Такія штрыхі істотныя не толькі для разумення ўсёй стракатасці ваеннай рэчаіснасці, але і як сведчанне таго, наколькі больш гнуткай, свабоднай і раскаванай стала пісьменніцкая думка, калі яна вызвалілася ад цэнзурнага ўціску.
Новае адчуваецца і ў паказе так званых нацыяналістаў, прыхільнікаў беларускай ідэі, якія пайшлі на супрацоўніцтва з немцамі. Ранейшая наша літаратура адназначна падавала іх як карыслівых здраднікаў беларускага народа, подлых акупанцкіх прыслужнікаў. У Чыгрынава таксама ёсць персанаж, захоплены беларускай нацыянальнай ідэяй. Гэта Алесь Астрашаб, дружбак рэпрэсіраванага пры бальшавіках Зазыбавага сына Масея. Ён паявіўся ў канцы рамана «Свае і чужыя». Служыць Алесь пры гітлераўцах у Мінскай гарадской управе, мяркуючы, што і гэтая служба можа быць выкарыстана для адраджэння нацыянальнай культуры, а потым і дзяржаўнасці. «Нам больш не пагражае ні русіфікацыя, ні паланізацыя. І пакуль немцы б’юцца з бальшавікамі, мы маем час і магчымасць нарэшце пачаць выхоўваць свой народ у нацыянальным духу», — заяўляе Астрашаб, які прыехаў у Верамейкі з намерам далучыць і Масея да беларускай справы. Масей, вядома, адмаўляецца, бо глядзіць на ўсё гэта як на чарговую хімеру, выкліканую «правінцыяльным снабізмам», і падазроную валтузню, якая «нядобра пахне».
Гэткая цалкам адмоўная ацэнка Астрашабавай дзейнасці, па сутнасці, пераглядаецца ў рамане «Не ўсе мы згінем». Ва ўсякім разе, тут ужо не ставіцца пад сумненне шчырасць Алеся, які «калабарантнасць сваю тлумачыць проста: ён служыў сярод немцаў дзеля Беларусі», а ягоная смерць ад выбуху міны ўспрымаецца тым жа Масеем не толькі з жалем, але і як «нешта жахлівае». Разам з тым яна па-свойму і сімвалічная, бо выразна высвечвае крах тых ілюзій, якімі жыў Астрашаб, прывіднасць яго намаганняў і сапраўды нешта зрабіць для беларускай справы ў часы ваеннага ліхалецця.
Напісаў Чыгрынаў у апошнім рамане пра Другі ўсебеларускі кангрэс, праведзены ў Мінску ў канцы чэрвеня 1944 года. Генерал Зеленадольскі гаворыць пра яго як пра шабаш, наладжаны здраднікамі. Але такую атэстацыю не прымае Дзяніс Зазыба. Ён ведае, што ў тым кангрэсе прымаў удзел, праўда, у якасці госця, а не дэлегата, і ягоны Масей, які насуперак свайму ранейшаму намеру да беларускай справы ўсё ж далучыўся і якога бацька, тым не менш, не лічыць здраднікам. «Апошняе слова прагучала для Зазыбы, як нешта крыўднае, нават абразлівае. У чым у чым, але ён быў упэўнены, што да Масея гэтае вызначэнне не мела ніякага дачынення. Проста, менавіта такім чынам склаліся для яго жыццёвыя абставіны. Пачатак іх знаходзіўся ў трыццатых гадах, у нечаканым арышце», дарэчы, па цывілізаваных мерках, зусім несправядлівым. Гэта ўжо роздум старэйшага Зазыбы ў сувязі з тым, што ягоны сын, ратуючыся ад бальшавікоў, падаўся ў эміграцыю. Яна разглядаецца як з’ява трагічная, зыход «з радзімы вялікай часткі народу». І ў тым людскім мностве, слушна мяркуе Зазыба, па сутнасці, невінаватым быў не адзін Масей.
А ён жа таксама «супрацоўнічаў» з акупацыйным рэжымам — «друкаваўся ў газетах, якія выходзілі ў шматлікіх гарадах на акупіраванай тэрыторыі», быў пісарам у валасным упраўленні ў Бабінавічах, не пайшоў у партызаны, хоць яго клікалі туды, а яшчэ па прапанове папа Дворскага (персанаж не вымышлены, такі поп існаваў у сапраўднасці, пасля вайны мусіў стаць шаўцом, аднойчы і Чыгрынаву пашыў добрыя боты) перакладаў на беларускую мову «цэлы круг малітваў і казанняў», прычым разглядаў гэту працу ўжо «не як нейкую хімеру, а як справу патрэбную і, можа, нават богазаўгодную».
А размовы якія былі ў яго з тым папом! Па бальшавіцкіх мерках суцэльны крымінал: «Ні Масей, ні Дворскі не падманваліся ні наконт савецкай улады, ні наконт акупантаў, яны моцна пачувалі сябе людзьмі тутэйшымі, гэта значыць, беларусамі, дарэчы, якія ні бальшавікам, ні немцам, калі разважаць шчыра, не патрэбны былі. Маўляў, штосьці прамежкавае — ні народ у выразным значэнні гэтага слова, ні нацыя. Карацей кажучы, ні тым, ні другім так званы беларускі нацыяналізм не падыходзіў. І калі б не палітыка, калі б не бягучы момант, з якога ўсе бакі хацелі мець выгаду, ніхто б не стаў гуляць у падобныя гульні, дарма што з цягам часу беларусы, нягледзячы на калатэчу, усё смялей вытыркаліся са сваёй нацыянальнай ідэяй». Вытыркаліся, вядома, людзі тыпу Алеся Астрашаба і самога Масея. А тое, што гэтую ідэю не ўдалося ажыццявіць, не ад іх, не ад беларусаў, увогуле, залежала.
Такіх разважанняў проста не магло быць у раманах, выдадзеных да адмены цэнзурных забарон. Зрэшты, у нас і цяпер нацыяналізм нярэдка разглядаецца як крымінал ці, ва ўсякім разе, як адмоўнае паняцце, «хаця на Захадзе гэта тое самае, што патрыятызм, — слушна падкрэслівае выдатны беларускі вучоны, пляменнік нашага літаратурнага класіка Радзім Гарэцкі. — Якія беларусы нацыяналісты — гэта проста смешна. У нас не толькі няма пачуцця перавагі над іншымі, а хутчэй комплекс непаўнацэннасці ў параўнанні з іншымі народамі».
Читать дальше