Не забывае сваіх Верамеек і Масей Зазыба. У рамане «Вяртанне да віны» ёсць лаканічная згадка, што праз шмат гадоў «Масей вернецца сюды зноў. Але тады ягонае Забесяддзе будзе ўжо бязлюднае, у вялікай хваробе, якую ва ўсім свеце назавуць Чарнобылем!..».
У 1944-м гэтую страшную бяду ніхто прадбачыць, вядома, не мог. А горыч вымушанага расстання з Радзімай была моцнай. Дзянісу Зазыбу, які адчуваў, што траціць сына назаўсёды, здавалася нават, што той будзе толькі «мыкацца, гараваць па чужых краёх. А гэта, бадай, горай, чым адседжваць новы тэрмін на Калыме ці Пячоры».
Такія Зазыбавы думкі з рамана «Не ўсе мы згінем» паказваюць, што Дзяніс Яўменавіч ніяк не здагадваўся, што ягонаму Масею выпадзе не самы горшы, а ў нечым яшчэ і шчаслівы лёс, і яўна недаацэньваў здольнасць нашай тагачаснай таталітарнай сістэмы здзекавацца з чалавека, люта распінаць яго і ўрэшце ператвараць у лагерны пыл. Але пры ўсім тым старэйшы Зазыба цяпер куды больш рэалістычна глядзіць на некаторыя рэчы. Ён перастае наракаць, што сын «незаконна», «не па чыстай» вярнуўся са зняволення (яго адпусціў канвойны) і тым самым кідае цень на «заслужанага бацьку». Пракурорскі тон у дачыненні да вымучанага лагернай жорсткасцю хлопца паступова змяняецца на натуральную чалавечую спагаду да яго. Не менш істотна, што Дзяніс Яўменавіч вызваляецца ад свайго пэўнага фальшу і, зразумела, вымушанага хваласпеву савецкай уладзе і яе непагрэшнасці ва ўсім. А гэта значыць, што знікае той налёт саўковасці, які раней у Зазыбы ўсё ж адчуваўся, хоць і не быў такім моцным, як у Чубара і іншых зусім «правільных», цалкам артадаксальных партыйцаў.
Ёсць у двух апошніх раманах перамены і ў поглядзе на калгасы. Раней пісьменнік мусіў трохі прыхарошваць калгаснае жыццё. Рабілася гэта пераважна праз выказванні асобных персанажаў, а не праз канкрэтныя дэталі, якія, як мімаходная згадка пра хату Ганны Карпілавай, што «палохала сваімі пустымі кутамі і голымі сценамі», супрацьстаялі такому прыхарошванню. І яно зусім знікае ў раманах «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы згінем». Больш таго, у «Вяртанні да віны» ідзе размова і пра ўзброенае супраціўленне сялян калектывізацыі. Тут упамінаецца Бешанковіцкае антыкалгаснае паўстанне, пасля падаўлення якога «нямала было арыштавана мужыкоў, расстраляна, як кажуць, на скорую руку, а найбольш вывезена ў Сібір, на Поўнач, дзе толькі ставала калючага дроту ды назіральных вышак».
Вельмі непераканальна выглядала ў тым жа «Плачы перапёлкі» далёкае ад рэальнага стану рэчаў падкрэсліванне вялікай сялянскай адданасці калгаснаму ладу, з-за якой верамейкаўцы і пры нямецкіх фашыстах нібыта не хацелі распускаць калгас і толькі бралі агульную маёмасць на захоўванне да вяртання бальшавікоў. У рамане «Не ўсе мы згінем», цяпер у адпаведнасці з жыццёвай праўдай, верамейкаўцы ўжо суцяшаюць сябе спадзяваннем, што пасля вайны калгасаў увогуле не будзе, і не спяшаюцца «зноў абагульняць зямлю і маёмасць».
Дзяніс Зазыба, хоць ён раней («Плач перапёлкі») як быццам бачыў у калгасе ўвасабленне сваёй мары, успрымае аднаасобніцкія схільнасці землякоў з натуральным спакоем разумнага селяніна.
І ўсё ж вобраз старога Зазыбы ў апошніх раманах яўна драматызуецца і ўрэшце становіцца бадай што трагедыйным: чалавек, які з адкрытай душой змагаўся за новы лад, прымаў актыўны ўдзел ва ўзброенай барацьбе за яго ўсталяванне, з цягам часу пачынае ўсведамляць, што з дапамогай насілля нельга вырашаць усе жыццёвыя праблемы. «Праўду не заўсёды робяць шабляй», — так фармулюе для сябе гэтую ісціну Зазыба, які і сам у канчатковым выніку апынуўся, па сутнасці, ля разбітага карыта — у спаленай вёсцы, без жонкі, забітай партызанамі, і сына, які хоць і застаўся жывы, але мусіць уцякаць з радзімы, назаўсёды пакідаючы адзінокага бацьку. І гэта была трагедыя не толькі Зазыбы, але ў пэўным сэнсе і ўсёй Беларусі, якая за гады вайны страціла многіх сваіх дзяцей.
Натуральна, што ў такім завяршэнні лёсу галоўнага героя бачыцца ўскладненне чыгрынаўскага погляду на вайну, у паказе якой цяпер таксама на поўную сілу загучалі трагічныя ноты. Вядома, пісьменнік, у адрозненне ад многіх сваіх папярэднікаў, і раней не націскаў толькі на яе гераічнасць, а імкнуўся, як сам казаў, адлюстраваць драматызм вайны «ў яе звычайным, будзённым цячэнні». Але ў апошніх раманах увага мастака ўсё больш засяроджвалася на вайне як трагічным «замарачэнні», якое аплочваецца вялікай народнай крывёю. Гэта блізкія і самому аўтару думкі Зазыбы з рамана «Вяртанне да віны», сама назва якога добра выяўляе зрухі ў чыгрынаўскім бачанні ваеннага часу. Растлумачваючы гэтую назву ў інтэрв’ю 1994 года, празаік падкрэсліў: «У вайну было вельмі многа вінаватых. Нават тыя вінаваты, хто віноўнымі сябе не лічаць. Пралітая людская кроў — гэта ўжо віна, а тады колькі яе пралілі, людской крыві. Хіба можна гэта апраўдаць?» Такое выказванне было ўжо ў пэўнай меры і палемікай пісьменніка з самім сабою. Яно азначала, што Чыгрынаў імкнуўся надаць адваротны сэнс назве свайго рамана (другога па ліку) «Апраўданне крыві».
Читать дальше