Раней Чыгрынаў не гаварыў і пра тое, што пісаў свайго Масея Зазыбу з вядомага эмігранцкага паэта Масея Сяднёва, якога памятаў з ваенных гадоў, потым сустракаўся з ім, калі паэт, праз паўстагоддзя пасля вымушанага расстання, наведаў Беларусь.
Масей Сяднёў чытаў чыгрынаўскія творы, цаніў у раманах пісьменніка іх псіхалагізм, філасафічнасць, а пра апавяданні, як ужо згадвалася, і ўвогуле пісаў з захапленнем. Але толькі ў апошніх раманах Чыгрынава асноўныя вехі сяднёўскай біяграфіі ваеннай пары сталі праглядвацца ў вобразе Масея Зазыбы выразна. А ў «Вяртанні да віны» нават згадваецца сяброўства Гаўрылішынага Іванкі (гэта Чыгрынаў у дзяцінстве) з Масеем Зазыбам (у сапраўднасці з Сяднёвым): «Хлопчык даверліва падаў Масею руку. Яны сябравалі ў гэтае лета — Іванка і Масей. Здаецца, дзе толькі не пабывалі разам. І ў лесе, і ў полі. Сямігадовы Іванка ўжо скончыў да вайны клас, умеў чытаць, а найбольш — пытацца, хоць таксама даваў, калі можна сказаць так, кансультацыі па грыбах, ягадах».
У ранейшых раманах Масей Зазыба асцерагаўся расказваць пра свае лагерныя пакуты, належнае адлюстраванне якіх зноў жа пачалося толькі з рамана «Вяртанне да віны». У гэтым творы сталінскія рэпрэсіі ўжо не разглядаюцца як нешта выпадковае, не звязанае з самой сутнасцю таталітарнай сістэмы, ледзь не стыхійнае бедства. «Савецкая ўлада ў тваёй бядзе невінаватая. Ты ж сам кажаш, ком з гары каціўся. Было, адмаўляць нельга. Але ж. не ўсюды аднолькава. У нас, напрыклад, дык ніводнага і пальцам не кранулі. Ды і не толькі ў нас. Значыць, самаўпраўства на месцах тварылася. А з верху за ім недагледзелі», — пераконваў, яўна з аглядкай на цэнзуру і насуперак праўдзе, Дзяніс Зазыба свайго сына ў «Апраўданні крыві». А ў «Вяртанні да віны» паявіўся рэпрэсіраваны прафесар Дзягель, гісторык па спецыяльнасці, які без усякіх агаворак і эківокаў тлумачыць: «Усё робіцца Сталіным і ягонай хеўрай свядома, іначай не адбывалася б гэтая “недарэчнасць” на працягу столькіх гадоў. у краіне ажыццяўляўся “няспынны тэрор”, той, за які заўсёды стаяў Троцкі і які цяпер, пасля выгнання Троцкага, ажыццяўляў “пад ленінскім прыкрыццем” Сталін».
Падкрэсліваецца цяпер і масавасць тэрору, яго выключная жорсткасць. «У Марыінску, куды трапіў беспадстаўна асуджаны Масей, знаходзіўся размеркавальны лагер, і новых зняволеных трымалі ў цягніках нядоўга, адно пакуль ішоў пералік. Але цягнікі ўсё падыходзілі і падыходзілі на станцыю. Ім проста не было канца, дарма што ўсе будынкі ў горадзе, прыдатныя хоць збольшага для ўтрымання людзей, былі перапоўнены; у некаторых зняволеныя нават спалі стоячы, а да бочкі, каб апрастацца, дабіраліся па галовах». І яшчэ: «Канвойных вакол калоны налічвалася небагата, затое лютавалі аўчаркі, якіх недзе вырошчвалі дзеля такога прызначэння ў гадавальніках, няйначай, навучаючы на асуджаных людзях. Канвойныя таксама мала чым адрозніваліся ад аўчарак».
Чалавек, які сутыкнуўся з усімі гэтымі жахамі, ужо не можа не думаць пра «зняважаную справядлівасць» і тое, як шмат народ «нацярпеўся ад савецкай улады». І Масей сапраўды пра ўсё гэта думае, але толькі ў двух апошніх раманах. Ён не прымае разлічаныя на наіўных дзівакоў дэмагагічныя запэўніванні, што ў здзеку над людзьмі вінаватымі былі толькі карныя органы, бо разумее, што яны «заўсёды дзейнічаюць у краіне адпаведна патрэбам улады».
Гэта з рамана «Не ўсе мы згінем». Там жа падаюцца і наступныя Масеевы развагі: «У савецкай улады заўсёды павінны быць вінаватыя. Яна без гэтага не можа». «Яна доўга помніць. Памяць у яе, на жаль, сапраўды надта доўгая і помслівая».
Масей быў пераконаны (і ў гэтым ён ніколькі не памыляўся), што пасля перамогі над нямецкім фашызмам, за якую народу прыйшлося заплаціць неймаверна цяжкую цану, у нас «зноў пачнецца вялікі хапун, калі мала хто здолее апраўдацца» за любую дробязь. Яму ж самому сібірскі лагер быў зноў гарантаваны. Таму сумленны і таленавіты хлопец, які не зрабіў нічога кепскага людзям і па агульначалавечых мерках не меў за сабою віны, але, як сам казаў, пабыў і ў савецкай, і ў нямецкай пастцы, — гэты хлопец рашаецца на эміграцыю. Выбраны ім шлях сапраўды крыжовы, бо ў віхуры вайны, якая тады яшчэ працягвалася, ён быў непрадказальны і поўны невядомасці. Але наша шматпакутная гісторыя прапаноўвала яго многім. І самыя моцныя з іх, у тым ліку жыццёвы прататып Масея Зазыбы Сяднёў, не згубіліся ў вялікім чужым свеце, а здолелі і там працаваць на карысць Бацькаўшчыны, якую яны заўсёды насілі ў сваім сэрцы.
Читать дальше