматызму можа і зусім страціць сваю адметнасць і знікнуць, загінуць, калі ён не здолее нараджаць шматлікіх асоб, гатовых дзеля вялікай мэты на безаглядную самаахвярнасць.
Зрэшты, гэты глыбінны сэнс хітрыкаў розных драніцаў, добра зразумелы сёння, у рамане Чыгрынава не падкрэсліваецца. Але паколькі мастак пісаў сваіх персанажаў вельмі рэалістычна, з глыбокім пранікненнем у іх жыццёвую сутнасць, дык мы і маем магчымасць убачыць розныя грані іх псіхалогіі і яе небяспечнасць ужо ў новых гістарычных умовах.
Гутарка ідзе, такім чынам, пра сапраўднасць чыгрынаўскага мастацкага свету, пра яго своеасаблівую аб’ёмнасць, нават шматмернасць, якая асабліва выразна выяўляецца ў паказе верамейкаўцаў, іх побыту, звычаяў, мовы. Пра яе А. Лойка пісаў: у Чыгрынава «сапраўды жыве, гучыць, пульсуе, захапляе сваёй непаўторнасцю і багаццем мова магілёўскага Забесяддзя». Гэта паказвае сваю непаўторнасць, непадробленасць і хараство шматфарбны свет вельмі нялёгкага народнага жыцця. Яно падаецца ў шырокім грамадскім развароце, праз грунтоўнае, непаспешлівае, але затое вельмі дэталізаванае і гранічна заглыбленае аўтарскае апавяданне, арыентаванае на максімальную дакладнасць ва ўсім.
Читать дальше